Выбрать главу

У гэтую пару пісьменнік прывучае сябе да большай маштабнасці бачання, да шырыні ахопу падзей. Перадваеннае жыццё, ваенныя і пасляваенныя гады — усё звязвае творчая фантазія ў адну плынь, мастак вядзе героя да поўнага раскрыцця яго лёсу. У аповесцях «Апошняя сустрэча», «Галя» і шэрагу апавяданняў выкарыстана катэгорыя гістарычнага часу для мастацкага пазнання і ацэнкі чалавечых характараў. Паказ чалавека, уключанага ў плынь гісторыі, назіранне за яго самаразвіццём на працягу дзесяткаў гадоў павышае мажлівасці мастацкага сінтэзу, робіць болып важкай ацэнку. Час фармуе героя, герой па-свойму ўвасабляе плынь часу. Зразумела, што чалавеку не магчыма быць гатовым, закончаным ідэалам; добра, калі ён заўжды хоча ім быць, калі ідзе да вяршынь ідэалу праз перашкоды, захапленні і расчараванні, узлёты і зрывы, калі ўмее стаць героем у вырашальныя моманты жыцця або калі знаходзіць сілу прызнаць і выправіць дапушчаную памылку. Чалавек не можа быць іншым, бо ён жывы і ён жыве. Рух вобразаў-характараў у ранніх творах пісьменніка часта перадаваўся апісальна, цяпер ён робіць гэта заглыблена, у плане псіхалагічнага сінтэзу, як і належыць дасведчанаму чалавеку і мастаку.

Не толькі творы для дарослых, але і апавяданні для дзяцей — «Зорка на спраяогы», «Сняжок і Волечка», «Жыў-быў вожык», «Ветэрынар» — закранаюць падзеі, далёкія па часе, але сугучныя па гуманістычным каларыце. Жыццё паўстае ў іх як з'ява мнагапланавая, а чалавек — як істота, якая заслугоўвае і прызнання, і патрабавальнай спагады, і зразумення. Янка Брыль імкнецца не пераступіць той мяжы, за якою спачуванне можа стаць патураннем; ён мужна асуджае заганы, якіх дараваць нельга (апавяданне «Глядзіце на траву»). У імя ідэалаў чалавечага братэрства, на якіх стаіць свет сацыялізма, трэба быць справядлівымі ўсім і кожнаму. Героі Брыля праходзяць складаныя жыццёвыя кругі, гэтыя людзі памыляюцца і вяртаюцца да саміх сябе. Праўда, памылкі могуць стаць і сцяною і пропасцю, якая аддзяляе людзей, адлучае іх ад шчасця, бо шчасце мажліва толькі пры поўным зліцці чалавека з ідэалам нашага часу. Імкненне да ідэалу, да ўдасканалення пісьменнік з асаблівай любасцю выяўляе ва ўчынках яшчэ зусім маленькіх дзяцей. Яго цешыць, што гарадскі хлопчык Юрка затужыў недзе на чарнаморскім курорце па свойскіх жывёлах, па роднай прыродзе, якую нібы ілюстраваную кнігу гартаў, а цяпер яму так захацелася яе прачытаць. Другі хлопчык, герой апавядання «Зорка на спражцы», перажывае наіўны парыў грамадзянскай салідарнасці, ён ідзе «на падмогу» партызану. Нараджэнне вышэйшых чалавечых пачуццяў, маральных і патрыятычных ідэалаў часта з'яўляецца крыніцай глыбокай радасці, паэтычнага захаплення, якім свецяцца апавяданні Брыля для дзецей і пра савецкіх дзяцей.

Пошукі важкіх праблем, асваенне новых жанраў і прыёмаў пісьма, якія вёў пісьменнік у 50-я гады, абудзілі ў яго рашучасць зноў прыступіць да рамана. Трывога і адказнасць за праўдў веку прывялі мастака да няздзейсненага, ён крытычна агледзеў свае набыткі, і сумленне зноў спынілася на адкладзенай колісь тэме фашызму.

Апублікаваны раней цыкл апавяданняў «Ты мой лепшы друг» — толькі штрыхі таго, што ведаў і меўся сказаць пісьменнік пра зараджэнне і небяспеку карычневай чумы. Апавяданні гэтыя не зусім дэмантавалі аповесць «Жывое і гніль», адкуль іх павысмыкваў аўтар. Аповесць легла ў аснову рамана «Птушкі і гнёзды».

Паездкі ў 50—60-я гады за мяжу, блізкае знаёмства з жыццём Польскай Народнай Рэспублікі, дзе грамадская думка была асабліва чулай да сімптомаў адраджэння фашызму ў Заходняй Еўропе,— усё гэта дапамагло Янку Брылю глыбей адчуць актуальнасць таго жыццёвага матэрыялу, які захоўваўся ў дамашнім архіве і ў памяці. Тут, мабыць, дарэчы сказаць пра асабістае жаданне Янкі Брыля абнародаваць нарэшце біяграфію свайго пакалення, вынесці на грамадскі суд жыццё сумленных савецкіх людзей, чые складаныя дарогі да Радзімы нярэдка бянтэжылі суайчыннікаў, непакоілі адказных работнікаў, выклікалі перастраховачныя меры, крыўдныя і абразлівыя для чалавечай годнасці. Праўдаю мастацкага слова пісьменнік імкнуўся ўмацаваць маральна-палітычную згуртаванасць нашага народа, які ўзбагаціўся новым асэнсаваннем сваёй гісторыі на знамянальных партыйных з'ездах. Часта лічаць, нібыта права на аўтабіяграфічныя творы дае толькі шаноўны ўзрост і ўласцівая гэтаму ўзросту прыўзнятасць над дробнымі амбіцыямі, будзённаю таўкатнёй і над паказною ўяўнай сціпласцю. У гэтым жа выпадку пісьменнік атрымліваў паўнамоцтвы свайго пакалення і заказ ад самой сучаснасці.