У лірычным прадспеве да свайго рамана — «біяграфіі адной душы», аўтар сціпла агаварыў сваю ролю: «Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека — які ён ёсць, які ён будзе або павінен быць»62.
У назве рамана Янкі Брыля — старадаўні вобраз-сімвал. Чатыры з паловай стагоддзі таму назад, выдатны гуманіст Францыск Скарына ўвёў гэты вобраз у прадмову да першай беларускай кнігі: «Птицы, летающие по воздуху, ведають гнезда своя...— тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Скарына зведаў гэтыя пачуцці пералётных птушак, калі ездзіў па навуку ў Польшчу і Італію, калі друкаваў у чэшскай Празе сваю «Библию руску», а потым вёз яе на радзіму, рызыкуючы трапіць на зубы фанатычным пратэстантам ці на касцёр каталіцкай інквізіцыі. Быццам рэха паўтарыла цераз стагоддзі гэтую адвечную ісціну пра птушкі і гнёзды ў рамане Янкі Брыля: «Птушка і тая з чужых краін дамоў ляціць, а гэта ж чалавек!» (321) У чалавека сувязь з радзімай мацнейшая, чым птушыны інстынкт. Гэта па сабе ведае земляроб з-пад Любчы Змітрук Саладуха, адзін з тых трох мільёнаў беларусаў, якія нават не спазналі на сабе сапраўднага клопату радзімы. Улады буржуазнай Польшчы адзелі Змітрука ў салдацкі мундзір, далі ў рукі вінтоўку і паслалі на вайну; так па злой чужой волі ён стаў палонным фашысцкай Германіі, выгнаннікам, бяспраўным нявольнікам, дармовым парабкам баўэраў і бюргераў. «Каб таму, браце, рукі адсохлі, хто гэты свет зрабіў такім дурным,— скардзіцца і абураецца іншы палонны Уладзік Бутрым.— I людскія і нелюдзі — на ліха яны мне, немцы? За якія грахі я павінен ім тут адрабляць?» (78) З Бутрымам дружыць галоўны герой рамана Алесь Руневіч. Думкі і пачуцці палонных ахоплены спачатку адным жаданнем — дадому, да родных гнёздаў, да новага жыцця. У верасні 1939 года гісторыя вярнула іх сем'ям радзіму. Вольная радзіма, Савецкая Беларусь парывае іх сэрцы. Палонныя дачакацца не могуць той шчаслівай мінуты, калі Радзіма назаве і іх сынамі, дапаможа вярнуцца дамоў, яны ўцякаюць з лагераў, цягнуцца, як птушкі па зорах, да родных гнёздаў, іх тропяць жандарскія аўчаркі, іх шлюць у штрафныя роты, а яны ізноў спрабуюць дапяць свайго! Руневіч з Бутрымам таксама рвануліся. Тры тыдні брылі яны праз палі, лугі і пералескі, узяўшы напрамак па зорах на ўсход. I таксама папаліся. Сябры гатовы паўтарыць усё ад пачатку, яны яшчэ не разумеюць, што такія стыхійныя ўцёкі — благое выйсце з іх цяжкой жыццёвай сітуацыі. Неўзабаве, аднак, фашысты размеркавалі палонных па нацыянальнай прыналежнасці і адправілі на вольнае пасяленне. Уцёкі, здавалася б, сталі лягчэйшымі, але на самай справе — немажлівымі: уцякач з вольнага пасялення, калі б яго злавілі, трапіў бы не ў штрафную роту таго ж лагера для палонных, а ў лагер смерці як палітычны вораг трэцяга рэйха. Падаўшы дакументы ў савецкае паспрэдства, заставалася адно — чакаць рашэння.
Да іх ужо падбіраюцца няпрошаныя апекуны. Буржуазныя нацыяналісты, што схаваліся ад гневу свайго народа пад крысо «вялікай Нямеччыны», называюць сябе землякамі, закідваюць вуды ў натоўп змардаваных няволяю людзей. Палонныя шукаюць выйсця. Ініцыятыўная група вырашае звярнуцца за парадай і дапамогай у Савецкае пасольства. Дэлегатам едзе Алесь Руневіч. У пасольстве раяць прасіць Савецкі ўрад прысвоіць ім савецкае грамадзянства, тады яны законным шляхам вернуцца дамоў. Усё тут проста, але нялёгка. Рознымі хітрыкамі пароблены фотаздымкі, употай запоўнены анкеты, напісаны заявы, засталіся яшчэ толькі нейкія дробныя фармальнасці. Палонныя сняць радзіму, жывуць прадчуваннем свабоды, рыхтуюцца стаць дастойнымі яе сынамі. Але Германія вераломна напала на СССР. Спачатку была надзея на хуткую перамогу Чырвонай Арміі, потым сэрцы апякаў боль нашага адступлення. Ізноў ажыў, падказаны адвечнай цягай птушак да гнёздаў, план уцёкаў. На гэты раз вырашылі ўцякаць арганізавана, прадумана — раствараючыся невялікімі групамі ў масе цывілыіых пасажыраў, якія, хоць была вайна, ездзілі з Германіі ў акупаваную Польшчу, а тым больш у Прусію.