Выбрать главу

Мастацтва пазнае сутнасць жыцця пры дапамозе чалавека, чалавечага лёсу, характару. Чым багацей асоба, якая канцэнтруе ў сабе жыццёвую плынь, тым болып глыбокае і паўнакроўнае адлюстраванне рэчаіснасці ў мастацкім творы. Янка Брыль паставіў на пярэднім плане вобраз Алеся Руневіча, свайго аднагодка, маладога вясковага хлопца з чыстым вясёлым сэрцам і фантазіяй мастака. Паколькі асноўны герой па прыродзе мастак, дык і эстэтычнае даследаванне жыцця працякае ў творы як бы на двух узроўнях: спантаннасць пачуццяў шчырага, уважлівага, сумленнага юнака, прыхільніка маральна-філасофскіх ідэй Л. М. Талстога дапаўняецца канцэптуальнасцю мыслення, уласцівай ужо сталаму савецкаму пісьменніку, у якога — матэрыялістычнае светаразуменне, сучаснае ўяўленне пра эстэтычны ідэал, свой стыль і манера пісьма. Цікава адзначыць, што вобразы жыцця, якія ўзнікаюць у свядомасці Руневіча, носяць агульны характар, гэта вобразы-прынцыпы, даведзеныя ледзь не да ўмоўнасці сімвалаў, сам жа аўтар дапаўняе той юначы сінтэз аналізам на сённяшнім узроўні, ён як бы раскрывае, расшыфроўвае тыя сімвалічныя малюнкі, што ўзнікалі ва ўяўленні палоннага юнака ці прыходзілі да яго як успаміны-лятункі. У працэсе гэтай аўтарскай інтэрпрэтацыі зместу эмацыянальных сінтэтычных вобразаў паглыбляецца ідэйна-эстэтычнае ўспрыманне і ацэнка рэчаіснасці. Праўда, пісьменнік не ментар свайму герою, ён старэйшы друг, які ўмее захаваць некранутымі колішнія думкі і пачуцці Алеся, радуючыся сугучнасці іх са сваімі сённяшнімі.

У свядомасці Руневіча фашызм асацыіраваўся з разбушаваным натоўпам, тупым вахманам і хіжымі «казённымі вачыма».

Павадкі здзічэлага натоўпу Руневіч пабачыў у першы ж дзень палону, на турэмным двары, куды іх, жаўнераў польскага войска, загналі пераможцы. Цвяляцца эсэсаўцы, бушуюць малойчыкі з гітлерюгенда. Ударамі ботаў пад бакі яны паднімаюць змардаваных людзей, ставяць у шарэнгі і штурханцамі ды лаянкай заганяюць у турэмныя камеры. Асабліва агідным было для Алеся беспакаранае нахабства падлеткаў. Другі раз Алесь адчуў на сабе агідны юр натоўпу, калі ехаў у вагоне вузкакалейкі. Эсэсаўцы, якія занялі асобную частку вагона, пачалі гарлапаніць ваяўнічыя фашысцкія маршы. I гэтая оргія агрэсіўнасці была жахлівай, як масавае шаленства. Трэці выпадак — фольксфэст, «народнае гулянне». П'яная табала вайсковых і цывільных, старых і маладых мужчын буяніць, шалее, пагражае разваліць цэлы свет. Усе тры карціны напластоўваюцца адна на другую, Руневічу робіцца нязносна, ён пакутуе, ненавідзіць і пратэстуе кожнай клетачкай душы. Усё ўнутры ў яго пераварочваецца, яму сорамна і брыдка прысутнічаць пры выбухах цёмнай сілы ў натоўпе. Асабістыя ўспрыманні героя аўтар пашырае на ўвесь фашызм як сацыяльную з'яву, фашызм — гэта здзічэнне ўласніцкага грамадства, закон і розум заменены тут культам сілы і ўлады. Гэты культ мае свае рытуалы, якія асвячаюць манію ўладарніцтва, агрэсіі, разбою. Фюрэр у гэтых рытуалах замяняе бога.

Антыподам натоўпу з'яўляецца арганізаваная маса. У пачатку рамана мы бачым лагер ваеннапалонных салдат — шталаг, у ім кішыць разнамоўная табала людзей, калі можна так сказаць, чалавечы сырэц у стане нейкай касмічнай туманнасці. Алесь Руневіч глядзіць на гэтую стракатую мешаніну з унутранай дапытлівасцю: яна інтрыгуе хлопца нябачанай разнастайнасцю нацыянальных і расавых прыкмет, вабіць экзотыкай. Палоннаму нумар 133 нават прыемна загубіцца ў натоўпе і спакваля назіраць, слухаць, параўноўваць і думаць, «што ёсць жа на гэтым шалёным свеце куток, дзе любяць, нябось, і цябе» (27). Сноўдаючыся па шталагу, герой, як толькі ўмее, адганяе тугу і сумоту, чакае добрых вестак, перамен, нейкіх збавенных падзей. I недарма. У чалавечай стыхіі, дзесьці ў глыбінях, тлеюць грамадскія пачуцці, вось яны разгараюцца агеньчыкамі, і перад здзіўленым Руневічам адбываецца цуд нараджэння калектыву: самадзейны аркестр польскіх матросаў дае канцэрт у гонар палонных англічан, таксама матросаў, якія мужна абаранялі Нарвік. Руневіча расчуліла гэтая сцэна салдацкай салідарнасці, ушанаванне мужнасці. Залезшы на страху барака, ён слухае, як самадзейны аркестр іграе знаёмую мелодыю «Галубкі», і думае пра гераізм і герояў, пра нацыянальную годнасць, пра ганебны недахоп гэтай годнасці ў некаторых землякоў са шталага. Узнёслыя, радасныя настроі пераходзяць у смутак, боль і тугу па радзіме. Збліжаючыся з далёкімі, незнаёмымі людзьмі, ужываючыся ў іх настроі, палонны хоча глыбей зразумець самога сябе, усвядоміць сваю чалавечую вартасць, сцвердзіць сябе, сваю асобу, але яго намаганні нібы хада па лёдзе, юнак не знаходзіць счаплення з зямлёй, і гэта абвастрае духоўную драму.