Выбрать главу

Руневіч шукае выйсця, ён спрабуе аб'яднаць землякоў знаёмаю з маладых год ідэяй самаадукацыі. Гэты занятак супакойвае: землякі, якія раней былі проста натоўпам, цяпер набываюць нейкі воблік мэтанакіраванай грамады. Аднойчы згуртаванасць масы палонных беларусаў праявілася ў дзеянні. Яны выступілі з пратэстам супраць здзекаў скнарлівага адміністратара маёнтка пана Штундэра. Па збегу выпадкаў Алесь Руневіч быў аб'яўлены завадатарам «путчу». Збіты прыкладамі вахманаў, пастаўлены пад расстрэл, «памілаваны» адпраўкай у штрафную роту, юнак вытрымлівае гэтае выпрабаванне, ён удзячны калектыву, які маральна падтрымаў яго, і Алесь узвышаецца ў сваіх уласных вачах. Ён па-свойму шчаслівы, што ўзяў віну і пакуту на сябе і пастаяў за праўду.

Яшчэ больш моцны калектыў ваеннапалонных узнікае на шклозаводзе Баераў. Гэты калектыў ставіць больш высокую мэту: рыхтаваць палонных да вяртання ў СССР. Яны рашаюца вярнуцца пісьменнымі людзьмі і свядомымі грамадзянамі, каб не было ім сорамна перад новай сацыялістычнай радзімай. Руневіч і тут становіцца ініцыятарам вучобы, ён сам вучыць малапісьменных землякоў, хоць даводзіцца зносіць здзеклівыя прыдзіркі вахмана. Адчуўшы сябз настаўнікам, Алесь Руневіч смела змагаецца з нацыяналістычнымі агітатарамі, якіх засылае да іх, палонных-беларусаў, так званае «беларускае прадстаўніцтва» паляваць на «беларускія душы» яго вучняў. Руневіч перамагае і адчувае ўжо не слодыч пакуты за ўсіх, як тады ў маёнтку, а радасць пераможцы. Гэтую радасць раздзяляюць з ім і сябры няволі.

Такім чынам, Алесь Руневіч — гэта юнак са здаровымі і багатымі грамадскімі пачуццямі, калектывіст па схільнасцях і выхаванні. Асабістая абаяльнасць, адукаванасць і ініцыятыўнасць міжвольна выводзяць яго наперад у масе ваеннапалонных, ускладаюць абавязак быць правафланговым не толькі па росту.

Параўноўваючы функцыянальнае прызначэнне масавых сцэн, калі арганізавана дзейнічаюць палонныя, са зборышчамі натоўпу, дзе шалеюць фашысцкія фанатыкі, можна прадоўжыць агульныя разважанні: у калектыве асоба ўсведамляе сваю годнасць і грамадскую вартасць, а ў натоўпе яна разбэшчваецца і дзічэе. Каб заімпанаваць зборышчу на турэмным двары жорсткасцю, нейкі лейтэнант-эсэсавец зрывае акрываўленыя бінты з галавы палоннага паляка-касінера. У фінальнай сцэне фольксфэсту п'яны мардаты фельдфебель залез з нагамі на святочны стол і пад рогат натоўпу пачаў акрапляць прысутных і ежу, дэманструючы «культ натуры» ў дзеянні. Лейтэнант, фельдфебель, вахан — усё гэта ва ўспрыманні Алеся Руневіча абломкі звыраднелага антысвету — фашызму. Паказаўшы фашыстаў завадатарамі натоўпу, пісьменнік тонка выявіў сацыяльна-псіхалагічныя карэнні і сутнасць гэтага звыраднення.

Напружаная ўспрымальнасць Руневіча вылучае з акаляючай яго рэчаіснасці яшчэ трэці эстэтычна мінусавы вобраз-сімвал: «казённыя халодныя вочы». Вобраз гэты вузейшы, чым папярэднія, але таксама ёмісты, змястоўны. Сімвал гэты ўведзены ў канцы дзевятага раздзела, і яму даецца роля кампазіцыйнага вузла, пры дапамозе якога падводзяцца вынікі даследавання фашызму. Халодныя вочы і халодны стальны кінжал належаць канваіру, які суправаджае палонных чырвонаармей-цаў. Алесь Руневіч па аналогіі прыгадвае літаральна такія ж вочы Рудзі Драгайма, салдата-адпускніка, якога сантыментальная і набожная маці называла птушаняткам. Такія ж вочы былі і ў лётчыка, які ашукаў і зганьбіў наіўную шчабятуху Марыхен. «Якіх толькі зверстваў, чаго яны толькі не могуць бачыць спакойна, тыя прагныя і халодныя вочы?.. Кроў і слёзы людзей, і старых, і жанчын... На ўсё глядзяць яны з усмешачкай вышэйшасці...» (315) Гэта, напэўна, ацэнка не Руневічава, а Брылёва, сучасная ацэнка, выснаваная на падставе выкрытых сёння фашысцкіх зверстваў. А Руневіч тады, звяртаючыся ў думках да ўладальніка халодных і жорсткіх вачэй, да нацыста-звышчалавека, заяўляе: «Я цяпер ведаю, што цябе пройме. Толькі сапраўдная сіла — з зарадам святой чалавечай нянавісці!..»

Адказ на пытанне, адкуль жа бяруцца гэтыя людзі-аўтаматы з казённымі вачыма, людзі, якім варта толькі сысціся разам і яны тут жа ўтвараюць дзікі агрэсіўны натоўп, адказ мы знаходзім, знаёмячыся з побытам і норавамі нямецкіх мяшчан, бюргераў і баўэраў, каўбаснікаў і фабрыкантаў, наглядчыкаў і адміністратараў. Для вясковай і гарадской разнавіднасцей мяшчанства як сацыяльнага асяроддзя ўласціва агульная псіхалогія: яны — механічныя грамадзяне, вернападданыя, нявольнікі славутага «парадку». Псіхіку мешчаніна пісьменнік прасочвае ў зухаватым прыгажуне Хельмуце, што можа адзін раз паказырыцца салдацкаю «салідарнасцю» з палоннымі, за якімі наглядае, можа і падтрымаць іх пратэст супраць адміністратара маёнтка Штундэра, які абражаў годнасць былых салдат, трактуючы іх як жывёлу. Але гэтаму фанабэрыстаму зушку нічога не значыць перамяніцца, перакуліцца ў абаронцу інтарэсаў Штундэра і, пахваляючыся перад натоўпам вясковых разявяк сваёю бязмежнай уладай, разыграць расстрэл завадатара. Мяшчанствам навылет пратухлі вахманы, якія канваіруюць і вартуюць палонных. Гэта настолькі стандартныя людзі, што часам здаецца, быццам у рамане дзейнічае адзін вахман у розных сітуацыях і ў розных масках. Толькі вострая ўспрымальнасць Алеся робіць іх запамінальнымі. Сімвал веры гэтых людзей — парадак, яны слугі парадку, нявольнікі прускай дысцыпліны. Астаючыся сам-насам з палоннымі, канвойны можа часам выказаць і незадаволенасць вайною, ён хацеў бы, каб яна скончылася хоць заўтра, але пры адной умове: «Орднунг муст абэр зайн!.. Хто ж пакарае праклятую Англію?» (147)