Як заўважыў Руневіч, у асобе мешчаніна вельмі лёгка ўжываюцца раб і дэспат. Дробныя мясцовыя фюрэры, ахоўнікі «чысціні расы», вартавыя парадку ў нейкім шалёным экстазе публічна задавальняюць цёмны інстынкт падпарадкавання і прагу ўладарнічання. Стрыжань фашысцкай дактрыны — гэта міф пра ўяўную перавагу немцаў над іншымі народамі. Ваеннапалонныя, змардаваныя паняверкай і голадам, якраз і павінны былі сваім выглядам і паводзінамі пацвярджаць тупому мешчаніну непаўнацэннасць людзей іншых нацый. Тых немцаў, у каго хапала розуму, каб не верыць у нацысцкія міфы,— прымушалі сілаю, «апрацоўвалі» духоўна і фізічна. Дзяўчыну, якая пасябравала з палонным, абстрыглі і вадзілі па вёсках на ганьбу ёй і на страх усім іншым, раённая газетка ганьбіла дабрадушную немку-салдатку толькі за тое, што яна падарыла палоннаму насоўку. Пагрозамі, страхам і хлуснёй фашысты дабіваліся свайго — адчужэння нямецкай нацыі ад цывілізаванага свету і ператварэння яе ў паслухмяную зброю імперыялістычнай палітыкі разбою. На сімпатыях абывацеля заважылі вайсковыя поспехі Гітлера ў Еўропе. Сіла і ўдачлівасць імпануюць вернападданым, а нястойкіх праціўнікаў прымушаюць змаўкаць.
Вельмі рэдкія выпадкі пратэсту супраць фашызму бачылі палонныя з боку немцаў. На шклозаводзе Алесь Руневіч нават сумеўся, калі ўбачыў, як малады рабочы тоўк дарагія хрустальныя вазы. Але гэта быў пратэст адчаю: бацьку гэтага рабочага расстралялі фашысты, а яго самога меліся прызваць у армію і паслаць на Усходні фронт. Бедалага Шмідтке, ужо мабілізаваны салдат фюрэра, перад адпраўкай на фронт прызнаўся палоннаму сам-насам, што не будзе ваяваць супраць Саветаў і пры першым зручным выпадку здасца ў палон. Парабак Ракаў шэптам расказаў Алесю антыгітлераўскі анекдот. Але ўсё гэта асобныя выпадкі. Ды хіба гэта — супраціўленне? Алесь разумее практычную мізэрнасць такіх праяў пратэсту і нязгоды. «Што ж,— гаворыць ён,— кожны з нас бачыў такога ці іншага Шмідтке. Аднак не яны вырашаюць» (301). Гэта сапраўды так. У часе, калі ў бюргераў і баўэраў кружыліся галовы ад перамог вермахта на еўрапейскім мацерыку і ў Афрыцы, пра сур'ёзнае супраціўленне нацызму ўнутры Германіі нельга было думаць. Вопыт гісторыі паказаў, што сваімі сіламі нямецкі народ не змог пазбавіцца ад дыктатуры нацыстаў аж да капітуляцыі Германіі. Толькі супольныя намаганні многіх краін і народаў, якія ўтварылі антыгітлераўскую кааліцыю, прынеслі вызваленне нямецкаму народу ад гітлерызму. Алесь Руневіч не быў дасведчаным палітыкам, але здароваю інтуіцыяй, прадбачлівасцю мастака ўлоўліваў заблытанасць грамадскіх працэсаў і пакрыўленасць асноўных маральных нормаў у фашысцкай Германіі. Ён сам, яго сябры заўважалі, што большасць сумленных немцаў не прымае «новага парадку» і ўпотай спадзяецца па сілу Чырвонай Арміі. Чакалі і яны, палонныя, нават не пасіўна. Алесь Руневіч і яго адзінадумцы шукалі спосабаў супраціўлення. Сваімі паводзінамі і нават выглядам яны імкнуліся падкрэсліць простым немцам, што не маюць у сабе комплексу ніжэйшасці, пра які трубілі нацысты. Яны давалі зразумець, што не мірацца з паніжэннем чалавечай і нацыянальнай годнасці. Формы іх супраціўлення часта былі наіўнымі, а маштабы сціплымі, але за гэта нельга вінаваціць людзей, якіх сама гісторыя паставіла ў канкрэтныя рамкі абмежаванасці — задоўга да палону і ў часе яго.
Са сказанага відаць, што добрыя пажаданні некаторых крытыкаў аўтару рамана — адлюстраваць арганізаваную барацьбу супраць фашызму ў Германіі 1939—1941 гадоў — не маюць падстаў. Гэта пярэчыць гістарычна-канкрэтнаму падыходу да рэчаіснасці, які абавязаны захоўваць пісьменнік і крытык, калі ён стаіць на грунце сацыялістычнага рэалізму.
У Алеся Руневіча — светлае разумнае сэрца мастака. Яно, як компас, падказвае, куды імкнуцца, як жыць. Ідучы за голасам сэрца, ён знаходзіць падтрымку і апору, калі не ў знешнім рвеце, дык у самім сабе, у сваёй дасціпнасці, назіральнасці, у асацыяцыях і, на благі канец, у сваёй памяці, ва ўспамінах аб вольным колішнім жыцці. Мы ўпершыню бачым Руневіча і знаёмімся з ім у штрафной роце, калі юнак ляжыць, прыпаўшы грудзьмі да зямлі па камандзе старшага унтэра Шранка. У вачах штрафнікоў зморанасць і схаваная нянавісць, «а вось смяшынкамі свецяць толькі адны вочы.
Усміхаецца правафланговы» (7). Нават грозны выклік яго прозвішча па лагернаму рэпрадуктару не гасіць у Руневіча гумару. Ён умее пасмяяцца над мізэрненькім выглядам канвойнага. «Ну і чмысік у фатэра,— сам сабе ўсміхаецца Алесь, супакоены не вельмі ўжо і прыкрым паваротам справы.— Як тая ціўка на вясельным караваі» (53). Нават у сцэне імітацыі расстрэлу Руневіч едка смяецца над ганарлівым пустальгой Хельмутам. «Мы мочымся серабром»,— успомніўся яму ў адказ на напышлівыя пагрозы трапны выраз Рэмарка (22). Іранічная ўсмешка не сходзіць з твару Алеся, калі ён сустракаецца з парадоксамі жыцця фашысцкай Германіі, звар'яцелай ад разбойных трыумфаў на пачатку другой сусветнай вайны. Ва ўменні абараняцца смехам ад уздзеяння масавых псіхозаў раскрываюцца духоўная сіла героя, устойлівасць яго маральных пачуццяў і перакананняў. Зразумела, у яго становішчы абараняцца не лёгка. Палонны падпарад-каваны сіле зброі, яму можна захоўваць пераважна незалежнасць погляду, унутраную нязгоду. Алесь помніць і пра гэта: інтуіцыя і самакантроль падказваюць яму водараздзел, за якім можа ісці паніжэнне, ганьба, падзенне.