Выбрать главу

У пачатку палону герой нібыта не разумеў яшчэ абмежаваных мажлівасцей самаабароны. Спадзеючыся на тое, што збаўленне прынясе гісторыя і савецкая Радзіма, ён вучыўся быць вынослівым, цярплівым, часамі як бы хаваўся ва ўспаміны дзяцінства і юнацтва — той шчаслівай пары, калі чалавек жыў у адноснай згодзе са светам. Самыя дарагія вобразы ў яго ўспамінах — маці, старэйшы брат Толя, затым аднавяскоўцы, такія мілыя і здольныя людзі, а над усімі імі ўзносяцца духоўныя настаўнікі — геніі чалавецтва, творы якіх адкрылі Алесю вочы на свет, дапамаглі ісці да сэнсу жыцця і цяпер застаюцца маральнымі дарадчыкамі і памочнікамі.

Мары, успаміны — не проста лекі ад душэўнага болю і не проста сродак захаваць у чысціні сваю душу, зберагчы чалавечую годнасць. Не, у Руневіча гэта было чымсьці большым: параўноўваючы натуральнае бясхітраснае жыццё земляробаў, якое ён ведаў і якім жыў калісьці, з тым, што ён бачыў цяпер, Алесь балюча адчуваў, што фашызм апаганіў і знішчыў спракаветныя чалавечыя каштоўнасці, стаў ворагам людзей, ворагам цывілізацыі.

Малюнкі ўспамінаў у рамане сапраўды раскошныя. Ідэалізаваныя вобразы далёкай радзімы ўспамінаюцца Руневічу па кантрасту з тым, што ён бачыць тут, у фашысцкай бярлозе. А яшчэ больш бяруць за душу тыя мары, што прыходзяць да яго па аналогіі. Нямецкая жанчына, якая накарміла змардаваных уцекачоў ды яшчэ дала кусок сала на дарогу, запала ў душу Руневіча, апынулася нават дзесьці побач з вобразам роднай маці. Народная прыказка, якую сказала яна на развітанне: «Увесь свет адзін дом»,— кранула Алеся ледзь не да слёз (124). Гэтыя і іншыя сустрэчы ўмацавалі яго веру ў народ, носьбіта жыцця, дабраты і чалавечнасці.

А паэтычна прыўзнятыя вобразы дзяўчынак і дзяўчат: палячка Стася, «што паўтыкала ў высокае шэра-блакітнае неба сем зорак Вялікай Мядзведзіцы...» (152), немка Крыстэль, што бесклапотна пела свае дзіцячыя песенькі са звонкім рэфрэнам «піліп-сі-сі», яны сугучны вобразам Алесевай пляменніцы Волечкі, якая некалі раней абуджала ў дзіцячай падсвядомасці героя таемную патрэбу чалавечай любасці, пяшчоты, шчасця. Усё гэта эпізадычныя, але вельмі ёмістыя ў ідэйных і мастацкіх адносінах вобразы. Яны сімвалізуюць радасць быцця, пробліск жьтццёвых сіл, хараства. Поўныя чысціні і пяшчотнай любасці вобразы дзяўчынак-падлеткаў нясуць у рамане ідэю натурал-нага хараства чалавека, дзіцяці прыроды, не сапсаванага нялюдскімі абставінамі і законамі грамадства. Яны жывы пратэст супраць бяздушнасці, жорсткасці.

Чэшская дзяўчынка Іржынка, нібыта ў сне, падарыла палоннаму салодкае адчуванне «ды ці было гэта?», яна чымсьці падобная на зямлячку Алеся Ніну Чамірка, што прыйшла да яго пад родным небам у хлапечыя сны.

Вобразы дарослых дзяўчат: Анхен, Іржынкі і Ніны ўносяць у платанічныя пачуцці Алеся Руневіча нейкую ахмяляючую трывогу, хоць ён і ведае, што кожная з іх — гэта не тая адзіная, сустрэчы з якой ён затоена чакаў і будзе чакаць. Гэта чаканне адзінай, суджанай, чаканне сапраўднага пачуцця, неразменнага шчасця прыдае інтымнаму свету Алеся маральную чысціню і цэльнасць.

Персанажы ў рамане Янкі Брыля дзейнічаюць і раскрываюцца, а яшчэ яны групіруюцца паводле эстэтычных якасцей і ацэньваюцца Руневічам: распуснік і халуй Цярэнь кантрастуе з Саладухам, носьбітам прастадушнай сялянскай цнатлівасці, палонны Букраба нагадвае атупелых нямецкіх робатаў Вольфа і безыменнага батрака, гурток Крушыны і Руневіча поўная супрацьлегласць буржуазна-нацыяналістычнай хеўры Бязмена і Карнача.

Некаторыя крытыкі дакаралі Янку Брыля за перапоўненасць рамана ўспамінамі героя; гэтыя кампаненты выдаваліся ім чуллівымі і не абавязковымі. Мажліва, сям-там аўтар і занадта шчодры, аднак з боку мастацкай дасканаласці малюнкі, якія ўспамінае герой, не ўступаюць па жывасці сцэнам яго рэальнага жыцця. Што ж датычыцца эстэтычных ацэнак, якія атрымлівае прырода і людзі, дык яны больш дакладна ўзважаны і вывераны, чым у замалёўках з натуры. Для выяўлення характару духоўнага стану і псіхічнага складу героя яны абсалютна неабходны. Без іх Руневіч не быў бы мастаком. Успаміны і лятункі прадугледжаны задумай вобраза. У іх адбываецца самараскрыццё Руневіча як натуры паэтычнай. Хараство, вернутае паэтычнай памяццю, ураўнаважвае недахоп яго ў рэальным жыцці палоннага паэта. Хвалюючая свежасць успамінаў прыдае вобразу Руневіча жыццёвую пераканальнасць, мы верым, што гэта даравіты мастак, надзелены эмацыянальнай памяццю, плённым творчым уяўленнем і гуманістычным поглядам на свет.