Выбрать главу

Успаміны радзімы такія цудоўныя, што часта здаецца, нібыта яны і ёсць само жыццё, а не плады фантазіі. У харастве і жывасці гэтых малюнкаў сцвярджае сябе паэтычны талент Руневіча: так успамінаць, так уяўляць і марыць — вялікі дар. Вобразы-ўспаміны засведчылі гуманістычную прыгажосць чалавека, якога паніжаў і ўраўноўваў фашызм, жадаючы зрабіць робатам парадку.

Ва ўспамінах Руневіча сабрана багацце маральных ідэалаў народа, тых духоўных каштоўнасцей, якія могуць стаць асноваю прымірэння людзей добрай волі, прымірэння дзеля барацьбы супраць сіл вайны і чалавеканенавісніцтва. Успаміны Руневіча сведчаць пра ўмельства Брыля маляваць хараство народнага жыцця, якое ён выпрацаваў, ствараючы аповесці «У сям'і», «Сірочы хлеб», «Граніца», «На Быстранцы» — творы маляўнічыя, лірычныя, прасветленыя гуманістычным святлом.

Заўважым іншае: удзельная вага ўспамінаў паступова змяншаецца разам з развіццём дзеі рамана. Тут ёсць свая логіка: герой уцягваецца ў знешнюю дзейнасць, духоўная работа падрыхтавала яго да гэтай справы, ён шукае дзейсных сродкаў самаабароны і вызвалення: рыхтуецца да ўцёкаў, спрабуе ўцякаць на радзіму, церпіць няўдачы, уступае ў вострыя калізіі з фашысцкімі ўладамі і законамі, прытым не адступае ад свайго намеру, не даецца запалохаць.

Няма гаворкі, Руневіч па сваёй натуры, па свайму характару, па звычках і выхаванні — не палітычны важак, ён мае здольнасці палітычнага барацьбіта бадай што ў той толькі меры, у якой мастацтва з'яўляецца палітыкай. З пачатку палону герой яшчэ недастаткова ініцыятыўны, ён ашаломлены вайной, якая загнала яго ў лагер, ён яшчэ малады, не абабіты жыццём, і, натуральна, яму хочацца па звычцы салдата бачыць перад сабою постаць кагосьці сталейшага, камандзіра. Старэйшы за Руневіча, ужо і жанаты, хоць малапісьменны, Бутрым займеў уплыў на яго. Алесь гатовы слухаць Бутрыма як важака. Але паступова юнак сам набіраецца сілы і пачынае праяўляць ініцыятыву: наладжвае адукацыйныя курсы, дае бой (адзін за ўсю грамаду) нацыяналістам-агітатарам, вядзе захады, каб вярнуць лепшую частку палонных на радзіму, рыхтуе новыя ўцёкі шырокага маштабу. Руневіч і ў апошнім выпадку доўга іграе другую скрыпку, ідучы за заснавальнікам іх гуртка, паэтам-камуністам Крушынай, але недзе на ўзлёце заўважае чалавечыя слабасці Крушыны і пачынае адчуваць сябе «нават старэйшым за саракагадовага, бывалага і разумнага чалавека, паэта і камуніста» (219). Юнак адчуў перавагу свайго таленту. Гэта не шырыня плячэй змагара, а разлёт крылляў мастака. Мастаком ён застаецца нават і ў партызанах, дзе крытычны і праўдамоўны дзед Гаварэнь кажа хлопцу ў вочы, што не ён самы лепшы коннік. I пры ўсім гэтым Алесь Руневіч — баец, змагар ідэйнага фронту. Работа, якую правёў ён у палоне, гуртуючы людзей, даючы ім прыклад і настройваючы супраць фашызму, а галоўнае, збіраючы абвінаваўчы матэрыял супраць фашызму, выключна важная, унікальная. Мы бачым, прачытаўшы раман, што на ідэйна-мастацкім фронце змагання сярод палонных не было байцоў, якія зраўняліся б з Руневічам. Нават Крушына ўступае Руневічу, бо мастацкі талент Крушыны прыкметна слабейшы, а постаць яго драбнейшая.

Вобраз Алеся Руневіча — творчая ўдача Янкі Брыля. Ён узбагачае беларускую літаратуру, якая з моманту свайго адраджэння зрабіла вобраз паэта-патрыёта, песняра-будзіцеля, вешчуна народнай долі карэнным сваім героем. Сярод папярэднікаў і настаўнікаў Янкі Брыля тут былі Генрых Сянкевіч з яго «Янкам-музыкантам», Уладзімір Караленка з яго «Сляпым музыкантам», а галоўнае, Якуб Колас з яго «Сымонам-музыкам» і Андрэем Лабановічам. Прадаўжаючы гэтую слаўную традыцыю, Янка Брыль здолеў зрабіць яшчэ адно адкрыццё. Яго герой сумясціў у сабе лёсы герояў Коласа, стаў мастаком і барацьбітом, антыфашыстам, партызанам. Ён пайшоў у сваім грамадзянскім развіцці далей, у адпаведнасці з патрабаваннем часу і абставін.