Выбрать главу

Чытач, мабыць, памятае мініяцюру пра цыгана-музыку са зборніка «Жменя сонечных промняў». Там ёсць эпізод, як адзін са спадарожнікаў аўтара навёў на цыгана фотаапарат і зняў яго, а няшчаснаму чалавеку здалося, што той з фотаапаратам — прадстаўнік жахлівай памяці «цывілізатараў», тых нелюдзяў, што ў вайну знішчылі яго сям'ю. Цыган-музыка ўцякае з аўтобуса. Прызнацца, прачытаўшы гэтае месца ў мініяцюры, я рашыў, што пісьменнік выдумаў псіхалагічную матывіроўку. Фатаграфаваў цыгана я сам і не заўважыў, каб той спалохаўся. А тое, што ён раптам сышоў на прыпынку, я ўспрыняў як эксцэнтрычную выхадку хворага чалавека. Пачаў я распытваць у таварышаў-снадарожнікаў — Брыль меў рацыю. У сваю чаргу я мог бы сёе-тое дадаць да напісанага ім з пункту гледжання практычнай логікі падзей і зрокавых дэталей.

Янка Брыль схоплівае чалавека і чалавечае ў далікатных адценнях эмоцый, а расказанае кімсьці можа прыгадаць і паўтарыць, перадаючы ўсе вострыя выразы ў іх жывым інтанацыйным гучанні. Узнаўляючы менавіта жывое гучанне гаворкі, ён адначасна як бы неўпрыцям каменціруе, прыцэньваецца і ацэньвае гуманістычную каштоўнасць запамятанага. Я не раз здзіўляўся яго ўчэпістай памятлівасці. Аднак пісьменнік не зусім давярае сваёй адменнай выспецыялізаванай памяці. Яшчэ ў пачатку 50-х гадоў, у час нашых вандраванняў па заходніх абласцях, Янка часта пачынаў новы дзень з таго, што заносіў у блакнот перажытае ўчора. Гэта нібы малітва ўдзячнасці жыццю за тыя дары хараства і пазнання, якія ўчора яно захацела адпусціць мастаку.

Між іншым, Янка Брыль не хаваецца са сваімі нататкамі, не абводзіць іх німбам таямнічасці. Ён лічыць іх такой жа натуральнай справай, як эцюды ў жывапісца. Помню, аднойчы на Кромані, пасля цяжкога вандроўнага дня і неспакойнай ночы (у Налібоцкай пушчы тады пастрэльвалі яшчэ недабітыя фашысцкія паслугачы), Янка Брыль на світанні дастаў блакнот і кажа мне: «Ты браў акварэльныя фарбы, давай намалюй усход сонца над возерам, а я апішу. Потым пакажам адзін аднаму». Так і зрабілі. Кромань ён параўнаў з блакітным вокам пушчы, якое таямніча і мудра глядзіць у неба з-пад засені веек-сітнягоў. Гэты вобраз увайшоў у яго падарожны нарыс, што друкаваўся дзесьці ў газеце і паўтарыўся ў адной з мініяцюр.

Дарожныя запісы Янкі Брыля або цалкам уваходзяць у творы, або становяцца штуршком для стварэння карціны прыроды, ці ключом да якогасьці чалавечага характару, ці, нарэшце, проста штрыхом, рысачкай. Найбольш цэльным пашанцуе стаць самастойнымі творамі-мініяцюрамі, што мяжуюць паміж навелай, вершам і афарызмам.

Гэты першы «палявы» этап работы пісьменніка мае ў сабе шмат імпрэсіўнасці, ён цякучы, зменлівы, эфемерны, тут непазбежны выпадковасці, суб'ектыўнае перабольшванне і заніжэнне. Але, мне здаецца, этап гэты вельмі важны, бо толькі яго інтэнсіўны і плённы ход гарантуе будучаму твору свежасць, багацце фарбаў, шчырасць інтанацыйнага гучання. Я хачу падкрэсліць, што ў Янкі Брыля першыя вобразныя ўяўленні не маюць той закончанасці, пра якую казаў Радэн, яны характарызуюцца напружанасцю і зменлівасцю. Мажліва, таму, што пісьменнік увекавечвае не момант, а працэс. Толькі рэдкім задумам шанцуе канчаткова скласціся ў структурныя сістэмы на першай стадыі творчай апрацоўкі і пераліцца на паперу гатовымі творамі. Ды і то гэта пераважна творы дробных жанраў, для якіх эмацыянальная свежасць, зыркасць ды інтанацыйная шчырасць — дастатковыя паказчыкі мастацкасці. Мне вядома ўсяго некалькі «паўнаметражных» апавяданняў, напісаных экспромтам, гэта: «Мой зямляк», «Казачок», «Ліпа і клёнік», «Галя».

Памяць Янкі Брыля эмацыянальнага тыпу з музычна-інтанацыйнай арыентацыяй. Колькі я памятаю, ён усё скардзіцца, што не запамінае твараў людзей, а толькі мову. Значная частка запамятанага і запісанага — ужо толькі сырэц, накіды, штрыхі настрояў і думак, гаваркія словы, якім, каб стаць кампанентамі будучага твора, трэба пабываць у творчай кузні або, як сказаў бы Гегель, прайсці другую стадыю ачышчэння духам, у часе якой імпрэсіі, эскізы, схопленыя з лёту, адбіраюцца, асэнсоўваюцца, шліфуюцца, аблушчваюцца са шкарлупін выпадковасці, падганяюцца і складваюцца ў сістэму твора, сугучную папярэдняй задуме, падмацаванай светаадчуваннем і эстэтычным ідэалам. Вядома, сама задума не даецца ў гатовым выглядзе, яна таксама вырастае з завязі, наліваецца сокамі, выспявае ў рабоце ў працэсе вобразнага мадэліравання матэрыялу. Не выключана, што рост задумы можа часам перайначыць папярэдняе аўтарскае ўяўленне і намер. У працэсе працы канкрэтызуецца мэта зносін з чытачом, а значыць і задума. Ёсць на гэтым этапе і небяспека збіцца з папярэдняй унутранай задумы. Цяпер трэба, хоць гэта неймаверна цяжка, праявіць волю, бо чым бліжэй канец работы, тым цяжэй нешта змяпіць, а найцяжэй перарабляць ужо апублікаванае. Там, сапраўды, спатрэбіцца падняцца над сабою, гэта значыць, праявіць самакрытычнасць сапраўды бязлітасную.