Выбрать главу

Холад (да княгіні). Бачыла, багі зноў пацвердзілі свой выбар!

Рагнеда (сумна і злосна). Багі нашы сапраўды вельмі настойлівыя ў сваім жаданні. Асабліва ты, вядун!

Рагнеда ў суправаджэнні ведуна, які штосьці даводзіць ёй, пакідае ахвярную паляну.

У Рагнедзіным доме на Лыбядзі ў Кіеве Ізяслаў з радасцю кідаецца да чалавека, які расчыняе перад ім дзверы. Гэта — Фар, выхавацель велікакняскіх дзяцей.

Iзяслаў. Дзядзька Фар!..

Фар. Не забыў мяне ў сваім далёкім Ізяславе, княжыч?

Iзяслаў. Сам бачыш, не!

Фар. А я ўжо каторы дзень пасылаю людзей на бераг Дняпра, чакаем ладдзю.

Ізяслаў (усё яшчэ радуючыся). Мы — конна! Нам з дружыннікам матухна дазволіла ад Турава сесці на коней.

Фар. Ну і як? (Ляпае княжыча па клубах.) Не набіў мазалі?

Ізяслаў. Я ў сядле добра трымаюся.

Фар. Далёка адсюль твой Ізяслаў? Я ўсё прыкідваю ў галаве, дзе ён? Знаю, што ў Полацкай зямлі.

Ізяслаў. О, дзядзька Фар! Туды доўга ехаць, а яшчэ даўжэй плысці. Калі з Кіева, то спярша па Дняпры, пасля па Бярозе, затым ужо наша Свіслач. Горад наш яшчэ далей. На самым пачатку яе. Скажы, Фар, а як тут мае браты, сёстры? Маці найперш прасіла паклапаціцца пра іх.

Фар. Што тваім братам ды сёстрам? Яны ў Кіеве. Гэта ты, небарака, у глухамані. Але цяпер, думаю, усё мінецца. Вялікі князь нездарма адтуль выклікаў. Як княгіня?

Ізяслаў. Доўга сумавала. Цяпер гаспадыняй жыве ў нашым замку.

Фар. Спалохалася, калі ганец па цябе прыскакаў?

Iзяслаў. Яна ж — маці!..

Фар. Так, маці.

Ізяслаў. А навошта мяне бацька паклікаў? Дараваў мне ўчынак той?

Фар. Тваім учынкам кожны бацька павінен ганарыцца, княжыч. Праўда, спярша гарачка розум затлуміла. Ну, ды не мне судзіць князёў. А навошта паклікаў цябе бацька, дакладна не ведаю… Але не хвалюйся. Ты пакуль з дарогі памыйся, з братамі пагавары. Ты ж помніш іх?

Ізяслаў. Братоў помню. I Мсціслава, і Усевалада, а сясцёр — не.

Фар. Цяпер тут і Яраслаў жыве. Сёстры, як і ты, на маці падобны, а браты — на бацьку.

Ізяслаў. А Яраслаў — хіба наш?

Фар. Раз выхоўваўся з вамі, значыць, ваш.

Iзяслаў. Скажы, Фар, а ўвогуле… дзяцей у вялікага князя многа?

Фар. Адных сыноў — дванаццаць. Акрамя вас, што нарадзіла Рагнеда, — Вышаслаў, Святаполк, Святаслаў, Барыс, Глеб, Станіслаў, Пазвізд, Судзіслаў… Ну, а дзевак, дык… Ладна, княжыч, у нас часу пагаварыць яшчэ будзе. Ты тут прывыкай пасля дарогі, а я наведаюся ў замак, скажу вялікаму князю, што ты прыехаў. Гэй! (Пляскае ў далоні.) Хто там, нясіце княжычу Ізяславу чыстае адзенне, няхай умываецца ды адзяваецца! Ды паклічце да яго братоў і сясцёр!

Фар выходзіць. Сапраўды, пакуль Ізяслаў умываўся ды адзяваўся з дапамогай прыслужніка, да яго прыбеглі браты-падлеткі, сёстры меншага ўзросту.

Усевалад. Дарэмна не паспеў на хрышчэнне ў Кіеў! Ці, можа, знарок спазніўся?

Iзяслаў. Дарога вялікая.

Усевалад. Дзе гэта твой горад?

Ізяслаў. Як табе сказаць? Усе пытаюцца, дзе Ізяслаў, я тлумачу, а па вачах бачу, што мала хто разумее, дзе гэта. Трэба было сесці, брат, на каня ды разведаць дарогу да нас. А разам — і маці пабачыць. Нябось забыў нават аблічча яе?

Усевалад. Ты так гаворыш, быццам мы знарок?

Мсціслаў. Я добра помню маму. Нават помню, як вы з ёй ад’язджалі з Кіева.

Ізяслаў. А я вось гэтага якраз і не помню. Што было да таго, помню, а як пакідалі Кіеў — забыў.

Усевалад. Горад твой завецца па табе?

Iзяслаў. Так хацеў вялікі князь, а наш бацька Уладзімір Святаславіч. Горад будаваў для нас ён.

Мсціслаў. Пачакай, Усевалад, няхай Ізяслаў раскажа пра маму.

Першая княжна. Ага, няхай!

Ізяслаў (глядзіць на іх). Вы — мае сёстры?

Другая княжна. Сёстры, сёстры!

Ізяслаў. Які лёс у нас!.. Мець бацьку і маці, а жыць паасобку. Мама часта ўспамінае вас, тады плача, як успамінае.

Першая княжна. Яна прыгожая?

Iзяслаў. Як і вы!

Сёстры шчасліва смяюцца.

Мсціслаў. Вы, сарокі белахвостыя, клікалі б брата ў трапезную. Нябось галодны?

Ізяслаў. Не, голад чамусьці прапаў. Убачыў вас, і голад прапаў.

Другая княжна. Гэта, брацік, ад радасці. Мы таксама рады табе. (Пытаецца ў сястры.) Праўда?

Першая княжна. Праўда, праўда!

Ізяслаў. А вас — пахрысцілі ўжо ў новую веру?

Усевалад. Усе мы цяпер хрысціяне. Цябе, відаць, таксама бацька паклікаў у Кіеў дзеля гэтага.

Ізяслаў. А як… ну як хрысцяць?

Мсціслаў. Я табе раскажу.

Першая і другая княжны. Раскажы, раскажы!

Усевалад. Ціха, сарокі!

Мсціслаў. У Кіеў бацька вярнуўся з Корсуня з царыцай і адразу загадаў скінуць з гары ідалаў, адных — пасекчы, другіх — спаліць.

Першая княжна. Ты яму пра Перуна раскажы.

Мсціслаў. Не перабівай! А то абедзвюх выставім за дзверы.

Заходзіць Фар.

Фар (да Ізяслава). Ну, княжыч, можаш радавацца: вялікі князь сказаў зараз жа прывесці цябе. Абедаць будзеш ужо, няйначай, у бацькі.

Мсціслаў. Фар, мы яму не дагаварылі!

Фар. Дасць Бог, паспееце нагаварыцца.

Мсціслаў. Мы яму не дагаварылі, як людзей у Кіеве хрысцілі!

Фар. Хадзем, хадзем, Ізяслаў! (Да Мсціслава.) Я сам раскажу яму.

Першая і другая княжны (наперабой). Фар, прывядзі яго зноў да нас!

Фар. Прывяду, прывяду.

Ізяслаў і Фар ідуць па сцэне.

Iзяслаў. Ты, Фар, не даведаўся, дзеля чаго выклікаў мяне вялікі князь?

Фар. То яму аднаму ведама. Хадзем.

Ізяслаў. А што з Перуном было?

Фар (махае рукой). Ат, з ім зрабілі тое самае, што і з іншымі старымі багамі. А вось тут, па берагах гэтага Ручая, ішлі кіяўляне на Дняпро прымаць новую веру.

Ізяслаў. А што на гэта гаварылі язычніцкія святары?

Фар. Княжыч, запомні — тут паўсюды воля вялікага князя, яго ўлада над усім і над усімі. Прыехаўшы з Корсуня, ён адразу ж загадаў прывязаць Перуна да конскага хваста, і той валачыў яго з гары па Барычову ўзвозу да Ручая, а дваццаць дружыннікаў беглі следам, дубасілі старога бога жэзламі.