Ізяслаў. А што ж кіяўляне? Што яны?
Фар. Няверныя, канечне, плакалі, гледзячы на ганьбаванне, нават з плачам суправаджалі свайго бога да самага Дняпра. Але вялікі князь загадаў і далей адпіхваць Перуна. Сказаў: «Калі прыстане дзе да берага, адпіхвайце яго. А калі пройдзе парогі, тады толькі пакіньце яго». Няверным жа тым часам загадаў сказаць: «Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі — ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб — будзе мне вораг!» На другі дзень узышоў вялікі князь з папамі царыцынамі і корсунскімі на бераг Дняпра, куды збіраліся натоўпам кіяўляне, пагнаў людзей у ваду, і там яны стаялі ў ёй па грудзі, а папы хрысцілі іх малітвамі, стоячы на беразе.
Ізяслаў. Няўжо, Фар, увесь Кіеў дабрахотам з’явіўся на хрышчэнне?
Фар. Сам жа чуеш, княжыч, вялікі князь пагражаў. Але многія з горада паўцякалі. Гэта дакладна вядома. Так што на нашай зямлі цяпер адным часам і паганскія багі, і новы, Ісус Хрыстос. I доўга яны будуць змагацца за душы людзей. Міне многа-многа часу, а на зямлі ў нас будуць прыхільнікі старой і новай веры. Але вялікі князь, пакуль жывы, не адступіцца, будзе гнаць з зямлі старую веру.
У замку, куды неўзабаве прывёў Фар княжыча Ізяслава, сустрэў іх вялікі князь Уладзімір Святаславіч. Суровы і не зусім ветлівы, Уладзімір доўга глядзеў на сына. Хто ведае, можа, здалося раптам бацьку, як стаў гэты сын яго ў абарону маці, княгіні Гарыславы. (Сцэна: няйначай, усё-ткі «ўбачыў» ён тую раніцу, прыйшла яна цяпер да яго, як насланнё.) Нарэшце вусны вялікага князя разышліся ва ўсмешцы, ён заплюскаў вачамі, яўна адганяючы ад сябе насланнё.
Уладзімір. Ты, Фар, можаш ісці. Пакінь нас адных. (Ступае да сына.) Як даехаў, сын?
Iзяслаў. Дзякаваць багам.
Уладзімір (зноў хмурачы лоб). У нас тут, у Кіеве, цяпер адзін Бог.
Ізяслаў. Так.
Уладзімір. Але пра багоў пасля. Ну-тка, выцягвай з ножнаў свой меч. (Крычыць.) Гэй, хто там, прынясіце мой меч! (Да княжыча.) А то вырас ты, бачу, з вежу, а вось якая рука ў цябе.
Вялікаму князю падносяць меч.
Трымайся! I не зважай, што перад табой вялікі князь, а твой бацька. Успомні, як кідаўся некалі абараняць маці!
Iзяслаў. Бо малы быў…
Уладзімір. Такога саромецца не варта. Іншая справа, што ў бацькі дараваць прасіць усё роўна калі, а давядзецца, аднак саромецца таго ўчынку не трэба. Ну, пачалі.
Вялікі князь і княжыч пачынаюць змагацца на мячах. Уладзімір адчувае, што сын добра валодае зброяй, крычыць: «Хвалю, Ізяслаў, хвалю!» — і спрытным ударам выбівае з рукі яго меч. Ізяслаў колькі часу стаіць збянтэжаны. Уладзімір аддае дружынніку свой меч, падыходзіць да сына, ляпае па плячы.
Значыць, недарэмна траціў час. Адчуваецца дзедава рука, ды і бацькава таксама.
Iзяслаў. Якога дзеда?
Уладзімір (амаль злосна). Не так важна! Я вось дзеля чаго цябе паклікаў у Кіеў, Ізяслаў. Хачу пасадзіць нарэшце сваіх большых сыноў на сталы ў гарадах. Вышаславу даю Ноўгарад. Святаполку — Тураў, Яраславу — Растоў. Табе, Ізяслаў,— Полацк, вотчыну твайго дзеда Рагвалода.
Ізяслаў. А што атрымаюць мае аднаўтробныя браты — Усевалад, Мсціслаў?
Уладзімір. Гэта мой клопат. Ты пра іх не турбуйся. У іх таксама ёсць бацька. Але яны яшчэ не ў гадах. Пасля атрымаюць сваё, дарма што гарадоў у маёй зямлі пакуль не хапае. (Смяецца.) Сыноў у вялікага князя кіеўскага больш, чым гарадоў. Трэба пачынаць ставіць іх паўсюды — і на Дзясне, і на Трубежы, і на Суле. Мсціславу, як падрасце, думаю аддаць Цьмутаракань, а Усеваладу — Уладзімір. Як жа твой горад выглядае цяпер?
Iзяслаў. Расце.
Уладзімір. Няхай Ізяслаў застаецца маці. А сам едзь у Полацк. Хіба не рады?
Iзяслаў. Радасць вялікая.
Уладзімір. Думаю, што атрымаць дзедаву вотчыну — гэта акурат дакрануцца гарачай рукой да радасці. У Полацку дасюль былі мае пасаднікі. Па чарзе, вядома. Цяпер ты будзеш там законным князем. Вялікі стол па-ранейшаму застаецца за мной тут, у Кіеве. Гэта ты павінен ведаць і шанаваць. У астатнім — Полацкі стол твой.
Ізяслаў. А зямля дзедава?
Уладзімір. Зразумела, што табе аддаецца пры гэтым уся Полацкая зямля, якой некалі валодаў дзед Рагвалод. Відаць, ты цяпер станеш высвятляць, што адбылося ў Полацку, калі ішоў я з Ноўгарада ў Кіеў. Табе нагавораць усялякага, толькі слухай. Маці, няйначай, таксама галаву задурыла сваёй нянавісцю. Урэшце, яе зразумець можна. Але слухай, што скажу я.
Iзяслаў. Слухаю, вялікі князь.
Уладзімір. Я напаў на Полацк і загадаў расправіцца з князем Рагвалодам. Перш за ўсё таму, што той увесь час спрабаваў адваёўваць у Ноўгарада воласці, якія ніколі не належалі яму. Па-другое, у вайне, якую вёў Ноўгарад, дзе я княжыў, Полацк падтрымліваў Кіеў, а князь Рагвалод хацеў мець за зяця Яраполка. Твой дзед па матчынай лініі, Ізяслаў, быў, такім чынам, маім ворагам. Не знішчыўшы ягонага гнязда, я не стаў бы вялікім князем у Кіеве. Разумееш?
Ізяслаў. Так.
Уладзімір. Цяпер я прыняў новую веру. I як сказаў апостал Павел: «Усе мы, хто хрысціўся ў Ісуса Хрыста, у смерць яго хрысціліся, дакладней, мы хаваліся з ім, хрышчэннем гэтым, у смерць, каб як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славай Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці». Ты з гэтага зразумеў што-небудзь?
Iзяслаў. Словы твае невыразныя пакуль.
Уладзімір. Так вучыць апостал Павел, адзін з тых, хто быў разам з Ісусам Хрыстом.
Ізяслаў (ківае галавой). Мне аб гэтым расказваў праваслаўны прэсвітэр Апанасій, што прыходзіў да нас у Ізяслаў.
Уладзімір. Я, сын мой, аддаючы табе Полацкі стол, хачу, каб ты разумеў: мінулае прайшло, цяпер усё будзе па-новаму. Але стол атрымаеш пасля таго, як прымеш новую веру. Без гэтага я не дам табе Полацкага княства.
Ізяслаў. А што старыя багі? Як мне са старой верай быць?
Уладзімір. Гэта не вера была. Звычайнае замарачэнне. Таму са старымі багамі ў сваім княстве мусіш зрабіць, як зрабіў я тут, у Кіеве. Нябось чуў?
Iзяслаў. Фар мне расказаў.
Уладзімір. Тым лепш. Бацькава воля павінна быць выканана цалкам. Я не стану доўга затрымліваць цябе ў Кіеве. Пакуль справа дойдзе да твайго хрышчэння, падбірай сабе людзей, з якімі паедзеш у Полацк. Многа адсюль не бяры. Дружыну набярэш там. А пасаднік мой табе дапаможа. Галоўнае, збяры вакол сябе разумных людзей. Слухайся іх, але і свой розум таксама май. Каго ты адсюль возьмеш? Прасі!
Iзяслаў. Нікога тут пакуль не ведаю. Але таго дружынніка, што прыязджаў да нас ганцом, дазволь узяць у Полацк.
Уладзімір. Бяры.
Ізяслаў. I Фара мне дай.
Уладзімір. А братоў тваіх ды сясцёр хто выхоўваць стане? (Падумаўшы.) Ладна, пагавару з Фарам. Яшчэ каго?
Ізяслаў. Дазволь пажыць трохі ў Кіеве, агледзецца.
Уладзімір. Добра. Але ўсё роўна доўга не затрымлівайся. У Полацку чакаюць новага князя.
Iзяслаў. Ведаюць — каго?
Уладзімір. Чакаюць, але пакуль не ведаюць. Аб гэтым знаем ты ды я. Запомні, сын: даўняе прайшло, за яго больш не трымайся, цяпер будзе ўсё новае; мы былі пагразнулі ў цемнаце і грахах; цяпер наблізілася да нас выратаванне, ноч прайшла, а дзень наблізіўся.