Выбрать главу

Да вогнішча падыходзіць паляўнічы.

Паляўнічы. Нешта даўно не чуваць загоншчыкаў.

Лоўчы. А яны не будуць гнаць сюды мядзведзіцу. Як высачаць яе, Гарабой адразу прышле чалавека. Яна ж не ў берлагу. Увесь час рухаецца.

Ізяслаў. Добра было б, калі б адшукалі яе па той бок Свіслачы. Сабакі б пагналі сюды праз раку. А мы — насустрач.

Паляўнічы. Дрэнна, што яна цяпер лютая.

Iзяслаў. Станеш лютай.

Лоўчы. Я пра гэту мядзведзіцу чуў даўно. Але не сустракаў у лесе. Недзе ж і мядзведзь прыходзіў сюды, раз дзіця ў яе з’явілася.

Паляўнічы. Гэта пэўна ўжо. (Адыходзіць ад вогнішча.)

Лоўчы. Ты б заснуў, княжыч, пакуль што да чаго.

Ізяслаў. Паспім пасля палявання. Ты вось гаварыў пра кніжкі. Помню, бацька любіў, каб яму чыталі іх манахі.

Лоўчы. Кніг цікавых, княжыч, сапраўды шмат. Але пра тутэйшую зямлю мала. Таму і расказваюць аб адным і тым жа кожны па-рознаму. Я вось раскажу табе, княжыч, калі не спіцца, як пасылаў сватоў твой бацька з Ноўгарада ў Полацк. Гэта на маіх вачах было. Я і сам адзін раз ездзіў у такім пасольстве разам з іншымі отракамі да твайго дзеда Рагвалода, каб аддаў за нашага князя сваю дачку, цяперашнюю тваю маці.

Ізяслаў. Расказвай. (Узяў палена, паварушыў ім у вогнішчы; зноў снапом паляцелі ўгору іскры.)

Лоўчы. Да маці тваёй сватаўся вялікі князь Яраполк, які сядзеў тады на стале ў Кіеве. I яна давала згоду пайсці за яго. Уладзімір таксама дачуўся пра яе прыгажосць. А найбольш, можа, хацеў выступіць супроць брата Яраполка, бо пасля вяртання з-за мора меў моцную дружыну і пасягаў у думках на Кіеўскі стол. Было гэта якраз перад паходам на Кіеў.

Iзяслаў. Браты заўсёды варагавалі?

Лоўчы. Можа, таму, што яны толькі па бацьку браты. Маці ў іх былі розныя. Нават з розных земляў.

Iзяслаў. Мы таксама ад розных маці. Мсціслаў з Усеваладам мае адзінаўтробныя браты. Святаполка нарадзіла грачанка, Вышаслава — чахіня, балгарыня — Барыса і Глеба, а ёсць яшчэ Святаслаў і яшчэ адзін Мсціслаў. Бачыш, усіх нават пералічыць цяжка!

Лоўчы. Так, вялікі князь мае моцны корань. Але калі хочаш, княжыч, то слухай, як прыязджалі мы ў Полацк да твайго дзеда Рагвалода.

Ізяслаў. Расказвай.

Лоўчы. Прыйшлі мы да Рагвалода ў замак і кажам: «Князь ноўгарадскі Уладзімір паслаў нас да цябе сказаць, што хоча дачку тваю Рагнеду ўзяць сабе ў жонкі». А дзед твой адказвае: «Трэба спытаць у дачкі». Паклікаў княжну, пытае яе пры нас: «Хочаш за Уладзіміра?» — «Не, — кажа княжна, — не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка».

Да вогнішча падбягае Гарабой.

Гарабой. Дзе княжыч?

Лоўчы. Ну вось, не далі дагаварыць. А можа, гэта к лепшаму, княжыч. У тваім узросце не пра ўсё належыць ведаць. Пасталееш — тады ўжо. Міма нічога не праляціць. I добрае, і благое. (Да Гарабоя.) Дык што там у вас здарылася?

Гарабой. Поблізу замка зноў мядзведзіца ходзіць!

Ізяслаў. I ваўчыца там?

Лоўчы. Звер звера палюе.

Ізяслаў. А можа, яны абедзве на людзей палююць — і ваўчыца, і мядзведзіца?

Лоўчы. Урэшце, хто іх ведае.

Ізяслаў. Значыць, пераплываць раку ўсё-такі давядзецца ёй, а не нам?

Лоўчы. А калі яна кінецца ў другі бок?

Гарабой. Усё роўна яе смерды павернуць да нас. Цяпер ёй ад нас не ўцячы. Загадвай трубіць, княжыч.

Iзяслаў. Зараз?

Гарабой. Так.

Ізяслаў. Гэй, трубы!

Чуюцца паляўнічыя ражкі. На паляне ўсе на нагах. Хапаюцца за зброю. Ізяслаў ляскае ў ножнах сваім мечам, спяшаецца да каня. За ім — лоўчы з рагацінай і сякерай. Зноў трубяць паляўнічыя ражкі. Аднекуль здалёку далятаюць чалавечыя крыкі, сабачы брэх.

Дзея другая

Раніца. Зыркае сонца. Па адкінутым драўляным мосце ў замак ідуць вясёлыя паляўнічыя. Паперадзе — княжыч Ізяслаў. Двое смердаў нясуць на жэрдцы мокрую, таму, відаць, цяжкую шкуру забітай мядзведзіцы. Насустрач праз мост спяшаецца Рагнеда.

Рагнеда. Каб ведаў ты, колькі я хвалявалася, сын! (Хоча абняць княжыча, але бачыць кроў.) Ты паранены?

Ізяслаў (радасны). Супакойся, мама. Гэта мядзведжая кроў. Запэцкаўся, калі шкуру здзіралі ды тушу секлі на кавалкі.

Рагнеда (з недаверам глядзіць на лоўчага). Ён праўду кажа?

Лоўчы. Праўду, княгіня. Але паказаў сябе гэты раз сапраўдным мужчынам.

Ізяслаў. Так, мама. Я яе…

Рагнеда. Хвалько ты, Ізяслаў. (Усё-ткі прытульвае сына, нягледзячы што кроў, да сябе.)

Лоўчы. Княжыч праўду кажа. Сёння ён мяне ад абдымкаў мядзведзіцы ўратаваў. Рагаціну яна выбіла з маіх рук, дык ён падхапіў і пад звера падставіў. Так што гэта цалкам яго паляўнічае шчасце!

Рагнеда. Не, лоўчы, не толькі паляўнічае. Мусіць, княжычу… Словам, рада бачыць вас усіх жывымі-здаровымі. Дзякуй за сына, паляўнічыя!

Лоўчы. Мядзведзіцу, дакладней, мяса, вязуць на кані. Куды яго, княгіня?

Рагнеда. А што, княжыч, можа, наладзім пір? Вялікі князь, а твой бацька, заўсёды пасля ўдалага палявання наладжваў пір. Ты таксама становішся магутны.

Ізяслаў. I паклічам сяброў.

Рагнеда. Дзе яны, тыя нашы сябры? У Полацкай зямлі, акрамя нас, князёў няма. Гэта трэба з Турава каго запрашаць, а то і з Польскай зямлі.

Ізяслаў. У мяне, мама, сяброў многа. (Паказвае на паляўнічых.) Вось глядзі!

Рагнеда. Гэта таму, сын, што ты яшчэ ніколі не адчуваў сябе князем. Ды і ці зведаеш калі такое пачуццё?

Чуюцца крыкі: «Коннік! Коннік!» Праз нейкі момант па мосце да натоўпу ледзь не подбегам набліжаецца дружыннік — ганец вялікага князя Уладзіміра.

Дружыннік (яшчэ не адрозніваючы нікога ў натоўпе). Вялікі князь Уладзімір патрабуе ў Кіеў свайго сына Ізяслава! (Нарэшце заўважае Рагнеду, апускаецца перад ёй на правае калена, схіляе галаву.) Княгіня, я да вас адразу з Корсуня. Сказана з’явіцца Ізяславу ў Кіеў!

Рагнеда. Чаму раптам у Кіеў, калі вялікі князь у Корсуне?

Дружыннік. Адтуль ён неўзабаве накіроўваецца ў Кіеў. Там патрэбны яму Ізяслаў.

Рагнеда. Аднаго?

Дружыннік. Сказана з’явіцца аднаму.

Рагнеда. Але чаму? Якая патрэба?

Дружыннік. Не хвалюйся, княгіня, я звычайна не прывожу з сабой дрэнныя весткі. Але чаму вялікі князь кліча Ізяслава ў Кіеў, таксама не ведаю.

Рагнеда. Устань. Даўно ў князя служыш?

Дружыннік. З тае зімы.

Рагнеда. А-а, балазе, што не помню цябе.

Дружыннік. І я першы раз цябе бачу, княгіня.

Рагнеда (да сына). Бачыш, княжыч, а мы толькі гаравалі, што гасцей няма дзе знайсці для піру.

Дружыннік здагадваецца, што перад ім Ізяслаў, схіляе галаву, а тады заўважае мядзведжую шкуру, прыходзіць у захапленне.