Выбрать главу

— Кабеты! — трохі з гумарам крыкнула Кацярына. — Дзяўчаты, мусіць, нас і за работнікаў не ўважаюць?! Старшыня! Я таксама хачу ў брыгаду.

— Ты, Кацярына, старэйшых збяры, — ціха падказала Ганна, але ўсе гэта пачулі.

Так ад размовы пра каналы, акіянскія караблі, пра цуды навукі і тэхнікі гутарка перайшла да надзённых, бытавых пытанняў жыцця Зялёнага Луга, і ў хаце стала горача, тлумна. Побач з Тодарам ужо стаяў Чарнушэвіч і адказваў на безліч пытанняў. Добра, што настаўнік здагадаўся адвесці да сябе прыезджага лектара, а то, не раўнуючы, астаўся б госць без вячэры. Нарэшце аформілі дзве жаночыя брыгады і, шумна перагаворваючыся, народ высыпаў з хаты. Тодар і Чарнушэвіч стаялі побач. Старшыня павёў чорным вокам на хлапца.

— Ты — неўрымсловы! — хрыпла сказаў.

Тодар пайшоў і адчыніў дзверы. У хаце было накурана, белым клубам уварвалася марознае паветра.

— Трэба прыслухоўвацца да людзей, — сказаў сакратар партарганізацыі, — да перадавых людзей. Мы з табой камуністы і наша справа ўзначальваць рух мас, накіроўваць яго ў адпаведнае рэчышча.

— Я, па-твойму, не звяртаю ўвагі на людзей? Адарваўся ад мас?

Тодар колькі хвілін пазіраў на Чарнушэвіча. Той стаяў у расшпіленым кажушку, а пад кажушком — кіцель з ордэнамі і медалямі. На плячах яшчэ знаць былі пасачкі ад пагон.

— Не, таварыш лейтэнант, я гэтага не сказаў. Аднак, ты слухаеш такіх людзей, якія не надта любяць новае, савецкае.

— Напрыклад?

Ружовыя Тодаравы шчокі як бы ад упартага Юркавага позірку пачалі бляднець, а вочы разам з гэтым — цямнець, і раптам у глыбіні гэтых заўсёды адкрытых, а цяпер неяк звужаных вачэй бліснуў агонь.

— Напраклад? Ты вельмі хочаш, каб я назваў прозвішча? Калі ласка! Хоць бы Шаршня.

Руку, якой абапіраўся аб стол, звяло ў кулак. Ім бы грукнуць па стале, але стрымаў.

— Гэта мой цесць, радня. Ды адкуль ты нарэшце ўзяўся такі? Камуніст!

Тодар ужо супакоіўся. Ён прычыніў дзверы. Добра, што маці затрымалася на вуліцы.

— Адкуль узяўся? Біяграфію? — Ён весела, па-хлапечаму, па-маладому. — Нарадзіўся тут, у Зялёным Лузе, і ведаю кожнага. Вучыўся, потым на вайну пайшоў. І вот там, перад адной атакай, прынялі ў партыю. Пытанняў няма, таварыш лейтэнант?

Чарнушэвіч сеў.

— Ты п’яны ці дурэеш.

— Не, я не дурэю, — Тодар апусціўся побач. — Я паважаю вас, як старэйшага, старэйшага і па гадах, і па званню, і па стажу. Аднак, я сказаў тое, што думаю. Табе здаецца, што гэты ліст — дробязь, але ўсё наша жыццё складаецца з такіх дробязей. — Ён паўтарыў словы Харчанкі, але думкі аб гэтым нават і не ўзнікала, словы былі — яго, уласныя. — Дробязі складаюць цэлае. От цяпер у нас ёсць дзве брыгады, вясна пакажа, што спаборніцтва павысіць дысцыпліну, дасць эфект, наша ж гаспадарка запушчана, калькі зямлі дзірваном парасло за гады акупацыі. Нават калі прагноз райаддзела і няправільны, гэтай работай мы не пагоршым, а палепшым справу.

— Чаму не пагутарыць аб гэтам са мной? — перапыніў яго старшыня. — Ты думаеш — я супроць. Дзіўны чалавек! Я толькі не ўпраўляюся.

Тодар сказаў, што Чаршушэвіч надта захапіўся электрастанцыяй, млынам. Гэта дрэнна? Не, ніхто не кажа, што дрэнна. Але апрача гэтага — ёсць тысячы больш пільных патрэб. Чарнушэвіч нарэшце паскардзіўся, што ў яго няма на ўсё часу, што рукі да многага не дасягаюць. Калі прыйшла Ганна, яны спакойна гутарылі паміж сабой і яна ніколі б не здагадалася, што яшчэ за некалькі хвілін перад гэтым гатовы былі абразіць адзін аднаго. Яны абмеркавалі і такое пытанне, каго прызначыць рахункаводам, бо з раёна не даюць — няма. Чарнушэвіч памянуў на Шаршня. Красуцкі на гэта сказаў:

— Няхай робіць. Лепш кіраваць ім, чым ён будзе кіраваць намі.

ІХ

У канцы сакавіка падзьмулі вятры і снег стаў знікаць, прыпякло сонца, пабегла вада і ўраз пачалася вясна. У Тамаша было многа работы: ішла ачыстка насення, частку яго трэба было абмяняць на сартавое, самому ездзіць у раён на базу. Адным словам, сустракаўся ён з жонкай толькі позна, але, нягледзячы на гэта, Кацярына закідвала яго навінамі, як кулямі. Жарты — Кацярына была брыгадзірам палявой брыгады, у яе ўваходзілі пажылыя жанчыны, брыгада спаборнічала з дзяўчатамі. Брыгада Краўчанкі прарабіла ўвесь цыкл работ па затрымцы снегу і цяпер усе бачылі, што ў акружэнні хвойных галін снег на ўчастках брыгады затрымаўся значна далей, чым усюды. Аднак, гэта яшчэ нічога не азначае! Кацярына пазірала то на неба, то на раку, брала мокрую, рудую зямлю на далонь, расцірала яе пальцамі. Яна даводзіла, што скора трэба сеяць, як толькі кранецца рака. Лёд пайшоў, буйная веснавая вада пагнала яго, завярцелася каля новага млына, усе хадзілі глядзець, як ён працуе, і прызналі: добра! Нарэшце скончылі праводку і аднаго разу хаты асвяціліся электрай. Бяда была толькі ў тым, што не было механіка, і Чарнушэвічу прыйшлося спехам вучыць хлапца, а пакуль той адважыцца рабіць самастойна — прыходзілася многа часу траціць самому каля рухавіка. Кацярына аж заходзілася: мы засеем, а ў іх яшчэ снег! Як жа яны, Тамашок, па снезе сеяць будуць? Сплыве!