— Дай мне святы спакой, Кацярына! — адмахваўся Тамаш. — І нашто ты ўвязалася ў гэта?
— Як нашто? — аж узлавалася Кацярына. — Табе дык можна было за старшыню быць, а мне і брыгадзірам няможна?
Тамаш хацеў быў напомніць, што тады, калі ён быў часовым, яна яго дапякала, але толькі адмахваўся.
На участках брыгады Кацярыны пачалі сяўбу. Тамаш адпусціў насенне, а калі жонка сказала — ты там лепшага дай — так на яе зірнуў, што яна змоўкла. Напрыканцы дня ў свіран прыйшла Галя Краўчанка. У кароткай ватоўцы, у палінялай хустцы, тоненькая, з пухлымі, як у дзіцяці, вуснамі. Прыйшла і села на засек.
— Па насенне?
— Не, дзядзя Тамаш, за парадай. Сеяць ці не? У нас і снег, і мокра надта! Кажуць, сплыве.
Тамаш зірнуў на яе. Сумны твар, сінія вочы — мутныя, ад слёз ці што? Павар’яцелі! Старая кіпіць, як саган, а гэтая плакаць, быццам па хлапцу. Але сэрца ў Тамаша — мяккае, не пашанцавала, што сваіх дзяцей няма. Сеў ён побач з Галяй.
— Пасееце, не бядуй.
Галя даверліва заспяшалася:
— Тодар кажа, каб сеялі. Ён і кніжку паказваў, у адным калгасе сеялі па суцэльным снезе. А я баюся.
— Тодар калі кажа, слухайся, ён хлапец — во! Прысылай заўтра па насенне.
— Праўда? — устрапянулася, як птушка. — Не чакаць, сеяць?
— Сеяць!
І ўжо адыходзячы, Галя спынілася каля варот і ціха сказала:
— Дзядзя Тамаш! Агата з нашай брыгады пайшла... да Кацярыны! Гэта ж такі падрыў!
— Управіцеся і без яе!
І назаўтра, зачыніўшы свіран, Тамаш сам пайшоў з сяўнёй на участак Краўчанкі. На мокрай раллі вялікімі плямамі бялеў снег, а над раллёй веяла гліца, якая сушыла ў сейбітаў вусны. П’ючы з гладыша халодную сыроватку, Тамаш лінуў крыху на далонь і абцёр твар.
— Праз ноч ад гэтага снегу анізвання не застанецца. Вецер — сухі.
Чорныя лясы ахуталіся ледзь прыкметным сінім дымком. Губляючы пер’е, шпацыравалі па полі худыя галкі. А за купаўём грымела рака, выплёскваючыся з берагоў. Вясна панавала ў сэрцы.
А Чарнушэвічу вясна прынесла нечаканы цяжар: адкрылася на назе рана. Ён нікому аб гэтым не казаў, бо лічыў, што хварэць у такую гарачую пару немагчыма, па-ранейшаму разам з Красуцкім бывалі на ўсіх участках. Чарнушэвіч настаяў, каб на першае мая закласці першы вянец клуба, і сам яго рубіў. Адрываць ад сяўбы мужчын не было як, супроць гэтага быў Тодар, але ўпарты Чарнушэвіч выцягваў з канторы Шаршня і хоць пару гадзін яны вазіліся на будаўніцтве. Потым Шаршэнь бег рабіць зводку, а Чарнушэвіч, стамлены, валіўся на ложак. Нага балела. Ён крывіўся. Аднаго разу ён адмахнуўся ад цесця:
— Ну, усё... падпішыце за мяне.
Той сказаў: парадак.
Агата здагадалася, што Юрка хворы. Перад яе настойлівасцю цяжка было ўстаяць і яна зрабіла перавязку. Нага надта балела. Чарнушэвіч сказаў:
— Тодару трэба сказаць, што я хворы.
— Ён у раёне. Не клапаціся, Юрачка, тата ўсё зробіць.
— А дзе бацька?
— На бульбе.
Ну, значыць, управіліся добра! Штодня раён патрабаваў дакладных звестак аб ходзе сяўбы, дзяржава няспынна ажыццяўляла кантроль. Кожнае звяно вялікай гаспадаркі павінна было працаваць бесперабойна, бо краіне трэба было залечваць нанесеныя вайной раны. Тамашыха аж бралася варажыць — чыё проса будзе лепшае.
— Усё супраць іх. Сеялі ў снег — раз, у нядзелю рабілі — два, Агата з іх брыгады пайшла — тры!
І, прыступаючы да Тамаша, недаверліва папытвала:
— Хіба толькі ты лепшае насенне даў?
— Дай святы спакой! — адмахваўся Тамаш.
У праўленні задаваў тон Шаршэнь. Рахункавод і цесць старшыні, ён трымаўся тут гаспадаром, але без нораву прыслухоўваўся да мужчын, а сваю рахункавую гаспадарку вёў узорна — кожны меў магчымасць атрымаць даведку аб налічаных працаднях хутка і дакладна. Памеркаваўшы, ён дазволіў мужчынам узяць коней і засеяць свае прысядзібныя ўчасткі. Сам таксама аблюбаваў участак цаліны, узараў і засеяў бульбы. Калі Нічыпар спытаўся — каму? — Стафан ухіліўся ад простага адказу: па восені будзе відаць.
Тодар, вяртаючыся з мястэчка, куды ездзіў па пытаннях пенсіі, быў здзіўлены і цішынёй, якая панавала на полі. Няўжо ўправіліся? Цёплы майскі дзень, ужо невідочныя жаўрыкі звіняць у блакітным небе. Недаўменне яшчэ больш ахапіла, калі ўбачыў на сваім гародзе дзяўчат з брыгады Краўчанкі: яны супольна засявалі яго.