Выбрать главу

— Вядома, я магу толькі дзякаваць за дапамогу, але хіба ўжо ўправіліся ў калгасе? Сёння ж серада!

— Стафан усім дазволіў рабіць, — сказала Галя. — Ужо другі дзень на сябе робяць.

Тодар пайшоў у праўленне. На парозе сустрэла яго Кацярына, павіталася. Шаршня не было. На сцяне вісела вялікая карта: супроць кожнага прозвішча калгасніка значылася колькасць адпрацаваных дзён, унізе карты стаялі лічбы засеенага, па культурах. Тодар не мог не адзначыць вялікага парадку ва ўсім гэтым. Ён сеў за стол, дастаў з кішэні блакнот і адным пальцам пачаў падлічваць запісы ў ім. Незалежна ад вестак, якія паступалі ў праўленне, Тодар штодня вёў запіс засеенай плошчы на ўчастках, якія спаборнічалі паміж сабой. Лічбы гэтыя дапамагалі яму весці ў брыгадах гутаркі, на іх паказваць, хто ідзе наперадзе ў спаборніцтве. Атрымлівалася разыходжанне запісаў у блакноце з данымі карты на 17 гектараў. Магчыма, гэтую розніцу даюць два-тры дні, у якія Тодар зрабіў запісы вэдлуг выпрацоўкі папярэдніх дзён. Сумненне запала ў Тодаравы думкі. Ён яшчэ раз падлічыў свае запісы. На гэта раз зусім зблытаўся — адной рукой яшчэ было неспадручна працаваць. Пачаў утрэцяе.

— Чаму ў будні дзень спынілася работа?

— Работа ідзе, людзі абсяваюць свае гаспадаркі, — спакойна адказаў Стафан.

— Такая пастанова праўлення?

Той маўчаў. На твары была ўсмешка, няпэўная — не то кпіць чалавек, не то здэтанаваны.

— Ці, можа, дазвол Чарнушэвіча? Каб зняць усіх з працы, патрэбна пастанова праўлення.

— Людзям трэба сеяцца.

— Безумоўна! Але гэта робіцца не так, гамузам. Гэта трэба рабіць так, каб не спынялася работа ў калгасе. Я вас пытаюся — Чарнушэвіч дазволіў?

— От прычапіўся! — выйшаў з раўнавагі Стафан. — Вядома, дазволіў. Праўленне збіраць — цеганіна.

— Цеганіна? Нарэшце, ёсць партарганізацыя, са мной трэба ўзгадняць. Адмяніце распараджэнне, а я ўзгадню з Чарнушэвічам. Покуль ён хворы, я буду кіраваць работай.

Яны памаўчалі. У акно Красуцкі бачыў: ідуць дзяўчаты, паперадзе — тоненькая Галя Краўчанка, ужо без звыклай ватоўкі, але ў той жа палінялай касынцы, малая, як дзіця. У іх да яго — жаласлівасць, бязрукі! Нічога не зробіш! Іншага пачуцця, мусіць, і не выклічаш — каму патрэбен калека? Прыкрыя думкі. Адагнаць іх! Як назаллівую мушыну!

— У нас нявыкананы план сяўбы, а вы адрываеце і людзей, і цягло.

— У нас засеяна ўсё.

— А 17 гектараў? Па маіх даных не хапае 17 гектараў.

Стафан зірнуў на яго. На хвіліну — усмешка знікла. Але адразу ж запанавала на твары зноў. Ён узняўся і падышоў да сцяны, на якой вісела карта паказальнікаў. Ён стаяў перад ёю — прысадзісты, ёмкі, моцны чалавек, з крутой шыяй, і караткапалая рука, растапыраная, ляжала на лічбах карты.

— У цябе памылка.

Гэта было сказана безапеляцыйна, цвёрда, упэўнена.

— Магчыма, — сказаў Тодар. — Зверымся. — Маладосць — даверлівая. — Але зараз я пайду да старшыні.

Чарнушэвіч вельмі ўсхваляваўся, сабраўся нават у праўленне, але Агата пераняла.

— Тата прыйдзе, тады разберацёся. Ты ж і не палуднаваў.

І калі Красуцкі пайшоў з хаты, Агата падала полудзень і шклянку гарэлкі.

— Любы мой, Юрачка. беражы сябе.

Потым ён прачнуўся ад цішыні — усе пайшлі з хаты. Адкрыў вочы. Заходзіла сонца. Барвовыя промні яго ляжалі на падлозе. І раптам Чарнушэвіч убачыў: Альжбета, вялікая, масіўная, і нейкая маленькая, як грыб лісічка, старая. Стаяць у трох кроках ад ложка і, нешта шэпчучы, ківаюцца — згодна, неяк механічна. Ён узняўся на локцях.

— Што гэта вы робіце?

Шух — і бабулькі няма, хвіліну Альжбэта нязграбна мітуснулася каля дзвярэй і таксама выбегла. А замест іх — у раме дзвярэй стаіць і ўсміхаецца прывабная Агата.

— Юрачка, родненькі... гэта дапаможа... нага хутчэй загоіцца. Не бяры ўсур’ёз. Ад гэтага не пагоршае.

Ён сеў. Абурэнне, сорам, здзіўленне і агіда — што пераважала?

— Як жа не браць усур’ёз? Не пагоршае? Ты забылася, што я член партыі, што я... салдат?

Не, ён не чуў болю, калі шпарка прабег хату, дзядзінец і апынуўся каля ракі.

Пацямнела.

І раптам у цёмным купаўі за ракой — ціха свіснула, свіст рассыпаўся званочкамі. быццам парвалася намітка і прыгожыя перлінкі пакаціліся па металёвай роўніцы, і ад гэтага ўзнікла навала чароўных гукаў.

Салавей!

І ў вачах: попел гарадоў, вёсак, трупы, багата трупаў. Дым над светам і дым на душы. Як жа ён абыдзецца без Агаты?

Х

Палі зазелянелі. На ўчастках Краўчанкі дружна паднялося проса, на ўчастках другой брыгады проса ўзыходзіла слаба, але нарэшце і тут поле пакрылася парасткамі. Тое ж было і з яравымі. Розніца ў росце проса, аднак, была прыкметна доўга. У сухой зямлі зерне доўга абыходзіла, там, дзе было больш вільгаці, расло спарней. Так казалі ўсе.