Выбрать главу

Тамаш пастаяў над недакошаным ражком і пайшоў махаць касой. Праз нейкую абівалку рабая яго без травы будзе!

І тут ён успомніў учарашнюю гутарку са Стафанам. Тамаш прыйшоў да яго і заспеў на дзядзінцы. Стафан распілоўваў плашкі, каб зрабіць зруб сваёй, нядаўна выкапанай, крыніцы.

— Добры вечар!

— Добры вечар! — адказаў Стафан і па твары прабегла непатрэбная ўсмешка, схаваўшыся ў рудых вусах, крануўшы іх. — Прынясі старшыні лаўку! — гукнуў ён у хату.

— Дарма! — аж збянтэжыўся Тамаш — я тут у халадку. — Ён сеў на новых прыступках і колькі хвілін сачыў за спрытнымі Стафанавымі рукамі.

— Ну, як, ажываешся?

— Не прывыкаць! Толькі сядзіба малая. Сотак трыццаць прырэзаць па закону палагаецца. Ганна ў суседзі не пусціла, а ёй, старой ды адзінокай, і не трэба.

— Па восені і без Ганнінай сядзібы знойдзем адкуль адрэзаць, — сказаў Тамаш. — Старую абіжаць не можна, яе сыны за нас ваююць, адзін голаву злажыў. Быў у нас за старшыню, шкада такога чалавека. Цяжкая доля старой выпала.

— Кожнаму выпала цяжкая доля! — неяк чмыхнуў у рудыя вусы Ста­фан. — Агата! Нясі капшук, старшыню пачастуй.

«От, халера, дылындыча адно — старшыня, старшыня!» Агата прынесла капшук, у ціхім надвячоркавым паветры прагучала скрыпічная фраза — «Добры дзень!» «Выліты партрэт, уся па бацьку, толькі той руды, абівалка».

— Ці не пакошваеш заўтра, Стафан? — не закурваючы, прыступіўся Тамаш.

Той узняў галаву ад плашак і калючыя вочы спыніліся на Тамашовым твары, ледзь ніжэй носа. «І чаго чалавек пасміхаецца?» Тамаш нават пальцамі скрабануў сваю пасівелую бараду.

— Агата штодня ў калгасе робіць, ты гэта ведаеш. А я ўпраўляюся з хатай і хлявом, паркан пастаўлю, тады таксама пайду рабіць. Я ж член новы, у вас не ўсе робяць апрача мяне.

— На іншых не спіхайся, пра іх гаворка не ідзе. Я ў цябе пытаюся. Сена­жаць, як лес, стаіць і дні такія, што грэх не касіць. Пагодай карыстацца трэба.

— Упраўлюся, пайду.

Адчуванне неспакою ўзнікла ў Тамаша. Так заўсёды ў яго было, калі чалавек не хацеў з ім пагадзіцца, і было дзіўна, чаму ідзе наўпрэкі, калі тое, што кажа Тамаш, бессумненнае і пільна патрэбнае.

— Дык ты мяркуеш, што з касьбой можна і пачакаць?

Стафан падагнаў плашку да плашкі, потым паклаў сякеру і сеў на зямлі. Прысадзісты, здаровы, з крутой кароткай шыяй, сядзеў ён перад Тамашом і пасміхаўся. Стружка прычапілася да рудога вуса і пакіўвалася пакваля — нібы і яна смяялася.

— Уласць нам кажа з зямлянак вылазіць, ажывацца, — ад простага адказу вось чым ухіліўся Тамаш. — Я б меў права ад цябе дапамогі прасіць, але мне пашэнціла хату на знос прыдбаць, дык я і без вашай дапамогі ўпраўлюся. Толькі не замінай, братка. Я раблю ўгодную дзяржаве справу.

Не, не тое, што трэба, казаў гэты чалавек. Тамаш добра разумеў, што зусім не тое, але ў яго не было слоў, каб адказаць, як след.

— А пакошваць трэба, — адно сказаў ён і ўзняўся, каб ісці. Каля брамы ўжо сказаў: — У цябе і так усё тут, як мае быць. Так, быццам і не гарэў ты, а пераехаў з месца на месца.

— Я не чакаю, покуль з неба зваліцца. Я — гаспадар! — услед засмяяўся Стафан.

Ужо з-за лесу стрэліў порсткі сонечны прамень. Ужо ў неба падняўся жаўрык. Ішла лагодная летняя раніца. Тамаш павярнуў з сенажаці да сяла. Дружна бяруцца зернавыя на калгасным полі. Шкада, што не ўдалося засеяць усё, што меркавалі, увосень будзе зноў цесна. Але як ні біўся за гэта Тамаш, многія не падтрымалі. Вось, напрыклад, хударлявы чорнабароды Нічыпар. Калісьці ён быў добрым супольнікам, рабіў у калгасе, спраўна, пагодліва жыў з суседзямі. А і ён больш пільнавацца стаў сваёй сядзібы і часам не-не, а ўздыхне: які шнур у яго быў пры немцах!.. Многім атруцілі мазгі гэтыя нямецкія гады, некаторых збілі з той роўнай дарогі, па якой ішлі аж з трыццатага года. Цяжка звычайнаму чалавеку, не вельмі нават пісьменнаму, такому, як Тамаш, лячыць гэтых людзей. От бы быў жывы Антон, ён быў чалавек з галавой, умеў да кожнага знайсці патрэбную сцежку, умеў бачыць не толькі тое, што чалавек каторы робіць, але і што мяркуе рабіць. Шкада, што не пераказаў Тамаш сваю гутарку Юрку Чарнушэвічу ці Зубу, яны — франтавікі, парадзілі б, што рабіць, дапамаглі знайсці такое слова, ад якога ўсе доказы Стафанавы разляцеліся б ушчэнт. З такімі думкамі выходзіць Тамаш на дарогу.