Выбрать главу

Як ужо шарэла, стаміўшыся хадзіць па бясконцых залах Эрмітажа, адпачывалі ў партэры цырка, які заўсёды, бываючы ў сталіцы, любіў наведваць бацька. А ўжо наступнай раніцай, снедаючы ў даўніх сяброў сям’і, занепакоіліся, што ўначы захаладала, на дрэвы легла шэрань, зіма ў твар дыхнула, трэба спяшацца ў веску, у свой маёнтак, бо там яшчэ не ўсё гатовае да сустрэчы з зімою - чакала клопату гаспадара.

Цягнік адыходзіў апоўдні. Развітаўшыся з сястрой і бацькам, у Фер­дынанда знікла ахвота вяртацца на выставу, не хацелася бачыць кагосьці іншага, жаданне з’явілася вярнуцца дадому, зашыцца ў сваім малым пакойчыку, сагрэцца ў думках пра сям’ю, якая ёсць, з бацькамі, і якая будзе, калі дасць Бог, у сваёй багданаўскай прыродзе, у, сваім маёнтку са звыклым рытмам-ладам, з маленства мілым у кожнай дробязі.

Вечар праседзеў адзін, сам-насам з думкамі пра жыццё ў Багданаве, тое, што ведаў, рэальнае, сваё наскрозь, на смак, і тое, якое бачыў на нейкім дальнім плане ў мроях, замглёнае, але і ў замглёнасці прывабнае, жаданае. I бачыў, і як быццам чуў.

О, не! Чуў не як быццам - чуў сапраўды, нават і голас:

Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:

Не цэнім, маючы, а страцім залатое -

Шкада, як і красы твае, мой родны краю.

Тугою па табе тут вобраз твой ствараю.

Злілося, як і раней злівалася ў адно: любімае - Адама Міцкевіча - слова і сваё дыханне. Сядзеў і паўтараў усё тое самае, тое і гэта: "Літва! Бацькоўскі край..."

Калі ўжо клаўся ў ложак, у начной піжаме сеў за стол, разгарнуў запаветны сшытак, які ўранні перагортвала Гануля, і на чыстай старонцы зверху зрабіў яшчэ адно прызнанне, якое вынасіў за гэтыя два дні ў дуты і ў думках:

"... малы свет сям’і непараўнальна даражэйшы за шырокую, але халодную грамадскую арэну".

З гэтымі думкамі і лёг. Доўга ляжаў, не спаў.

6

Каляды Фердынанд сустрэў у Багданаве.

Зіма выдалася цёплая, без тых звычайных, што раней бывалі ў дні гэтага свята маразоў ды снежных завеяў. Краявіды ў наваколлі выглядалі хутчэй падобнымі на вясновыя, а душа жадала зімы сапраўднай. Ну як пісаць калядны пейзаж без снегу?

Злёгку пабеленая ўначы сцежка вывела з вёскі ў засценак Даўкневічы. Вось і знаёмая выспа, за ёю ручай, на ім у гэтым месцы стаяў бацькаў млын, а дзе ён? Няўжо гэтак заседзеўся ў сталіцы, што ўжо свой млын знайсці не можа? Ці трэба падысці бліжэй, каб убачыць? Снегу ў лесе няма нават таго, што ў полі, вакол усё шэрае, злілося ў шэрані, але схіл выспы пад танклявым лёдам коўзкі, быццам памыўся ўранні і не абцёрся, на ветры, усё ж зімовым, абледзянеў. Ступіў як асцярожней, а не ўратаваўся, памчаў лядовай аблівахай з выспы да ручая, нібыта на каньках, і не было за што, ратуючыся, ухапіцца: ні дрэўца, ні кусточка. Рудая купіна, нейкая жменя гліны, як падарунак крата, пад чаравік патрапіла - уратавала. Прысеў над ёю, перахрысціўся і млын блізка ўбачыў. На шківе барабан, вада пад барабанам цёмная, як з каламазі вір, а ўсё над ёю - казка з лёду і святла, з неверагоднага ў ельніку, як на каляднай елцы, зіхацення. Над барабанам рог будынка з старога, гадамі пашчапанага бярвення, страха пад дранкаю, і гэта ўсё таксама, як і барабан, лёдам зацалаванае. Калі б не ведаў, што тут млын, дык мог падумаць, што з глыбіні віра ўсплыла ды стала дыбам нейкая рагатая жывёліна. Адсунуўся ад купіны, на ногі ўзняўся асцярожна, каб зноў не пакаціцца ў вір, на крок-два адышоў. Там - вольха шэрая. Яе рукою абхапіў, смялей агледзеўся, ад смеху аж закалаціўся ці то з сябе, як нетутэйшага, што разгубіўся, ці што ў казку трапіў.

Альбомчык з замалёўкамі намацаў у кішэні, алоўкам пачаў накідваць абрысы нечаканай казкі, святло ды цені. Малюнак просты быў, але складаныя адценні лёду, рухомыя валёры, блікі ў фігурах з лёду гулялі і як было злавіць на дзюбку алоўка лясное ўлонне, калі яно ўвесь час мянялася?

Назаўтра прыйшоў да млына з фарбамі, рабіў эскізы: адзін, другі - пры сонечным святле, хоць і падманвалася ў хованкі, і без яго. Ужо захаплялі не адны формы з лёду, але і дзіўна сіні снег на першьм плане, пад ім лядовая тэраса ў адценнях перламутру і пад тэрасай цёмная вада, пад сонечнымі блікамі жывая. План, як у "Вясне", шырокі атрымаўся, нібы для Рэпіна, каб пры выпадку зачапіўся, знайшоў і тут заганны ўплыў Еўропы на Расію.

У той час, як над "Зімовым млынам" працаваў, у Пецярбурзе рыхтавалі да адкрыцця другую акадэмічную "Вясновую выставу", і Фердынанд адчуваў абавязковым узяць у ёй удзел з новай карцінай, бо гэтыя выставы былі ідэяй Куінджы і яго вучняў насуперак прынцыпам і формам старых акадэмічных выстаў, адмаўлялі ранейшыя схемы падбору і ацэнкі твораў, выкладкі экспазіцый, складу журы, віталі арыгінальных мастакоў, іх вольны дух, і ён, адзін з самых актыўных вучняў свайго настаўніка, меў непасрэднае дачыненне да іх задумы і арганізацыі. Цяпер жыў не ў сталіцы, у вёсцы, побач з ім ужо не было любімага настаўніка, сяброў-дарадцаў, і пра сябе, што не згубіўся як мастак, усім варта было нагадаць, даказаць, што і ў вёсцы можна быць арыгінальным мастаком. Ды і з сталіцай не хацеў губляць творчыя сувязі.