- I ўжо не пазнаяце? За адзін год забылі.
- Я вас пазнаў, Гэлена. Не адразу, бо снег замружыў, вас ад мяне хаваў. Ваш мілы твар як не пазнаць? Але адразу не мог паверыць.
Праз колькі хвілін яны ўжо сядзелі за круглым малым столікам, на якім ляжала палітра, стаялі ваза з пэндзлямі і вазачка з багданаўскім, з брусніц і яблыкаў, варэннем. Пілі з варэннем каву, паглядалі на эцюд, што стаяў на мальберце, і гаварылі пра ўсё, што ўсплывала ў молада-свавольных думках. Даўжэй, як на эцюд, глядзелі адно другому ў вочы.
- Ваша мама варыць цудоўнае варэнне.
- Адкуль вы ведаеце, што яго варыла мая мама?
- Яно празрыстае, як раса, і вельмі смачнае. Гэтакае можа зварыць толькі мама.
- Дзякуй за гэтыя словы. У мяне цудоўная мама.
- I вы яе любіце. Я не пытаюся. Я гэта бачу.
- Вельмі люблю.
Яе вочы затрымаліся ў цёплым позірку на яго твары, і яму падалося, што яна ўглядаецца не толькі ў ягоны твар, але глыбей, у душу, робіць гэта з удзячнасцю, быццам размова не пра яго, ёй незнаёмую маці, а пра яе родную. Хацелася сказаць штосьці яшчэ, ёй прыемнае, шчырае, і ён прызнаўся:
- Я часта ўспамінаю той баль, тую мазурку. I вашу сукенку, гармонію вашых любімых колераў.
- Нават? - Весела здзівілася яна. - Якіх маіх любімых?
- Карычневых цёмных, карычневых светлых, ружовых, залацістых. Цёплых. У гэтым тоне і вашы шыкоўныя валасы. Калі гляджу на вас, калі вас успамінаю, мне бачыцца адзін з самых абаяльных партрэтаў Ван-Дэйка.
- Эрцгерцагіні Ізабэлы? Ну што ж... учора зноў быў польскі баль. На жаль, не для нас.
Фердынанд насцярожыўся: магчыма, ведала, што ён быў там? Што адказаць на гэта? Што быў? Навошта? А прамаўчаць - няшчырым быць у адказ на яе шчырасць? О не, не мог.
- Я быў, Гэлена, там.
Яна вялікімі вачыма ўставілася на яго - здзівілася? Чаму? Не зразумеў адразу. Таму, што ён там быў? Ці што сказаў пра гэта лёгка, не падумаўшы, як непрыемна ёй гэта пачуць? Ну так, ад непрыемнасці і падкалола:
- Скакалі з іншымі паненкамі?
Зноў выбару, што адказаць, не бачыў:
- Паненкам тым мастак быў нецікавы. Цяпер іх прывабліваюць афіцэрскія шэўроны.
Яна паставіла кубак на стол, каб кава з яго не выплюхнулася ад нястрымнага, нібы ў блазна, смеху, але размову пра паненак падтрымала:
- Яны не вінаватыя, што першая каханка ў мастака - мастацтва. Кожная паненка марыць адзінай быць у пана.
Яна, хітруння, нагадала яму размову пасля леташняга балю, калі ён вёз яе дадому ў экіпажы, як ён казаў тады празмерна, мабыць, шчыра, што сваё сэрца сапраўдны мастак аддае мастацтву, што жанчына ў яго можа быць толькі другой каханай, што развесціся мастак можа з кабетаю, але ніколі з мастацтвам. Тады ў іх, як ехалі, седзячы побач у чароўным поцемку экіпажа пры кволым святле ад газавага ліхтара, пачалося штосьці накшталт гульні: паміж знаёмых мастакоў шукалі, у каго былі сямейныя разводы, знаходзілі, нават нямала, сярод маладзейшых, але не знайшлі ніводнага, каб разышоўся з мастацтвам. Цяпер, падтрымаўшы паненак, што выбіраюць афіцэраў, а не мастакоў, яна ўзяла лыжачку варэння, патрымала на святле, разглядаючы, апусціла ў кубак, пабоўтала ў ім лыжачкаю, глыточак адпіла з кубка і, нахіліўшыся над ім, углядаючыся ў яго, задумалася. Ён у гэтую хвіліну твар яе не бачыў, бачыў адно прыгожы чысты лоб ды валасы густыя, цёплыя, колеру кавы з малаком, прычоску зграбную, ля вуха завітушкі - падумаў: што зараз, як маўчыць, у гэтай галоўцы, мадэлі хоць і для Ван Дэйка, якая таямніца? Каму даступная? Усё ж - мастаку ці афіцэру?
А ёй як надакучыла таемнасць - прыўзняла галаву, яму ў вочы паглядзела:
- Я сапраўды хачу ўбачыць вашы новыя работы.
- Вы бачылі іх на выставе ў Дзягілева.
- Там хіба ўсё, што прывезлі?
- Іншыя ўжо ў Акадэміі. Наша выстава будзе не горшая.
- А гэты, на мальберце, эцюд?
- Над ім яшчэ працую, Прывёз, каб не глуміць тут вольны час. - Заўважыўшы, як углядаецца яна ў эцюд, як намагаецца знайсці ў ім штосьці, падказку даў: - Тут Крэва. Сэрца старажытнай Літвы. Мая радзіма. Быў замак Вялікага князя. Цяпер, бачыце, руіны.
- Літва вялікага Адама?
Ён скалануўся. Ад нечаканасці або ад радасці?
- Так. Літва вялікага Міцкевіча.
- У камянях шукаеце красу або загадку?
- Памяць. Былую веліч. I трагедыю. Тыя настроі.
Яна паставіла кубак на стол, вачэй не зводзіла з эцюда. Задумаўся і ён: як гэтак адбылося, што пасля таго балю яны за год ні разу гэтак блізка не сышліся? Яна вучылася таксама ў Акадэміі, на скульптуры, яе мастацкія майстэрні былі іншыя, ляпіла бажкоў антычных, але ж зрэдчас і бачыліся, віталіся на акадэмічных лесвіцах, на калідорах, у спешцы паміж званкамі на заняткі і з заняткаў, на перабежках ад аўдыторыі да аўдыторыі, з майстэрні ў майстэрню. Цяпер нібыта першы раз глядзеў на яе далонь з доўгімі танклявымі пальчыкамі і хваляваўся, як і тады ў экіпажы. Паклаў на яе сваю далонь. Яна ласкава, нібы тое чакаючы, усміхнулася. Ён з-за стала падняўся, не выпускаючы з свае рукі яе руку. Устала з-за стала яна таксама. Сказала: