Увага з боку гаспадароў выставы і яе наведнікаў, задоўгія размовы, часам дылетанцкія, стамляюць, але і радуюць, даюць ахвоту бліжэй знаёміцца з людзьмі, якім мастак цікавы, на кожны позірк і голас адгукнуцца, адкрыцца, і калі вядомыя ў Варшаве дзеячы культуры запрашаюць да сябе як пачэснага госця, маючы жаданне пазнаёміцца бліжэй у сваім сяброўскім або сямейным коле, ён рады гэтакай магчымасці. Пасля ў сшытку з’яўляюцца ўдзячныя запісы. Як і гэты:
"Быў на "пятніцы" ў доктара Бэні. Заўжды марыў, каб калі-небудзь убачыць людзей, якія думаюць пра народ, каб хоць здалёк паглядзець на іх. I тут яны прынялі да сябе. Заўсёды буду помніць гэты дзень. Адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці".
Усхваляваны блізкай сустрэчай з доктарам, вучоным медыцыны, грамадскім дзеячам Бэні Каралем, Рушчыц вяртаецца ў Багданаў і ўжо тут на той самай хвалі роздуму выліваецца яшчэ адным шчырым прызнаннем: "Мастак носіць у сабе стрэмку. Заўсёды яе адчувае, ніколі ад яе не пазбавіцца. Стрэмка - яго мастацкае сумленне".
Першы запіс Рушчыц робіць уначы пасля сустрэчы з доктарам, калі яму, расчуленаму сяброўскай размовай, не спалася, у адну з самых апошніх начэй 1899 года; другі, у Багданаве, у адзін з першых дзён 1900 года і новага стагоддзя. Абодва запісы пра адказнасць мастака перад мастацтвам і перад Радзімай. Гэта галоўная думка Рушчыца на мяжы двух стагоддзяў. Ведаючы, якім выдалася пражытае стагоддзе, і не ведаючы, якім будзе наступнае, ён спрабуе прадбачыць сваё далейшае жыццё тэмпераментам, інтуіцыяй і там, далей, прадчувае новыя кантакты са светам. Ужо цяпер гэтыя прадчуванні не абяцаюць працяглага ды ціхага, хоць і ў штодзённай любімай працы, жыцця ў вёсцы, падказваюць тут не заседжвацца, шукаць далейшыя шляхі. З якога боку? На захадзе або ўсходзе?
Неўзабаве пасля Варшавы адзін з першых запісаў у сшытку даволі нечаканы:
"Багданаў, 19. 01. 1900.
Пакую скрыні з карцінамі для Пецярбурга".
Нечаканасць гэтага кроку ў тым, што Фердынанд яшчэ добра памятаў сваё апошняе наведанне Пецярбурга, апошнюю там вясновую выставу, якую дружна, нібы ў змове супраць маладых мастакоў, што выставілі свае работы, вучняў Куінджы, знішчалі ўсе, хто не ленаваўся гэта рабіць, уся сталічная прэса, у тым ліку і яго карціны, яго "Зямлю", з якою горыччу адтуль вярнуўся, нібыта назаўсёды збег, каб больш туды не ездзіць, і як зусім іначай пасля тае выставы віталі яго работы ў Вільні ды Варшаве. Здавалася, што пасля гэтага дарогу ў Пецярбург можна забыць, не адчуваючы ў тым вялікай страты, што ўсе дарогі цяпер у мастацтве павядуць на захад.
Што ж зноў паклікала ў паўночную расійскую сталіцу? Чарговая, ужо блізкая, вясновая выстава? На фоне нядаўніх у Вільні ды Варшаве яна магла шмат што сказаць і падказаць разгубленай душы: куды далей ісці і з кім, на захад ці на ўсход? Або паклікала настальгія па маладых, у акадэмічных майстэрнях, гадах, па сябрах, настаўніках? Сумленне перад Зеўсам?
А можа і Гэлена?..
12
Зразумець Фердынанда на тым прамежжы паміж усходам і захадам цяжэй тым больш, што ён пэўна і сам ці ведаў, як зразумець сябе самога. Магчыма, тут пасобіць сшытак, з якім - і толькі з ім - у тыя дні вядзе шчырую размову Фердынанд.
"Пецярбург, 25. 01, 1900.
Вельмі сумна. Сумна і самотна. Нават думак не магу сабраць, адчуваю сябе стомленым не толькі фізічна, але і маральна. Усё: людзі і горад - нязменныя, будзённыя. Чалавек ходзіць, ён нікому не блізкі, нікому не патрэбны.
Расставіў творы, і гэта крыху супакоіла".
Жахлівае адчуванне: чалавек нікому не блізкі, нікому не патрэбны. I хто ён, той няшчасны? Ды сам мастак, сам Рушчыц. I сам, і ў сабе бачыць іншага, як у іншым бачыць сябе. Іншы гэта можа не адчуць як сваю вялікую бяду, нікому не патрэбным можа пражыць усё жыццё, з гэтым звыкнуўшыся, але мастак з яго амбіцыямі, з яго адказнасцю за ўсіх і за сваю радзіму адчувае гэта заўсёды балюча, як трагедыю і асабістую, і ўсяго народа.
Яму як жыць, змірыўшыся з гэтай бядою?
У мастака выйсце нібыта ёсць - мастацтва. Яно ў самой яго прыродзе -не трагедыя, яно ратуе: "Расставіў творы, і гэта крыху супакоіла". Але супакоіла толькі крыху? Супакоіла - не ўратавала. Тут, у царскай сталіцы, нават любімае мастацтва не ратуе Рушчыца. Бо ён тут не патрэбны.
Ці, можа, гэтае адчуванне выпадковае? Што ў сшытку пра гэта кажа далей?
"26. 01.
Быў на "серадзе". Вялікай шчырасці з боку калегаў не бачу. Калі лічым, што наша "Я" кагосьці вельмі цікавіць і камусьці патрэбнае - дык памыляемся".