Выбрать главу

Усё гэта выпрабоўвала нацыянальныя пачуцці Фердынанда. Але ён не выглядаў дылетантам у разважаннях, спрэчках, меў свае ідэалы, крытэрыі, пазіцыі. У літаратуры любіў Міцкевіча, Дастаеўскага, Славацкага, у музыцы яго глыбока хвалявалі Шапэн, Чайкоўскі, Шуберт, Вагнер, у жывапісе высока ставіў Куінджы і Левітана, Матэйку і французскіх імпрэсіяністаў. Заўзяты нацыяналізм Бласа, як і любы іншы, калі адмаўляліся ці зневажаліся высокія ўзоры культуры, не лічачыся з гістарычнымі ды мастацкімі асаблівасцямі і традыцыямі народаў, у вачах Фердынанда былі вынікам звужанага, аднабаковага выхавання. Ён у сваёй сям’і, дзе паважаліся ўсе культуры і мовы, быў выхаваны іначай. Яго абуралі нацыяналістычныя крайнасці, але яны і насцярожвалі, прымушалі глыбей задумацца над сваім далейшым у мастацтве шляхам паміж дзвюх вялікіх культур - польскай і расійскай.

Складанасць свайго выбару Фердынанд адчуваў у гэты час і востра, і адказна. Ціхі Багданаў супакойваў, у сваёй мудрай цішыні даваў раўнавагу, але падказваў і тое, што цяпер тут не толькі ціхі кут для творчай працы, але і раздарожжа паміж захадам і ўсходам, дзе трэба рабіць непамылковы выбар.

Фердынанд працуе і думае. Кожны новы эцюд прымушае засяродзіцца на тым, куды ён, мастак, павязе яго, на захад або на ўсход? У Пецярбург да Куінджы, Пурвіта, Рылова, Рэрыха... або на захад - да каго там?..

Няма часу цешыцца прыемнымі польскімі ўспамінамі. Ужо і снежань на сыходзе, яшчэ адзін год пражыты, год новы пазірае з-пад ялінкі ў вочы кожнаму. Яшчэ адна вясновая выстава збіраецца ў Акадэміі. Туды як не паедзеш, работы новыя не павязеш, калі там чакаюць Куінджы, Пурвіт... Ды і Гэлена?..

З’яўляецца ў сшытку запіс:

"Мама заўважыла на маім пісьмовым стале фотаздымак Гэлены. Тое, што пахваліла рамку, якую я падабраў для здымка, мяне вельмі ўсцешыла".

14

І вось зноў - Пецярбург.

Першы на парозе - Зеўс. Убачыўшы яго, Фердынанд адразу заўважае: Зеўс, але ўжо не бог з Алімпа.

На мальберце стаялі "Старыя яблыні" - паглядзеў, прамаўчаў. Не спадабаліся. Папрасіў паказаць астатнія работы. Усё перагледзеў без захаплення. Тых эмоцый, якія ўзрушылі год таму, калі "Зямлю" ўбачыў, не было. Падзякаваў толькі за тое, што працаваў у вёсцы, і пайшоў. З выгляду як пацішэў, абсунуўся. Фердынанд адчуў: іншыя не робяць і гэтага, што робіць ён у Багданаве, лягчэй за апошні год не зрабілася ні настаўніку, ні яго вучням.

Пазней, ужо прыцемкам, завіталі Дзягілеў і Бенуа. Глядзелі і яны ра­боты. Асвятленне было кепскае - прыйшлі абодва і назаўтра, яшчэ раз перагледзелі ўсё, выбралі, што ім спадабалася, для свае выставы.

Неспакойна зрабілася пасля тых сустрэч. Не сумна, не самотна - неспакойна. Сум ды самота расталі ў душы, на сэрцы за дні і тыдні, пражытыя сярод спагадлівых і ўдзячных людзей у апошніх, на захадзе, вандроўках, а неспакой застаўся і абвастрыўся. Не за сябе. Трэба было знайсці кагосьці з сяброў - толькі яны маглі распавесці, што тут у мастацтве робіцца. Падаўся ў Акадэмію - нікога з блізкіх не знайшоў. Але ўвечары, калі сядзеў адзін з томам Дастаеўскага, чытаў пра пецярбургскія трушчобы, нечакана з’явіўся, нібы пакліканы, Пурвіт: