- Мне пра цябе сказаў Дзягілеў.
- Ён быў тут, з Бенуа. Выбіралі на сваю выставу работы. Ты, Вільгельм, свае ім прапануеш?
- Ні я, ні ты цяпер не можам абыходзіць "Свет мастацтва". Нас з табою там увялі ў элітны круг. Ты не забыў? Там Левітан, Сяроў, Несцераў, Апалінары Васняцоў. Для нас, маладых, гэта вялікі гонар - быць побач з імі.
- Але Зеўс? Ён супраць не будзе?
- Ён патрабуе цяпер ад нас адно: каб мы і там трымалі ўзровень сваёй школы.
Тое, пра што ішла размова, абодвух непакоіла, ды Фердынанда ад самага пачатку сустрэчы і размовы мацней, як удзел у выставах, даймала ахвота спытаць пра Гэлену. Усе тыя дні ён шукаў сустрэчы з ёю і ўжо ў Акадэміі пачуў, што яе няма ў Пецярбурзе. Чуў толькі гэта і не больш, а большае мог ведаць Пурвіт.
Вільгельм заўважыў хваляванні сябра:
- Ты пра Макоўскую яшчэ не чуў?
- А што? - усхапіўся Фердынанд.
Пурвіт задумаўся. Казаць ці не казаць? Сказаў:
- Яна ўжо не Макоўская.
- Гэлена? - як не паверыў Фердынанд.
- Гэлена Лютш. Ужо не паненка. Спадарыня Лютш.
Іх позіркі, адно на аднаго, зрабіліся халодныя, быццам кожны быў у чымсьці вінаваты перад бліжэйшым сябрам.
- Лютш? - здзівіўся Фердынанд, не ўклаўшы ў гэтае слова ніякага пачуцця. - Не чуў. Не ведаю. Чужое?
- Ён немец.
- Нямецкі афіцэр?
- Я памятаю, як ты казаў пра вашу з ёй размову пра мастакоў і афіцэраў, каго з іх паненка хоча бачыць сваім каханым. Але не афіцэр. Ён, як я чуў, скульптар. Яна ўсё ж выбрала мастака.
- А дзе цяпер Гэлена?
Пурвіт пераглядаў работы Фердынанда, перастаўляючы іх з месца на месца, каторыя выстаўляў на большае святло, каторыя ад лішняга святла хаваў. Нічога пра іх не казаў, заўважыўшы, што не пра іх думае сябра.
- Ты надта любіш сваю вёску, свой маёнтак.
- Гэта кепска?
- Гэта добра для мастака. Гэта нават ратуе. - Зрабіўшы паўзу, дадаў:
- Калі вайна. А што? Вайну ў вёсцы пераседзець - выйсце. Асабліва мастаку. Старому. Ды і маладому.
- А ты хіба вайны не адчуваеш? Што нас у яе зацягваюць? Ужо адкрыта ў друку пішуць, што мы з табою тут чужыя. Аблава пачалася. Артыкул у "России" не чытаў? I ў "Новом времени" тое самае.
- Чытаў. Але заседжвацца ў вёсцы небяспечна. Калі ты ў вёсцы, а яна ў сталіцы. Калі абое маладыя.
Фердынанд сядзеў за столікам, глядзеў у вакно. Разважанні сябра яму не спадабаліся.
- Ты не адказаў на пытанне. Гэлена дзе цяпер?
Пурвіт падышоў да яго, паклаў яму на плечы рукі.
- Яна ў Мюнхене. Вучыцца ў Акадэміі на скульптуры.
- Вучылася тут?
- Тут была вольнаю слухачкай. Цяпер - там.
- I там працуе скульптар?
- Думаю, што так. Але... ты мне казаў, вярнуўшыся з Еўропы, што Пецярбург самы сумны ў Еўропе горад. Цяпер мне здаецца, што самыя сумныя ў гэтым сумным горадзе мы з табою. Сёння перадапошні дзень старога года, заўтра будзе апошні дзень, а там ужо новае стагоддзе. Што, дружа, нам рабіць на гэтай вайне?
Фердынанд падняўся з крэсла, прынёс і паставіў на столік перад сябрам штоф з даволі моцным напоем Варшавы.
Звычайна стрыманы ў маладых эмоцыях Пурвіт нейкую хвіліну разгублена маўчаў, углядаючыся ў штоф, быццам абдумваючы, што тут, на мяжы двух стагоддзяў, адбываецца, але раптам усмешка змякчыла яго строгі твар, ён артыстычна раскінуў гатовыя для сяброўскіх абдымкаў рукі і заспяваў:
У сонечных фарбах, нібыта жывую,
Убачыў мастак на сваім палатне
У твары Гэлены - Марыю Святую
З красою нябеснай на белым чале.
Фердынанд яму адгукнуўся з кухні:
- Наш Уладзіслаў Сыракомля?
- Амаль што. Калі не зважаць на агрэсію Гэлены Макоўскай, якая выпхнула з радка Сыракомлі Стэлу Фарнарыну, дачку рымскага хлебапёка, найпрыгажэйшую мадэль геніяльнага Рафаэля з Урбіна.
- Але ў Пецярбурзе гусары спяваюць не Сыракомлю.
Гэй, гусар!
Пей вино из полных чар...
Фердынанд прынёс і паставіў на столік фарфор з селядцом, абхапіў Пурвіта, і яны заспявалі разам "піцерскую".
15
Пачатак новага года стаўся не святлейшым за канец папярэдняга. Не святлейшымі былі і запісы ў дзённіку.
"Пецярбург. 01. 01. 1901.
Пры сустрэчы са "Светам мастацтва" заўсёды адчуваю, як я ім чужы, што ніколі не сыдземся. Пра гэта шмат размаўлялі з Пурвітам".
"Пецярбург. 10. 01.
На "серадзе" Куінджы вёў размову пра сучасныя варожыя адносіны грамадскасці да мастакоў-жывапісцаў. Відавочна, ён хоча стварыць супрацьдзейную сілу, заснаваную на еднасці ўсіх маладых мастакоў. Пра выставу "Свет мастацтва" сказаў, што свае падвялі. Мяне папракнуў, што я выставіў "Старыя яблыні" і эцюд з сінімі ценямі. Увесь час нас толькі абвінавачваюць - Пурвіта і мяне..."