Выбрать главу

Птушку на просьбу Вітаўта так і пакінулі на паляне, а самі перабраліся на іншае месца. Караімы змаўчалі, але акурат з тых часоў колькі фэніксаў прыручылі для дзяржаўных патрэбаў. Недалёка ад Вільні быў зладжаны адмысловы гадавальнік. Чарада фэніксаў у небе над сталіцай Вялікага Княства адлюстравана на гравюры ў «Унівэрсальнай хроніцы» Сэбастыяна Мюнстэра (Базэль,1545). У 1579 г., калі войскі Рэчы Паспалітай пад загадам Сьцяпана Батуры вызвалялі ад маскоўскага непрыяцеля Полацак, «дождж і непагода ўвесь час дапамагалі асаджаным так, што просты жаўнер прыпісваў гэта якім-небудзь чарам…». Таму была прынята пастанова выкарыстаць фэніксаў для разгону хмараў. «Кароль загадаў, каб баявыя птахі ляцелі да полацкіх сьцен і не адляталі да тых часоў, пакуль апошняя хмурынка не растане ў нябёсах», — паведамляе каралёў сакратар Райнгольд Гайдэнштайн16. У гаспадарыча Ўладыслава Вазы быў свой пэрсанальны фэнікс (personal phaenix). Ён узяў яго з сабою ў 1610 г. да Масквы, калі сам у выніку геапалітычнага посьпеху атачэньня свайго бацькі быў пасаджаны на тамтэйшы вялікакняскі сталец. Пражыла птушка менш, чым Уладыславу давялося ўладарыць Маскоўшчынай, бо баяры спаілі яе гарэлкай. «Слабовата есть королевская птица, коль нас перепити не в силах», — цынічна заяўляў адзін зь вінаватых у тым злачынстве Фядотка Марозаў17.

Паказальна, што за часы ваеннага ліхалецьця сярэдзіны XVII ст. фэніксы, незадзейнічаныя ў дзяржаўнай службе, упорыста спрабавалі трымацца нэўтралітэту. Ставалася так, што птушкі рабіліся ахвярамі ўсіх бакоў тагачаснага канфлікту. У жніўні 1654 г. пад Шкловам дзесяць маскавітаў пулялі ў фэнікса з ручніцаў, прымаўляючы: «На кой ляд ты здеся кружишь? Коль не имаеш второй головы, то мы тебе сим часом первую твою открутим»18. Троху раней, улетку 1649 г., нехта Рафал Крок загадаў служкам, каб злоўленаму ў сіло бацяну «сто пятдясят прутов прописали, поелику сей мужикам на украйну до Хмеля летати помогал»19. Дзеля справядлівасьці трэба адцеміць, што потым сам распараджальнік быў за сваё самаўпраўства пакараны высокім спагнаньнем у «восемсот грошей пенезных» (амаль кіляграм срэбра), бо «фалчеваных светокдля избиенья ботяна притягнул и злым обычаем безвинну птаху звиноватил а на здирство з наругой спустил»20. Між тым самі «мужыкі», напрыклад, ліпеньскім дзяньком 1654 г. у Быхаўскім павеце, «яко мальцы сопливые у батяна из рагулек стрыляли»21. Нейкі Іёна Трывольскі з гэтай нагоды адзначаў:

Деялося тое не для злоиманья албо улегцыменья онай птицы, а так для утехи своволной. Бачно, же злыя часы для матки всих — Речы Посполитой нашой — настали, бо всяко в тым мальцовским обычаи а способе мыслиться и чыниться: мужыки не знають панов и кроля ягомости, а паны и кроль ягомость не знають мужиков. Мало хто стоить на клопоте а рупности для панства целаго. Вси прагнуть валки и загубленья ближняго свойго. Леч я, як той ботян, не хочю ани валченья, ани побиванья кого люб чого-колвек. Еднако ж не хочю я теж, як и птах той, жебы мене злым обычаем зачепляли 22.

Пра цікавы момант дазнаемся з сатырычнага твору другой паловы XVII ст. «Казанье поляшуцке схызматычне». Ананімны аўтар, прамаўляючы ад імя праваслаўнага, верагодна, насамрэч ня быў ані праваслаўным, ані каталіком, бо ў творы жорстка высьмейваюцца абедзьве канфэсіі. Як што ў сатырычную аблямоўку патрапілі вылучна рэальныя падзеі і асобы, то нельга сумнявацца, што і згадка пра бацяна-фэнікса не разьмінаецца з рэчаіснасьцю:

Та ж вы нам мерзености робыты горазды. Тильки мы помыслылы, абыхом ку вере наськой истинной ботяна повернуты, яко обачылы в сьроде обитанья оных птыц вас — попов папэжских. И що жтэпэр маемо? Горэ, бида, огорченье! Ибо крычаты сталы тыя птыцы святодавныя: «Аллах акбар!», од вас одступовавшы. Що вы там робылы?23.

З азначанага часу фіксуецца сугучча (для некаторых вушэй) клёкату фэніксаў з пачаткам мусульманскіх модлаў. Зусім нядзіўна, што ў 1683 г., на аснове адмыслова заключанага «ряда», колькі фэніксаў разам з войскамі Рэчы Паспалітай пад загадам Яна Сабескага адправіліся да аўстрыйскай Вены, якая цярпела ад асманскае пагрозы. Параза турэцкіх войскаў на чале з Кара Мустафой была прадвызначаная: налёт трох фэніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у сьвятарнае трымценьне, паніку, зь якой і скарысталі нашыя войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумэнта цяжка даступіцца адказу. Але факт вымушанасьці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумэнт той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам зь беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За фэніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі й стрыжамі, дзірка між літарамі «К» ды «Ы»24. Купцы? Курвы? Крэвы? Пытаньне застаецца адкрытым.