А можа, ты адна з багінь,
Прыдуманая грэкамі, самім сабе на ўцеху?
Багіня ты мая,
Усё роўна я цябе кахаю,
Калі ты нават выдумка мая!
ЗЯМНЫ АКІЯН
Дж. дэ Кірыко
Я дом збудаваў пасярод Акіяна;
Вокны яго — гэта рэкі —
струменяць з маіх вачэй.
Кішаць асьміногі ля сцен мураваных,
Грукаюць сэрцам патройным,
грукаюць дзюбай у шыбы.
Вільготны дом!
Мой дом палае.
А час, як гром:
Ляціць,
спявае.
Самалёты гатовы падкінуць яйка.
Увага! Зараз прычаліць дрэдноўт.
Увага! Ракою цячэ чарніла.
Спусціцеся з завоблачных вяршынь —
Так будзе лепш!
Бружмель свае шчупальцы звешвае з неба —
I на зямлі асьміногі дрыжаць.
Мы самі становімся ўласнымі магільшчыкамі.
О, асьміногі сярод белых хваль, як крэйда.
О, асьміногі з дзюбамі збялелымі!
Навокал дома Акіян Зямны і гул прыбою,
Не ведае дом ніколі спакою.
ЦУДЫ ВАЙНЫ
Як прыгожа ракеты асвятляюць трывожную ноч!
На вышыні ўзнімаюцца і, нахіліўшыся,
ўніз пачынаюць глядзець.
Гэта — дамы, што ў небе танцуюць
і паглядаюць на рукі людскія, на вочы і сэрцы.
Я ўсмешку тваю пазнаю
і рухавасць тваю…
Гэта — апафеоз летуценных маіх Веранікаў,
Гэта іхнія косы каметамі сталі.
Раззалочаныя танцоркі!
Розным порам належаць яны, розным расам.
І раптоўна яны нараджаюць дзяцей,
паміраючых мігам.
Як прыгожа ракеты ўгары выглядаюць!
I, напэўна, яшчэ прыгажэй выглядалі б,
каб да іх далучыліся новыя…
Хай бы нават мільёны ракет мелі сэнс абсалютны
і адносны, як літары ў кнізе,
Гэта ўсё выглядала б прыгожа…
як выгляд саміх паміраючых!
Але стала б яшчэ прыгажэй,
каб з’явілася болей ракет!
I, аднак, мне ўяўляецца гэта,
як нешта цудоўнае:
Не паспее з’явіцца яно,
як пара паміраць!
Мне здаецца, я трапіў на пір,
незвычайна азораны:
Тут балюе зямля,
згаладалася вельмі яна
I разявіла рот пабляднелы і доўгі.
Згаладалася вельмі зямля
і спраўляе свой пір —
канібальскі банкет Вальтасара.
Хто б падумаў, што будзе на свеце
людаедства такое!
Колькі ж трэба агню,
каб засмажыць чалавечыя целы!
Вось чаму у паветры
дух слабы эмпірэя;
далібог, не зусім ён агідны!
Быў бы гэты банкет больш прыгожы,
Калі б неба глытала тыя целы разам з зямлёй.
А яно ж паглынае толькі душы забітых
I зусім не сыцее ад гэтага!
Задаволена неба: жангліруе спрытна
агнямі рознакаляровымі…
Я спазнаў разам з ротай маёй
«Слодыч» гэтай вайны
ў макротах траншэяў бясконцых.
Крыкі полымя часта
абвяшчаюць прысутнасць маю.
Тут я выканаў ложак,
тут вусце маё,—
Я разліўся на тысячу рэчак маленькіх,
паўсюдных.
Я ў трапшэі на лініі першай
I, аднак, я — усюды,
прабіраюся ўсюды.
Пачынаю я справу наступных вякоў
І здзяйсняць яе значна цяжэй,
чым легенду аб крылах Ікара.
Я пакідаю будучыні запавет —
гісторыю Апалінэра.
Ён на вайне знаходзіўся
і разам з тым быў ён усюды:
У гарадах, пасёлках тылавых,
дзе шчасце не хімера,
На тым і гэтым свеце пабыў і ў будучыню верыў:
I з тымі быў, хто паміраў
на палях здратаваных,
I з тымі, хто весяліўся з жанчынамі ў рэстаранах.
Быў ён гарматай і канём,
У чатырох краінах свету быў ён пад агнём,
I ў непаўторным кроку войска
жыў.
Калі б сусвет і ўсё, чым я жыву,
Маглі б мяне напоўніць,—
от было б выдатна!