Выбрать главу

Стадыён зашумеў, узарваўся.

— Так! — закрычаў і ён разам з ім, і радасць выбухнула ў ім, і, высока падскочыўшы, ён секануў рукой паветра. — Так! Я ўзяў пенальці! Так! Выцягнуў з самага вугла!

Упэўненасць спакваля авалодвала ім. І хоць пачуццё самоты засталося, амаль што знікла боязь прапусціць недарэчны гол, якога так прагнуў цяпер увесь саракатысячны натоўп тутэйшых заўзятараў, ды яшчэ ў сто раз большая іх колькасць перад экранамі тэлевізараў. І не меншая колькасць прыхільнікаў яго каманды там, на радзіме, спадзявалася зараз на яго спрыт і ўменне валодаць сабой і сітуацыяй, і, адпаведна, спадзявалася, што ён не прапусціць гол.

Валодаць сабой — вось за што ён увесь час змагаўся. Максім часам небеспадстаўна лічыў, што з нараджэння надзелены хоць і ў малой ступені зародкамі аўтызму, гэтай хваробай стагоддзя, пра якую раней амаль нічога не ведалі, але цяпер, дзякуючы распрацоўкам вядомых псіхааналітыкаў, азнаёміліся многія. І ён раз за разам перасільваў у сабе падсвядомае жаданне схавацца, зрабіцца непрыкметным, незаўважным ад усіх. Тым больш у такія адказныя моманты, як гэтая лёсавызначальная для іх усіх гульня.

Між тым гульня набывала своеасаблівую ўнутраную напружанасць. У гаспадароў пляцоўкі не атрымаўся «хуткі» гол, якога пэўна дабіваўся на ўстаноўцы перадусім іх трэнер, і каманда па ходзе матча змяняла рытм. Барацьба ў асноўным цяпер ішла ў цэнтры поля, дзе асноўная нагрузка прыходзілася на паўабаронцаў. Тут ужо амаль усё вырашала тэхніка прыёму і адпасоўкі мяча ў адзіны рух, пра што ім бесперапынку даводзіў патрабавальны Палыч, і што яны штодня адпрацоўвалі на трэніроўках.

Хвілін за пятнаццаць да перапынку ён ужо двойчы выходзіў на перахват пры падачы корнераў і абодва разы паспяхова. Але расслабляцца не выпадала. Метрах у дваццаці ад яго штрафной пляцоўкі абаронца Віталь Шаўцоў (гэх, Віталь, Віталь!) неабдумана «заваліў» форварда сапернікаў, вопытнага і хітрага і, як ён ведаў, схільнага да сімуляцыі Анры Базэна. Штрафны. І вельмі небяспечны за нападзенне на іграка ў атацы. У дадатак, як і чакалася, Стайлз палез у кішеню і выцягнуў «гарчычнік».

Максім захваляваўся, паказаў абаронцам, каб правільна і хутчэй паставілі сценку, сачыў за тым, што адбывалася ля мяча. Намер біць выказалі двое, яшчэ адзін адцягнуўся крыху назад. Хутчэй за ўсё ён будзе біць верхам і пад распасоўку. Найграная камбінацыя. Стайлз адступіў у бок і свіснуў.

Мяч, хітра закручаны «шчоткай», імкліва вылецеў з-пад удару і пайшоў па крывой у левы верхні вугал варот. І цела яго па загадзе нервовых клетак, якія імгненна аддалі каманду мышцам, ірванулася ў той самы левы верхні, туды, у «дзявятку».

У скачку ён адчуў, як пальцы рукі ў пальчатцы сутыкнуліся з мячом, і той пайшоў уверх, за перакладзіну, на вуглавы.

Сэйв!

Стадыён расчаравана зашумеў.

II

Пяццю гадамі раней

Спякотным летнім вечарам, а ў наваколлі стаяла ўстойлівая гарачыня, у кватэры дырэктара і адначасова трэнера абласной дзіцячай футбольнай школы Міхаіла Катовіча прагучаў званок. Катовіч зняў слухаўку. Званіў дзіцячы трэнер з раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.

— Міхась! — сказаў ён пасля некалькіх дзяжурных фраз, — я знайшоў у пасёлку Лаўніца — гэта тэрыторыя нашага раёна — цікавага хлопчыка. Яму трынаццаць год, і ён гуляе ў незвычайны футбол. Табе варта залічыць яго да сябе — не пашкадуеш.

— Што ж у ім такога незвычайнага, Пётра?

— Гэта — будучы варатар ад Бога. Я выпадкова паглядзеў адну мясцовую дзіцячую гульню. Ён адзін варты ўсёй каманды. Заўтра ў іх фінал на мясцовай «паляне». Ты б падаслаў каго са сваіх скаўтаў.

— Не магу. Сам ведаеш — час адпачынкаў. Схадзі, калі зможаш. За мной, як кажуць, не прападзе.

— Атлусцеў ты там у вобласці. Ведаеш, што і я — у адпачынку, і футбол — не мой профіль. Бывай!

І трэнер Пётр Сманцар раздражнёна кінуў слухаўку на рычаг.

Але назаўтра, калі крыху астыў, ён, быццам нехта штурхаў, усё-такі пайшоў на лаўніцкі мясцовы стадыёнчык, занядбаны і неўпарадкаваны, дзе ўжо пачыналася традыцыйная летняя фінальная гульня дзіцячых каманд. Гульня, амаль без заўзятараў, праходзіла спачатку даволі вяла. Варатар Максім Гудаў, які і быў мэтай яго інтарэсу, высокі, гнуткі хлопец, узяў пару мячоў, адзін з якіх, на думку трэнера Сманцара, быў стоадсоткава галявы, потым засумаваў, але неўзабаве стаў праяўляць сваю незвычайную актыўнасць: камандаваў абаронцамі, гнаў іх наперад, выбягаў з варот далёка за штрафную, і, урэшце, выканаў пенальці: сам забіў гол.