Читать онлайн "Планета малпаў" автора Буль Пьер - RuLit - Страница 1

 
...
 
     


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 « »

Выбрать главу
Загрузка...

П'ер Буль

Планета малпаў

Частка першая

Раздзел I

Джын і Філіс бавілі час, вандруючы ў космасе ўдалечыні ад населеных сусветаў.

Міжпланетныя вандроўкі сталі ўжо звычайнай справай, дый міжзорныя пералёты не лічыліся сенсацыйнымі. Зоркалёты рэгулярных ліній дастаўлялі турыстаў у казачныя гарады Сірыуса, а фінансавых тузоў — на знакамітыя біржы Арктура і Альдэбарана[1].

Але Джын і Філіс, гэтая пара нічым не занятых дзетак мультымільянераў, былі вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю і схільнасцю да рамантыкі. Шукаючы задавальнення, яны падарожнічалі ў бязмежнай прасторы пад ветразямі.

Іх касмічная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой — незвычайна тонкі і лёгкі ветразь — надзімалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калі б гэты міні-карабель застаўся без кіравання непадалёк ад якойсьці зоркі — аднак на дастатковай ад яе адлегласці, там, дзе сіла прыцягнення не надта вялікая, — ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркі па прамой лініі. Але зорная сістэма, жыхарамі якой былі Джын і Філіс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволі блізка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулі з трох бакоў пад рознымі вугламі. І вось Джын прыдумаў сапраўды дзіўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразі яго карабля было мноства чорных шторак, якія згортваліся ці разгортваліся ў залежнасці ад жадання рулявога — пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбіцця, а адначасова з ёю і накірунак раўнадзейных сіл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, і калі Джын хацеў паскорыць ход, ён павялічваў дыяметр абалонкі да максімуму — тады велізарная плошча ветразя надзімалася пад націскам светлавых патокаў, і яхта імкліва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына і яго сяброўкі кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымаліся і заміралі, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што несліся насустрач ім. Калі ж Джын хацеў запаволіць ход, то націскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сціскаўся настолькі, што ў кабіне можна было сядзець, толькі шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Ціск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькі шар, і, вольны ў сваім руху, ён быццам павісаў у пустэчы на нябачнай нітцы. Маладую пару забірала салодкае ап'яненне, і яны бавілі доўгія гадзіны ў сваім цесным, створаным толькі для іх маленечкім свеце, які Джын параўноўваў з паруснікам у неабсяжным акіяне, а Філіс — з бурбалкай на павуцінцы вадзянога павука.

Джын выдатна выконваў і іншыя манеўры, нават такія, што лічыліся ў касмічных яхтсменаў найскладанейшымі, напрыклад, паварот оверштаг[2] з выкарыстаннем ценю ад планеты ці якогасьці спадарожніка.

Ён вучыў свайму майстэрству і Філіс, і неўзабаве тая магла ўжо кіраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукі руль, як, захапіўшыся, яна выбірала такі курс, што яхта падыходзіла да самых межаў Сонечнай сістэмы, а там магнітныя буры разбуралі светлавыя патокі, і іх карабель пачынала кідаць, бы арэхавую шкарлупіну. Ужо некалькі разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвіліну, ускокваў бы ашпараны і вырываў у сяброўкі руль. Іншы раз, каб дабрацца да бліжэйшага порта, яму нават прыходзілася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекі.

У той дзень Філіс і Джын бесклапотна ляжалі побач у яхце і загаралі пад промнямі трох сонцаў іх роднай сістэмы. Джын драмаў і думаў пра Філіс і пра сваё да яе каханне. Філіс глядзела ў неабдымны космас, загіпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзін з любімых яе заняткаў.

Раптам Філіс уздрыгнула і прыўзнялася. Недзе наперадзе бліснула дзіўная іскарка. Прайшло колькі секунд, і іскарка бліснула зноў. Філіс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкі зіхоткі прадмет. Інтуіцыя, набытая Філіс у касмічных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзіўся з сяброўкай і Джын, а ён у такіх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты — вызначыць адлегласць было цяжка — у космасе плыло нейкае зіхоткае цела. Джын схапіў бінокль і стаў углядацца ў таямнічы прадмет. Філіс нецярпліва прытулілася да пляча свайго прыяцеля.

— Рэч невялікая, — сказаў Джын. — Здаецца, шкляная… Пачакай, дай угледзецца!.. Яна набліжаецца… Хуткасць большая за нашую… Слухай…

На твары ў Джына было здзіўленне. Ён нават выпусціў з рук бінокль, які Філіс адразу ж падхапіла.

— Дарагая, гэта ж бутэлька.

— Бутэлька?

Філіс таксама паглядзела ў бінокль.

— Але, бутэлька… Ну, вядома. Са светлага шкла… Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзіне штосьці белае. Напэўна, папера… Цыдулка! Джын, трэба яе злавіць!

Джын, відаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавіраваць, каб перахапіць бутэльку. Яму ўдалося амаль імгненна змяніць курс і зменшыць хуткасць — з такім разлікам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Філіс паспела надзець скафандр і выйсці праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапіўшыся за трос, з сачком на доўгім дзяржанні ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.

Філіс і Джын ужо не раз удавалася злавіць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы паціхеньку альбо амаль нерухома павісаючы ў пустэчы, яны ўбачылі багата дзіўнага і зрабілі цікавыя адкрыцці, якімі не пахвалішся ў звышхуткіх палётах на зоркалёце. Філіс вылоўлівала кавалачкі былых планет, рэшткі метэарытаў з іншых галактык і нават спадарожнікаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмічнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапісам — а сумненняў у гэтым ужо не было, — сустракалася ўпершыню! Філіс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуціне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:

— Цішэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагоніць… Левы борт… правы борт… Уперад… Усё, злавіла!

Радасна крыкнуўшы, Філіс вярнулася ў кабіну.

У руках у яе сапраўды была вялікая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзіне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.

— Разбі яе, Джын, хутчэй! — ледзь не калацілася Філіс, умольваючы сябра.

Аднак Джын адкалупваў кавалачкі воску спакойна і акуратна. Ды толькі ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявілася, што дастаць з яе скрутак зусім немагчыма, такі ўжо тугі ён быў. Тады прыйшлося ўступіць нецярплівым просьбам сяброўкі і разбіць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткіх аркушаў, спісаных дробным почыркам. Мова запісаў была зямная — Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькі гадоў вучыўся на Зямлі.

Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, і ён ніяк не хацеў пачынаць чытання рукапісу ўголас. І каб не просьбы ўзбуджанай Філіс, якая дрэнна разумела зямную мову і не магла, як ні жадала, прачытаць рукапіс сама, ён, магчыма, так і не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запісаў, што так выпадкова трапілі ім у рукі.

Джын зменшыў памеры ветразя да мінімуму, каб яхта павісла ў прасторы, упэўніўся, што вакол няма ніякае небяспекі, і, выпрастаўшыся побач з Філіс, пачаў чытаць.

вернуться

1

Сірыус, Арктур, Альдэбаран — найярчэйшыя зоркі ў сузор'ях Вялікага Пса, Валапаса, Цяльца.

вернуться

2

Оверштаг (гал. overstag) — паварот судна з ветразямі носам да сустрэчнага ветру.

     

 

2011 - 2018