Выбрать главу

Вацлаў Ластоўскі

Што трэба ведаць кажнаму беларусу

Артыкул

I. ПРА СЯБЕ І СВОЙ НАРОД

Кажны сучасны культурны чалавек перш-наперш павінен ведаць, хто ён такі, якая ягоная мова, народ і край, дзе ён жыве, якая ягоная гісторыя. Ён ад малых дзён павінен умець ужо адказаць на самыя простыя асноўныя пытанні, як прыкладам:

— Хто мы?

— Мы беларусы.

— Хто гэта беларусы?

— Беларусы — гэта народ арыйскае расы, славянскага племя.

— Што гэта народ або нацыя?

— Народ або нацыя — гэта згуртаваньне людзкіх пакаленьняў, у іхным бязупынным патоку, ніколі няспыняльным і невычарпальным, якія маюць адно расавае паходжаньне, г. зн. у чыіх жылах цячэ адна кроў, хто засяляе адну тэрыторыю, мае свой арыгінальны фізычны і духовы тып, свае звычаі, культуру, гісторыю і народны характар, якім розьняцца ад іншых людзей, гавораць аднэю моваю, ды праяўляюць сваю нацыянальную сьведамасьць і волю.

— Ці беларусы зьяўляюцца народам?

— Так, беларусы зьяўляюцца народам, бо маюць сваю асобную мову, беларускую, засяляюць суцэльнай масай адну тэрыторыю, маюць сваю даўную гісторыю, культуру, звычаі, становяць асобны фізычны і духовы тып і праяўлялі ды праяўляюць сваю нацыянальную сьведамасьць і волю, імкнучыся да лепшага самастойнага жыцьця.

— Ці шмат ёсьць народаў?

— На сьвеце ёсьць шмат розных народаў, і кажны дбае пра сваё дабро, пашыраючы нават часта свае уплывы на суседнія народы, каб карыстаць з іхных багацьцяў і працы, вывышаючы сябе, а паніжаючы іншых. Так, прыкладам, нашыя суседзі — расейцы і палякі — заўсёды стараліся пашыраць свае уплывы сярод беларусаў. Яны выкарыстоўвалі нашых людзей, нашыя багацьці, ды, пануючы у нашым краі, сьпіхалі беларусаў на апошняе месца, стараліся русыфікаваць або палёнізаваць беларусаў. Яны стараліся угаварыць нясьведамых нашых братоў, каб выракаліся свайго роднага: мовы, песьні і граматы, а заміж нашага роднага падсоўвалі сваё чужацкае. Гэткіх авечак у воўчай скуры трэба высьцерагацца.

— Хто можа належыць да таго ці іншага народу або нацыі наагул і да беларускага народу у паасобку?

— Прыналежнасьці да таго ці іншага народу або нацыі нельга выбіраць паводле свайго успадабаньня. Прыналежным да таго ці іншага народу стаецца кажны чалавек ужо ад свае прыроды, ад свае крыві, целам і душой сваёй. Гэта значыць, у каго плыве беларуская кроў, хто гаворыць пабеларуску, — той гэтым самым прыналежыць да беларускага народу.

Сьведамым грамадзянінам народу свайго становіцца беларус толькі тады, калі ён усьведаміцца, — гэта значыць, пазнае добра, хто ён сам ды пачуе духовую і кроўную сувязь з усім сваім народам.

Народная сьведамасьць збліжае і злучае людзей у вадну моцную сям'ю. Даражэйшы і мілейшы нашаму сэрцу будзе кажны беларус, хоць-бы ён найдалей ад нас жыў, бо ён прыналежыць да нашага народу беларускага, бо гэта наш брат з народнасьці. Усе іншыя народы, хоць-бы яны і жылі на Беларусі, аднак яны нам чужыя, бо яны спагадаюць і любяць кажны свой народ і сваю Бацькаўшчыну, а ня нашую.

— Колькі ёсьць усіх беларусаў?

— Беларусаў агулам на усім сьвеце жыве больш за 15 міліёнаў. Сваім лікам беларускі народ займае сярод іншых народаў паважнае месца. Найвялікшым народам зьяўляюцца:

немцы, якіх ёсьць больш за 100 міліёнаў
расейцаў » » » 65 »
ангельцаў » » » 47 »
французаў » » » 42 »
італьлянцаў » » » 42 »
украінцаў » » » 40 »
гішпанцаў » » » 25 »
румынаў » » » 19 »
беларусаў » » » 15 »
вугорцаў » » » 10 »
галяндцаў » » » 8 »
партугальцаў » » » 7 »
чэхаў » » » 6 »
баўгараў » » » 6 »
грэкаў » » » 6 »
швэдаў » » » 6 »
фінаў » » » 4 »
данцаў » » » 4 »
нарвэжцаў » » » 3 »
ірляндцаў » » » 3 »
славакаў » » » 3 »
ліцьвіноў » » » 3 »
латышоў » » » 2 »
эстонцаў » » » 1 »