Выбрать главу

Мікалай ЧАРГІНЕЦ

ВАМ — ЗАДАННЕ

Валодзя Славін

Лета 1941 года выдалася гарачым. У блакітным, бясхмарным небе ярка свяціла сонца. Валодзя Славін глядзеў на спакойную роўнядзь возера і ўяўляў, як ён правядзе лета. Скончаны сёмы клас, наперадзе — канікулы, сустрэчы з сябрамі, спартыўныя гульні, рыбалка. Ды ці мала іншых не меней цікавых заняткаў!

Сюды прыбягаў ён ужо трэці дзень запар. Яшчэ 18 чэрвеня воды Свіслачы пачалі запаўняць велізарны катлаван, і цяпер хлапчук, стоячы на абрывістым беразе, з цікавасцю назіраў, як на яго вачах мяняюцца знаёмыя краявіды.

Валодзя адламаў ад алешыны сухі сук, запусціў яго ў вялікі зялёны куст, што праплываў міма, стрэльнуў чорнымі вачамі ў бокі дзяўчынкі, якая ста­яла паблізу:

— Ну, што, Лена?.. Пайшлі.

Неадказваючы, дзяўчынка падняла каменьчык, шпурнула ў ваду. Ад воплеску разышліся шырокія кругі. Пасля гэтага яна падышла да Валодзі. Яны накіраваліся да хат, што віднеліся ўдалечыні. Некаторы час Лена ішла моўчкі, потым нахілілася, сарвала буйны рамонак, спытала:

— Заўтра пойдзеш на адкрыццё возера?

— Вядома! Усе нашы хлопцы пойдуць.

Лена нечакана кінула ў яго рамонак і, смеючыся, пабегла.

— Заўтра я табе наладжу вадохрышча ў возеры! — гарэзна крыкнуў ёй наўздагон Валодзя і ніцма ўпаў у густую траву.

Ён трохі паляжаў на спіне, прыслухоўваючыся да рытмічнага перастуку малаткоў: зусім побач за густым лазняком касцы адбівалі косы. Потым Валодзя падумаў пра школу, пра аднакласнікаў. Проста над ім з’явіўся самалёт. Гэта была двухкрылая «страказа». Машына спачатку пайшла па крузе, затым зрабіла «мёртвую пятлю», за ёю «горку». «Выдатна! — з захапленнем глядзеў хлопец. — Вось бы мне так!.. А можа, пайсці на лётчыка вучыцца? А што? Скончу дзесяць класаў і пайду. — Ён уявіў сябе ў лётнай скураной куртцы, убачыў зайздросныя позіркі хлапчукоў. — Трэба будзе з бацькам параіцца», — Валодзя падняўся з зямлі.

Дома ён паабедаў і, папярэдзіўшы маці, пайшоў на вуліцу да сяброў, а калі вярнуўся, то на кухні сядзеў ужо бацька і з апетытам еў. Валодзя сеў побач:

— Тата! Заўтра пойдзеш на адкрыццё возера?

— Заўтра? Не, не магу. Мне — працаваць.

Бацька павячэраў, устаў з-за стала, прайшоўся па пакоі. Невысокага росту, і ў свае сорак шэсць гадоў ён выглядаў па-юнацку статным, падцягнутым. Блакітныя вочы звычайна свяціліся вясёлай цікаўнасцю. Кароткія валасы непакорліва тапырыліся над высокім ілбом. Валодзя любіў бацьку. Заўсёды і ва ўсім стараўся быць падобным на яго. Вось і цяпер, убачыўшы бацьку нязвыкла сур’ёзным, задуменным, і сам прыцішэў.

Бацька падышоў да маці, ціха сказаў:

— Дзякуй. Я, мабыць, пайду спаць. Стаміўся штосьці. Дый заўтра трэба ўставаць у пяць. Пастаў будзільнік.

Валодзя ўзяў два вядры, пайшоў па ваду. Ля веснічак сустрэў сястрычку Жэню. Тая прапанавала:

— Дай мне адно вядро. Дапамагу.

— Не трэба, сам данясу.

Жэні нядаўна мінула васямнаццаць, але яна выглядала яшчэ зусім дзяўчынкай.

Яны ўвайшлі ў хату. Валодзя ўзяў газету, якую прынёс бацька з друкарні, дзе працаваў наборшчыкам, і пайшоў у свой пакой. Ён, як і бацька, любіў пачытаць перад сном. Прыемна было раней за іншых даведацца самыя свежыя навіны. Бацька заснуў і адразу захроп. Распранаючыся, сын з усмешкай уявіў, як цяпер за тонкую перагародку да бацькі зойдзе маці і скажа: «Ну вось! Разшумеўся, паравозік», — і прымусіць яго павярнуцца на бок.

Валодзя, трохі пачытаўшы, адклаў газету і чамусьці ўспомніў пра міліцыянера, які ўчора прыходзіў у двор, штосьці высвятляў у суседзяў. «А можа, пайсці ў міліцыю?— падумаў Валодзя і тут жа ўявіў сябе работнікам крымінальнага вышуку. — Цікава, як да гэтага паставіліся б бацькі? Хоць чаго ім дзівіцца? Ёсць жа ў нашым родзе і міліцыянеры».

Уладзімір успомніў сваіх стрыечных братоў. Адзін з іх — дваццаціпяцігадовы Аляксей Купрэйчык запрасіў Славіных у нядзелю на вяселле. Але бацькі адмовіліся — бацьку трэба на працу.

«Шкада, што не паехалі, — падумаў хлопец, — у вёсцы цяпер добра. Уначы вогнішча можна было б распаліць, а днём — у сене пакачацца, прыгажосць! — але тут жа сябе перабіў: — Пастой, пра што ж гэта я думаў? А, пра міліцыю». — І ўспомніў свайго другога стрыечнага брата па маці — Мачалава Пятра. Той старэйшы за Аляксея — яму трыццаць пяць. Працуе ў раёне ўчастковым упаўнаважаным.

«Дзіўна, як я мала ведаю сваіх стрыечных братоў, нават бачыў іх усяго некалькі разоў. Трэба будзе адпрасіцца ў бацькоў ды з’ездзіць да кожнага з іх. Толькі ці будуць яны са мной важдацца? У Пятра ўжо двое дзяцей, а мне яшчэ і шаснаццаці няма».