Выбрать главу

У наступную хвiлiну з тэлегляда, што стаяў у канцы залы, пачуўся гiдкi скрыгатлiвы голас, быццам пачаў працаваць вялiзны нязмазаны механiзм. Ад гэтых гукаў выварочвала нутро i валасы ўставалi дыбарам. Двуххвiлiнка Нянавiсцi пачалася.

На экране, як звычайна, з'явiўся твар Ворага Народа Эмануiла Гольдштэйна. Сям-там сярод гледачоў пачуўся свiст. Маленькая жанчына побач завiшчала ад страху i агiды. Гольдштэйн быў рэнегат i адступнiк, якi калiсьцi, вельмi даўно (як даўно - нiхто ўжо дакладна не памятаў), быў адным з кiраўнiкоў Партыi i стаяў ледзь не на адным узроўнi з Вялiкiм Братам, але пасля ўцягнуўся ў контррэвалюцыйную дзейнасць, быў засуджаны на смерць i знiк пры таямнiчых абставiнах. Змест Двуххвiлiнак Нянавiсцi мяняўся з дня на дзень, але не было нiводнай, дзе б Гольдштэйн не выступаў у галоўнай ролi. Ён быў галоўны здраднiк i галоўны спаганшчык чысцiнi Партыi. Усе наступныя антыпартыйныя злачынствы, усе здрады, акты сабатажу, iншадумствы, адхiленнi ад партыйнай лiнii мелi пачаткам яго фальшывае вучэнне. Ён яшчэ недзе жыў i строiў свае падкопы - можа, недзе за акiянам, пад аховай сваiх шчодрых замежных гаспадароў, цi, можа нават, калi верыць чуткам, недзе ў добрым сховiшчы ў самой Акiянii.

Ўiнстану заняло дух. Заўсёды, калi ён бачыў Гольдштэйнаў твар, яго апаноўвалi супярэчлiвыя пачуццi. Гэта быў худы жыдоўскi твар з густою капой кучаравых сiвых валасоў i казлiнай бародкай - разумны i чамусьцi трохi агiдны твар. Доўгi тонкi нос, на канцы якога вiселi акуляры, дадаваў твару старэчасцi. Твар быў падобны да авечае морды, нешта авечае было i ў голасе. Гольдштэйн выступаў са сваiмi звычайнымi злоснымi нападамi на вучэнне Партыi, такiмi недарэчнымi i бязглуздымi, што iх марнасць зразумела б нават дзiця. I, аднак, яны былi дастаткова праўдападобныя, каб абудзiць трывогу, што яны могуць звесцi з добрага шляху трохi меней перакананых людзей. Ён знеслаўляў Вялiкага Брата, асуджаў дыктатуру Партыi, патрабаваў неадкладнага заключэння мiру з Эўразiяй, выступаў за свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў, свабоду думак, iстэрычна крычаў, што Рэвалюцыi здрадзiлi - прамова была паспешлiвая, шматслоўная, нiбы пародыя на звычайны стыль партыйных прамоўцаў, у ёй былi нават некаторыя словы з навамоўя i нават болей навамоўных слоў, чым звычайна ўжывае любы сябра Партыi. I ўвесь гэты час, каб нi ў кога не ўзнiкла нi калiва сумнення ў тым, што ў сапраўднасцi хавалася за агiднымi выслоўямi Гольдштэйна, за яго спiнай на экране тэлегляда праходзiлi маршам бясконцыя калоны эўразiйскага войска, бясконцыя шэрагi дужых з выгляду людзей з безвыразнымi азiяцкiмi тварамi. Яны наблiжалiся да гледачоў, расплывалiся ў экране, саступаючы месца iншым. Аднастайны рытмiчны грукат салдацкiх ботаў ствараў гукавы фон, праз якi прабiвалася авечае маркатанне Гольдштэйна.

Не прайшло i паўхвiлiны праграмы Нянавiсцi, як з глотак паловы людзей, сабраных у зале, вырваўся неўтаймаваны крык гневу. Самазадаволенага авечага твару на экране i пагрозлiвай магутнасцi эўразiйскага войска было нават болей чым дастаткова: адзiн толькi выгляд Гольдштэйна, адна думка пра яго мiжволi спараджалi страх i лютасць. Ён быў больш трывалы аб'ект нянавiсцi, чым Эўразiя або Ўсходазiя, бо калi Акiянiя ваявала з адной дзяржавай, дык звычайна з другой яна заставалася ў стане мiру. Дзiўным было, аднак, тое, што, нягледзячы на ўсеагульную нянавiсць i пагарду, нягледзячы на тое, што кожнага дня тысячу разоў з трыбун, з тэлегляда, у газетах, у кнiгах iдэi Гольдштэйна праклiналiся, абвяргалiся, высмейвалiся, паказвалiся перад грамадствам як нявартая бязглуздзiца, - нягледзячы на ўсё гэта, здавалася, што ўплыў Гольдштэйна нiколi не меншаў. Усё новыя i новыя ахвяры чакалi, каб паддацца ягонай спакусе. Не праходзiла нiводнага дня, каб Палiцыя Думак не выкрывала шпiёнаў i сабатажнiкаў, што дзейнiчалi паводле ягоных загадаў. Ён быў галоўным кiраўнiком вялiкай прывiднай армii, шырокай сеткi падземнiкаў-змоўнiкаў, што мелi за мэту скiнуць урад. Казалi, што гэтая арганiзацыя завецца Братэрства. Хадзiлi таксама пагалоскi аб нейкай жахлiвай кнiзе, дзе былi сабраныя ўсе аблудныя тэорыi, аўтарам якiх быў Гольдштэйн. Кнiга гэтая сям-там патаемна хадзiла па руках i не мела назову. Калi пра яе iшла гаворка, дык казалi проста кнiга. Але пра ўсё гэта можна было даведацца толькi з няпэўных чутак. Звычайныя сябры Партыi старалiся, калi гэта было магчыма, не згадваць у размовах нi Братэрства, нi кнiгi.

На другой хвiлiне Нянавiсць перайшла ў шаленства. Людзi падскоквалi з месцаў i дзiка крычалi, каб заглушыць дурманлiвае бэканне, што гучала з экрана. Маленькая жанчына побач пачырванела i хапала ротам паветра, як выкiнутая на бераг рыбiна. Нават цяжкi твар О'Браэна змянiў колер. Ён сядзеў проста, нiбы кiй праглынуўшы, i яго важкае агруддзе надзiмалася i дрыжала, быццам ён змагаўся з навальнай хваляй. Чарнявая дзяўчына, што сядзела за Ўiнстанам, крычала: "Свiння! Свiння! Свiння!" Раптам яна схапiла цяжкi Слоўнiк навамоўя i шпурнула яго ў экран. Ён трапiў Гольдштэйну ў нос i адскочыў. Голас няўмольна гучаў далей. У момант прасвятлення Ўiнстан заўважыў, што ён крычыць разам з усiмi i раз'юшана малоцiць па бiльцы крэсла. Самае жахлiвае ва ўсiм гэтым было не тое, што трэба было саўдзельнiчаць, а, наадварот, тое, што не саўдзельнiчаць было немагчыма. Праз паўхвiлiны ўжо не трэба было прыкiдвацца. Жахлiвае ачмурэнне ад страху i прагi помсты, жаданне забiваць, катаваць, трушчыць молатам галовы працяло, нiбы электрычны ток, усiх гледачоў, ператварыўшы iх мiмаволi ў раз'юшаных вар'ятаў. Але шаленства, якое ахапiла гледачоў, было пачуццём абстрактным, няпэўным, яго можна было перавесцi з аднаго аб'екта на другi, як прамень пражэктара. Так, на нейкi момант Ўiнстан адчуў, што яго нянавiсць накiравана зусiм не на Гольдштэйна, а на Вялiкага Брата, Партыю i Палiцыю Думак. Гэткiмi хвiлiнамi ён iмкнуўся сэрцам да самотнага ерэтыка, аддаванага здзеку i глуму на экране, адзiнага ахоўнiка праўды i здаровага розуму ў свеце хлуснi. Аднак праз хвiлiну Ўiнстан усёй душою быў ужо з людзьмi, што сядзелi навокал, i ўсё, што казалася пра Гольдштэйна, здавалася яму слушным. I тады патаемная агiда да Вялiкага Брата саступала месца гарачай любовi. Вялiкi Брат, непераможны i бясстрашны абаронца Радзiмы, узвышаўся неадольнай скалою перад азiяцкiмi ордамi. Гольдштэйн, нягледзячы на адлучанасць, на бяссiльнасць i на сумненне наконт факта яго iснавання, быў падобны да злавеснага чараўнiка, што здольны ўладай свайго голасу разбурыць асновы цывiлiзацыi.

Часамi можна было напружаннем волi скiраваць сваю нянавiсць на той або iншы аб'ект. З намаганнем, роўным таму, з якiм у жахлiвым сне адрываеш галаву ад падушкi, Ўiнстану раптам удалося перанесцi нянавiсць з твару, што быў на экране, на чорнавалосую дзяўчыну, якая сядзела ў яго за спiнай. Перад яго вачыма паўсталi жывыя i яскравыя вобразы. Ён збiвае яе наўмор гумовым кiем. Ён прывязвае яе голую да слупа i дзiравiць яе стрэламi, як святога Себастыяна. Ён гвалцiць яе i ў момант аблягчэння пераразае ёй горла. I ён зразумеў лепш, чым некалi раней, чаму менавiта ён яе ненавiдзеў. Ён ненавiдзеў яе, бо яна была маладая, прыгожая i бясполая, бо хацеў з ёй пераспаць, але не мог i не змог бы нiколi, бо вакол яе тонкай гнуткай талii, якую так i хацелася абняць, быў абвязаны агiдны чырвоны пас - ваяўнiчы сiмвал цнатлiвасцi.