Ax, часы, нібыта
З даверлівай казкі.
— Ах часы! [3] — забытна
Спяваюць хакаскі.
Чарнявыя чайкі.
Прыслухайся лепей —
Чарнявы адчай ix
Сумуе па стэпе.
Упартыя пасмы
Не ўхопіш у жмутак.
Ці стэп
На паласе
Так вычарніў смутак?
Са стэпам іх ростань
Яшчэ не даўгая.
І хваля наросхліст:
— Ах часы! — ўздыхае...
II
Для пчол тут
Калодна і вульна.
Прыплодна
Гудзе дупло.
Пытаю сябе,
Ці ўтульна
Маім землякам было?
Ахвота горш ад няволі.
Як ехала ў свет сяло,
Дык з царскае ласкі
Болей
Ахвоты і волі было.
Адчаем і сцюжай
Касіла.
Па глотку хапала завей.
Сіберным
Злюцелы сівер
Дасюль Беларусь заве.
Выгнанцы ў далонях каравых
Пялегвалі вестку з краёў,
Дзе мякка
Ў ласкавых травах,
Хоць там не багата раёў.
ІІІ
Мора знячэўна
Ўсхліпне ў сціпласці.
Ляду карчэўем
Хочацца выплысці.
Выраем — гаю,
Могілкам — трунамі,
Дном — небакраю
Хмаратабуннаму.
Гай у агоніі —
Гіне ў залітасці.
Хто ад каго
Не
Чакае літасці:
Мы ад прыроды,
А ці ад нас яна?
Душыць куродым
Спёкай нянаскаю.
Вечнасць на плітах
Сонцам засведчана.
Вёсак залітых
Плёнка засвечана.
Дзе калыханка?
Змоўкла пад хвалямі.
Ціха гайданка
Мора падхвальвае.
Клін гагатлівы
Поплаў не ўзрадуе.
Мы — негатывы
Вечнасці здрадлівай.
Нібыта ўсе мы
У каўчэгу Ноевым.
Мора нясе нас.
Смутнае дно яго...
IV
Патужна плячу плаціны —
Турбіны
Турбуюць яе.
«Адзіны, адзіны, адзіны!» —
Тайга Енісею пяе.
Унізе цішу знішчае —
Віхрасты напор раве.
Зірні:
Ў Енісея на шчасце
Дзве макаўкі на галаве.
Аб тым, што шчаслівы,
Уверся,
Ды ў зайздрасці не лысей.
Падпёрты плацінай,
Уверсе
За мора шуміць Енісей.
Не так,
Каб у бога за пазухай,
Стаім у пазусе ГЭС.
Мацнеюць святла запасы хай
Дыктуе штодня прагрэс.
Вада пад намі
Яшчэ раве.
Высока дагас беразняк.
Мы ў сцюжы —
У ГЭС у чэраве.
Наскрозь
Нас працяў скразняк.
Высвечвай,
Енісею былінны,
Багаты на сонечны ўлоў,—
«...Плюс электрыфікацыя ўсёй краіны»
Канкрэтную сутнасць слоў!
Плача Лінда
Далінаю Лінда [4]
Брыла не ў вянках —
Збірала каменне ціхмана
І несла,
Каб горад узняўся ў вяках,
Дзе Калеў яе пахаваны.
А камень быў кожны,
Нібы падавы
Для волата спечаны бохан.
Падраўся хвартух,
Льюцца слёзы ўдавы —
Азёрыцца поплаў глыбока.
Легенда нябёсы
Расчуліць да слёз —
Наплача азёр
Аблачыны
Таму, хто хоць камень адзіны
Прынёс,
Што лёг у падмурак Айчыны.
Ля сосен Піцунды
Сосны рэліктавыя на Піцундзе.
Храм са стагоддзя дзесятага.
Цешымся берагам,
Шэпчам аб цудзе,
Якое намі дасягнута.
Храм хрысціянскі,
Супернічай з барам,
Сосны,
Пра даўнасць напомніце.
Шпар пляжнікаў, мора,
Салёным варам.
А вы са мною,
Хаця й на поўначы,
Сосны мае з партызанскай зоны,
Вы не рэліктавыя —
Вынослівыя.
Ліўні свінцовыя — не мусоны
Хмарамі вас хрыстосвалі.
Вы не шуміце
Ў падручніках школьных,
Вы не абвешаны
Дачнымі трантамі.
Чорнае неба
Данбаскіх штольняў
Трымаеце з паслявайны
Атлантамі.
Сосны думныя,
Незаменныя,
Падсочак падсумкамі
Аперазаныя,
Безыменныя,
Як нартызаны,
Вы!