Выбрать главу
Над лужынамі з сінізной Хмурыны — абразамі.
Зразаюць яблыні вясной — Не абразаюць!

* * *

Крывіч І зямляк Скарыны, З краплінаю балцкай крыві, Я з краю таго, з краіны, Дзе пасвяцца зор раі.
Губіў я прадонны гарнец — Дасюль галава гудзе. Маланкай кшчоны паганец, Малюся агню й вадзе.
Люблю, як у Чысты Чэцвер Купае дзяцей крумкач, Як грэе паляну цецер Шаленствам шлюбных удач.
Нанова вясною кожнай Прыходжу на свет малады. Раллёю, Лядам, Пакошай Вядуць на клады Сляды.
Даволі выхадзіў доле, Намарыўся ў небясі. Кажу па-літоўску долі: — Ачу уж дэбясіс! [5]

* * *

У дошку цвік ідзе, Ідзе ў сасну з палёгкай, Чужы жудзе, бядзе, Сагнецца — Не спалохай!
І стаць сасне сцяной — Спіной вясёлай хаты, Ці вечнай той Адной, Дзе ўжо не страшны краты.
Хто Зноў Па чарадзе? — Чакаюць смех i ліха. Так гулка цвік ідзе — Ажно наўколлю ціха.

* * *

Адстаць ад шумнага парому, Застацца перад небам зімнім. Хіба што веснавому грому Шаптаць: «Яшчэ мы, браце, грымнем!»
Хоць гром той, Як забыты верад, Прыглух даўно ў будзённым болі. І загрымець нагамі ўперад Прасцей, Чым выйсці з лесу ў поле.
Не шкадаваць Пра ўдзел у стачцы, Што патрабуе ліцца вінам, Сам-насам З роздумам застацца Сабе самому напамінам.
І тое, Што было высновай, І тая, Што была адзінай, Імглой развідніцца вясновай, Сплыве пад крыгалом Ільдзінай...

Возера ля небасхілу

Быццам цяпла стае, Сонца смяецца міла... Сталыя дні мае — Возера ля небасхілу.
Шэпчуцца дзён чараты, Радасці гусі — ў вырай. Хочацца дабраты, Хочацца дружбы шчырай.
Грэюць спагады кастры. Тлее адчаю прысак. Хваляй з чала сатры Прывід самотных рысак.
Зорнай маёй журбе На недалёкай мілі Ценем адбіцца ў табе, Возера на небасхіле...
вернуться

5

Дзякуй за хмары.