Выбрать главу

— Ды я веру, што зробіце помнік… Я думала пра другое. Недзе чытала, як вялікая і дружная сям’я стала жыць у далёкім краі. I ўсё хацела ўцячы адтуль. Цягнула яе на новыя, лепшыя землі. А потым памёр бацька, паставілі на яго магіле крыж. Вось тады сын гэтага чалавека і кажа: «Цяпер нікуды не паедзем, Зямля прывязала нас да гэтага месца».— Фруза памаўчала крыху, потым дадала: — Успомнілася, а чаму і сама не разумею. А помнік абавязкова паставім. Хто не шануе памёршых, той не шануе сябе. А мы часта многае не ўмеем зберагаць у памяці…

Назад мы вярталіся па старой кардонскай дарозе. Тут усё напамінала мне аб мінулым. Па гэтай. дарозе я хадзіў у школу. Вось тут, у ельніку, сустрэў зімнім днём Хрысціну… Як даўно ўсё гэта было. Смешна? Не, бадай сумнавата. Тады ў мяне не было клопатаў і вялікіх трывог. А можа і цяперашнія клопаты калі-небудзь будуць здавацца наіўнымі. Усё, што перажыта, здаецца не самым важным у жыцці.

Нечаканы гудок прымусіў мяне рэзка адскочыць на бок, Распырскваючы ваду з лужын, міма нас праляцела і спынілася воддаль грузавая машына. Вытыркнуўшыся з кабіны, усміхаўся Хведар.

— Прагулачкі, значыць, устрайваем… Яно так павялося — начальства гуляе, а рабочы чалавек аблівайся потам на працы. Можа, падвезці загадаеце?

Было не зразумець, ці жартуе Хведар, ці кажа ўсур’ёз. Я чамусьці адчуваў сябе няёмка. Было сорамна перад Фрузай. Але яна, здаецца, зусім не збянтэжылася.

— Вы заўсёды вось так палохаеце людзей? — запыталася яна.

— Палахлівых заўсёды,— ашчэрыўся Хведар.

— То дарэмна сігналілі. А вось вам варта пабойвацЦа ў такім стане садзіцца за руль. Можаце назусім страціць правы шафёра.

Я чакаў, што Хведар выкіне якую-небудзь шаляніну, але ён раптам пачаў апраўдвацца, а потым пастараўся хутчэй паехаць.

— Не падабаецца мне гэты Хведар Камарык,— сказала Фруза, калі мы засталіся ўдвох.— Хіба няма каго паставіць шафёрам?

Я чамусьці пачаў яго абараняць. У той дзень мне хацелася быць добрым. Мабыць, вінавата была вясна.

Дома мяне чакалі. У хаце за сталом сядзеў Віцька, сёрбаючы з кубка малако. Я не верыў сваім вачам. Віцька! Той самы, што прытуліў мяне, калі я бадзяўся па прыазёрным парку.

— Віцька, адкуль ты?

— Абяцаў жа прыехаць у госці… Думаў, што я не прыеду?

— Гэта ж, во, іду з поля, а ён цябе пытаецца,— пачала апавядаць маці.— Дык я адразу здагадалася, што за госць такі з неба зваліўся. Галодны зусім хлапчук! I як толькі такога малога пусцілі ў такую дарогу?

Віцька апусціў вочы, шморгаў носам, сапеў.

— Ну, як ты жывеш? Як ласка?

Віцька адразу ўзгарэўся, пажвавеў:

— Ласка ўцякла. Маці яе незнарок выпусціла. Во ўцякала… Я за ёй паўдня ганяўся. Хацеў злавіць і табе прывезці. Мы яе разам у лес занеслі б. А яна сама ўцякла.

— Ты, мусіць, здорава на вучобу націскаў, што ўсох гэтак? — пажартаваў я.

Віцька сумеўся, пачырванеў. Было відаць, што яму не хочацца гаварыць пра свае хатнія справы. Я не стаў настойваць. Пасля, калі мы пайшлі на возера, ён ашаламіў мяне прызнаннем:

— Знаеш, Янка, а я з дзіцячага дому ўцёк… Ну, не зусім адтуль. Наташка з маці да таго дагуляліся, што іх пад суд аддалі, а мяне хацелі ў дзіцячы дом адправіць. Тады я і надумаў махануць да цябе. Я і раней хацеў ехаць, ды маці не пускала. «Ён,— кажа,— абдурыў цябе. Трэба ты яму вельмі…» А потым, як яе забралі, дык я ўжо не раздумваў.

Шчыра кажучы, Віцькаў прыезд і яго прызнанне крыху збянтэжылі мяне. Што скажа маці, калі пра ўсё даведаецца? Адна справа, калі б Віцька пагасцяваў крыху... А ён прыехаў надоўга. Але я быў гатовы на ўсё — чалавека ў бядзе не кіну.

На возеры хлапчукі лавілі рыбу. Віцька спыніўся, зачараваны возерам, хлапчукамі і рыбай, што паблісквала ў траве серабрыстай луской.

— А вудачкі я не ўзяў,— пашкадаваў ен,— Тожа мне лаўцы… Тут, мабыць, можна шчупакоў лавіць, а яны плотак вудзяць. Дзівакі!..

— Нічога, Віцька, ты іх навучыш, як трэба сапраўдную рыбу лавіць,— сказаў я, быццам ужо вырашыў, што Віцька застаецца ў нас.

I ён, здаецца, зразумеў гэтак мае словы.

— А маці твая не будзе сварыцца, што я жыць застануся?

— Маці — не ведаю,— прызнаўся я,— а айчым не будзе. Ён — добры.

— Знаеш, Янка, я ёй памагаць буду. Ты не думай, што я нічога не ўмею. Я ўсё ўмею рабіць. Мне толькі б сем класаў кончыць, а там я ў рыбакі падамся або ў леснікі пайду.

Я ўсміхнуўся, прыгадаўшы свае мары, але не стаў пярэчыць Віцьку. Мары памагаюць жыць, пераадольваць цяжкасці.

Позна ўночы, калі Віцька спаў ужо, прыехаў Загурскі. Убачыўшы на ложку незнаёмага хлапчука, Платон вырачыў вочы: