Выбрать главу

— А гэта яшчэ адкуль?

Давялося расказаць яму пра Віцьку, пра яго маці. Ён доўга маўчаў, потым сказаў мне:

— Дрэнна, што яго, можа, шукаюць. Трэба табе напісаць у райвыканком, каб не турбаваліся. Ну, а пакуль няхай жыве. Ды глядзі за ім. Ён — твой падшэфны…

Я быў бясконца ўдзячны Платону, хоць і ведаў, што інакш ён не скажа.

6

Пілі ў краме яблычнае віно. Хрысцінін муж Тарас Дыга, яго сват Аўсей Ліпка, Сцяпан Макуха і Хведар. Цопа адкаркоўваў бутэльку за бутэлькай, выстаўляў на прылавак. Сам ён не піў, затое частаваў з ахвотай. Чым больш вып’юць гарэлкі або віна, тым большы заробак у Цопы.

Віно пілі з рылца. Бралі бутэльку ў руку, круцілі яе перад сабой, пакуль віно не пачынала вывінчвацца штопарам. Задраўшы галаву, вылівалі віно ў горла. Паўлітра адразу,

Яблычнае віно — кіслае, як воцат, і зусім не п’янае. Моцнасці ў ім градусаў дзевяць, не больш. Затое кіслотнасць — усе сто. Таму мужчыны п’юць і не п’янеюць. Яны, вядома, лепей бы ўзялі дзве бутэлькі маскоўскай. Але тут ёсць адна загваздка, пра якую ведаюць толькі зарачанцы. Яблычнаё віно Цопа дае ў крэдыт — раз, Па-другое, калі хочаш узяць бутэльку гарэлкі, дык бяры дзве бутэлькі віна. Гэта, як кажуць, прымусовы асартымент. Вось чаму мужчыны ласа пазіраюць на паліцы, дзе стаіць гарэлка, і шчыра выконваюць план прымусовага асартыменту.

Мне да зарэзу патрэбны Восіпаў Хведар. Сёння мы пачынаем садзіць бульбу на прырасянскім полі. Трэба, каб Хведар падаў машыну. Жанчыны пайшлі ўжо набіраць бульбу ў ток, дзе яна ляжыць цяпер, а Хведара я доўга не мог знайсці. Крама знадворку зачынена. Але зарэчанскія хлапчукі падказалі, каб я зазірнуў у акно. Вось тады мне і адчынілі дзверы. Сцяпан Макуха саскоквае з бочкі, чорцікам скача вакол мяне.

— Кузьма Аўтаномавіч! — крычыць ён Цопе.— Бутэлечку за мой кошт! Дарагога госця Івана Канстанцінавіча хачу пачаставаць.

Цопа, нібы той робат, маўкліва згінаецца пад прылавак, дастае бутэльку віна, спрытна знімае жалезны, засургучаваны каўпачок. Віно пеніцца.

— Не, дзядзька,— кажу я,— мне няма часу піць. Працаваць трэба. I вы канчайце баль. Трэба бульбу на поле везці,

— Бульба-шмульба… Ліха яе не возьме. Начальства толькі слухай, дык знойдзе работу…

— Гэта не начальства, а мы самі і дзеля сябе бульбу садзім.

— Дык што, па мяне прыйшоў? — пытаецца Хведар.— Не пайду я. Гума ўся на манжэтах. Як пра гуму, дык ніхто не хоча паклапаціцца. Толькі чуеш адно: рэйсы, рэйсы, рэйсы! Пайшлі вы ўсе…

— Ты, Хведар, кінь на аб’ектыўныя прычыны ківаць. Учора, як трэба было сабе дровы прывезці, дык тады гума цэлая была. На левыя рэйсы ў цябе гума ёсць. А для калгасных спраў — на манжэтах.

— Гэта я? Левыя?.. Хто ж гэта брэша? Не, вы чуеце?! Я і левыя рэйсы…

— А на тым тыдні, Хведар, бярозавыя дровы вазіў? Вазіў. I памаўчы. Я не хацеў толькі Чукраю гаварыць… А то ён цябе з шафёраў скінуў бы, ды яшчэ аштрафаваў бы, ды за амартызацыю машыны…

Хведар, відаць, не верыць сваім вушам. Ён прывык, што я заўсёды слухаў яго. На выручку яму прыходзіць Сцяпан Макуха.

— Ай-ёй, Канстанцінавіч, хто цяперака не грэшны? Ну, і што тут дрэннага? Ну, зайшлі выпіць. Зяць во мой прыехаў, Хрысцінчын муж. Во, выпіце… Навошта спрачацца, навошта лаяцца? Хведар паедзе. Пакуражыцца ўсе шафёры любяць.

У Хведаравых вачах тая дзікая, звярыная злосць, якую я бачыў тады, калі Хведар усчынаў на вечарынках бойкі.

— Гэта я — налева? Якая сука сказала?

Дыга і Ліпка хапаюць Хведара за рукі, а ён стараецца дастаць мяне нагой. Я чамусьці зусім не баюся Хведара.

— Хто б там не бачыў — не важна. Але запомні, Хведар, адно — больш левых рэйсаў не будзе. А вас, дзядзька Кузьма, я папярэджваў,— звяртаюся да Цопы,— не вельмі гандлюйце спіртным. Тут не шынок, а савецкая крама. I няма чаго вам спойваць людзей, якім працаваць трэба.

Я такога эфекту не чакаў. Манументальная постаць Цопы раптам меншае ў памерах. Ён бляднее, сціскаецца ад страху.

— Хведар,— крычыць ён,— зараз жа перастань. Тут табе не вечарынка.

Хведар адразу сціхае. Цопа вытурвае ўсю кампанію з крамы.

— От жа лайдакі, п’яніцы! Збавення ад іх няма…— шэпча ён мне.

— Зараз жа гані машыну на поле,— загадваю я Хведару.

— Ладна,— бурчыць ён.

— На пару слоў,— кажа мне Дыга і адходзіць ад астатніх.

Я іду за ім. Цікава, што можа сказаць мне Хрысцінін муж?

— Дык во які ты, Сітоў Іван, дышла табе ў рот!..— кажа Дыга. Ён прыглядаецца да мяне, як мяснік да быка на бойні.

Мне непрыемна і гэтая размова і сам Дыга.

— Што вы хацелі? — пытаюся я.

— Кінь выкацца. Я на цябе злосці не маю. Што было, да таго мне… адным словам, мне на тое плюнуць і нагой расцерці. А надалей, дышла табе ў рот, асцерагайся….