Выбрать главу

Прызнацца, я вялікая фантазёрка. Я магу ўявіць якога-небудзь кніжнага героя, быццам ён жывы, прыпісаць яго рысы каму-небудзь з маіх знаёмых… На гэты раз усё было інакш.

Хлопец, які зайшоў у бібліятэку, не быў падобны на маэмаўскага героя. Сярэдняга росту, хударлявы, з прадаўгаватым валявым тварам. Густыя бровы, упартая складка ля рота, высокі лоб, які час ад часу наморшчваўся. А вочы добрыя, ласкавыя, з усмешкай. Калі ён убачыў, колькі ў бібліятэцы кніг, яны заблішчалі.

Звычайна, я нікога не пускаю за перагародку. А тут не стрымалася, запрасіла: «Праходзьце, калі ласка, пацікаўцеся кнігамі, можа што выбераце сабе». Ён прайшоў моўчкі. Я ўвесь час хацела распачаць з ім гаворку, але ён неяк адмоўчваўся. Пасля я зразумела, што гэта ад няёмкасці. Ён хацеў выглядаць салідным, цвёрдым, нават злосным, хоць быў, на самай справе, мяккі і добры. Мне было цікава назіраць за ім. Янка хадзіў між стэлажоў, часам браў якую-небудзь кнігу і падоўгу разглядаў яе. Мне хацелася зразумець, што яго цікавіць. Але кнігі ён браў без разбору, і гэта чамусьці засмуціла мяне.

Потым мы разгаварыліся. Здаецца, памог той жа Маэм і яго герой Гаген. Я нават прапанавала Янку стварыць перасоўную бібліятэку ў іх калгасе. Ён спачатку адмаўляўся, а потым неяк нечакана згадзіўся.

Пакуль ішла нарада, я выбрала з паўсотні кніг, найбольш тыя, якімі ён цікавіўся. Не ведаю чаму, але я з нецярплівасцю чакала, калі ён зойдзе.

Янка зайшоў нечым засмучоны. Моўчкі ўзяў кнігі і выйшаў. Праз акно мне было відаць, як ён адвязваў каня, як садзіўся ў сані: чамусьці вельмі хацелася, каб ён паглядзеў на акно, пры якім я стаяла. Але ён так і паехаў, ні разу не зірнуўшы ў мой бок. Гэта мяне засмуціла.

У тыя дні ў мяне яшчэ было мала знаёмых. Часам вельмі хацелася паспрачацца з кім-небудзь, як бывала ў тэхнікуме. Янка і здаваўся мне такім чалавекам, з якім можна цікава пагутарыць, паспрачацца. Можа таму я неўзабаве пайшла ў Зарэчча.

Як і раней, Янка больш маўчаў і слухаў мяне. Гэта і раздражняла і радавала. Маўклівыя людзі шмат думаюць, не вельмі стараючыся расказваць людзям пра свае думкі. А мне хацелася выведаць пра яго ўсё.

Пакрысе я даведалася, што Янка пісаў вершы, што ў яго ёсць запаветны сшытак, у якім ён апісвае сваё жыццё. Я таксама часам пішу вершы. Мы шчыра размаўлялі пра жыццё, пра справы ў іх Зарэччы, як самыя найлепшыя сябры.

Дзіўна, чым больш мы з ім размаўлялі, тым менш я разумела яго. Янка то здаваўся мне залішне ўзнёслым, то залішне маркотным і хмурым, то смелым і валявым, то кволым і нерашучым. Чаму гэта? Няўжо вінавата жыццё? Але ж Янка яшчэ толькі пачынае жыць…

Вёска мне не спадабалася. Было ў ёй нешта ад таго часу, пра які я чытала толькі ў кнігах. Калі я сказала нашаму старшыні, ён доўга не мог зразумець, пра што я кажу. Потым ён важна сказаў: «Абсурд! Такая вёска, як і другія». Але я не магла пагадзіцца. Не. Зарэчча нейкае іншае, быццам ускраіна вялікага і бурнага жыцця.

Тады я пайшла да Загурскага. Ён доўга маўчаў, слухаючы мяне. Я чакала, што і ён скажа — «абсурд». Але Загурскі ўсміхнуўся: «Назіранні ў вас ёсць. А цяпер трэба за справу брацца». «А што рабіць?» — запыталася я. Загурскі хітравата жмурыў вочы, барабаніў пальцамі па стале. «Па-першае, вы павінны ведаць, што ў Зарэччы шмат добрых, сумленных людзей. Вось і пачынайце з імі работу. Абуджайце ў іх прагу да барацьбы супраць дрэннага. Па-другое, не забывайцеся, што Зарэчча самая далёкая вёска, а людзі і там павінны адчуваць сябе так, нібы жывуць побач з вялікім цэнтрам. А там нават радыё няма. Вось людзі і стаяць адной нагой у заўтрашнім, другой ва ўчарашнім дні».

Толькі цяпер я ўявіла, як нялёгка Янку з яго светлымі марамі. Цяпер я ўжо не асуджала яго.

Я пачала хадзіць у Зарэчча. То кніг занясу, то пра лекцыю дамоўлюся, то вечар арганізую.

Аднаго разу праводзілі мы з Сітовым вечар. Я ўгаварыла задуброўскую настаўніцу Вольгу Аляксандраўну прачытаць лекцыю «Ці ёсць жыццё на іншых планетах?», а вучняў — выступіць з чытаннем вершаў, са спевамі. Вечар удаўся б, каб не адна прыкрая рэч. У хаце, дзе мы яго праводзілі, ёсць за печчу закутак. I вось там шасцёра хлопцаў пілі гарэлку і перашкаджалі нам. Я запыталася ў дзяўчат: «Хто гэтыя хлопцы?» А яны мне адказваюць, што галоўны закапёршчык у іх Восіпаў Хведар, па прозвішчу Камарык. Тады я сказала Сітову, што вельмі дзіўлюся, як гэта моладзь церпіць хуліганаў. Няўжо трэба выклікаць на вечары міліцыю, каб яна наводзіла парадкі.