Выбрать главу

Янка пачырванеў, быццам гэта яго пакрыўдзіла.

— Я сам пагутару з імі,— сказаў ён.— А то ў нас — як што, дык адразу ў міліцыю…

Ён знік за перагародкай. Спачатку там гаварылі шэптам. Потым мацней. Нарэшце, нехта грукнуў кулаком па стале, нехта закрычаў. 3-за перагародкі выкаціўся гурт — не разбярэш, хто каго б’е ці трымае. Потым паявіўся Янка.

Чацвёра хлопцаў моцна трымалі Хведара Камарыка. Ён усё вырываўся ад іх і брыдка лаяўся. Яго ўсё ж вывелі з хаты. Інцыдэнт быў уладжаны.

Потым дзяўчаты сказалі мне, што Хведар злосны на Сітова. Праз Янку ў Камарыка адабралі машыну. Цяпер ён мусіць хадзіць на працу, як і ўсе. Вось чаму Камарык хоча адпомсціць Сітову.

Расказы дзяўчат мяне ўзрушылі. Як гэта так: злодзей, якога злавілі на месцы злачынства, замест таго, каб адбываць пакаранне, пагражае сумленнаму чалавеку?

Назаўтра я пагутарыла з калгаснікамі. Большасць абуралася Камарыкам. Але як толькі я пачала гаварыць, што такога чалавека варта было б заклікаць да парадку, людзі адступалі назад.

— Ён жа адзін у маці. I так ёй не соладка…

— Маці пашкадаваць трэба…

— У вёсцы заўсёды хлопцы біліся, а каб ад гэтага каму дрэнна было, дык, дзякуй богу, не чутно…

— Пагаварыць з ім варта, але не ў горадзе, а тут…

Вось якія размовы пачула я ад людзей. У іх адчувалася і жаласць да чалавека, якога могуць арыштаваць, і спагада да маці, і абыякавасць да хлапечых сварак. Не было толькі аднаго: клопату пра тых, хто можа паплаціцца жыццём за людскую абыякавасць.

Я неяк чытала ў Шэкспіра, што нягоднікі выкормліваюцца малаком чалавечай дабраты. Калі я слухала зарачанцаў, дык мне хацелася сказаць: хуліганы кормяцца малаком чалавечай абыякавасці.

Мне было балюча за Сітова. Але ён пасмяяўся з маіх страхаў: «Хведар проста некультурны. Аскалёпак старога Зарэчча. Калі яго добра пашараваць, дык ён вунь як заблішчыць».

I ўсё ж я не магла супакоіцца. Пайшла да Чукрая. Той хмурыў бровы, доўга гладзіў круглую, як качан, брытую галаву.

— Не разумею цябе, Салей, хіба я яшчэ павінен думаць, як засцерагчы вечарынкі ад боек. Абсурд! Ідзі вунь да ўчастковага.

Участковы латаў бот. Адна нага ў яго была ў жончыным тапку, другая — у боце. Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў мяне. Падхапіўся быў з табурэткі, паспешліва сарваў з носа акуляры з адной дужкай, хацеў схаваць іх у кішэню, ды не патрапіў: акуляры ўпалі на падлогу. Гэта зусім збянтэжыла і, мабыць, троху раззлавала яго. Быў ён чалавек немаладых год, амаль лысы, хоць яшчэ даволі маладжавы з твару. Я разумела: ён злуецца таму, што разгубіўся перад дзяўчынай.

— Слухаю вас. Рад служыць,— афіцыйна пачаў ён, крыху асвойтаўшыся.

Я расказала пра свае трывогі. Участковы доўга не мог зразумець, што я хачу ад яго, чаго хвалююся. Нарэшце ён усміхнуўся кволай усмешкай, у якой было і асуджэнне маёй трывогі, і іронія.

— Дарэмна, грамадзяначка, турбуецеся. Я тут дванаццаты год служу і — ніводнага смяротнага выпадку. А што фары наставяць, дык то не бяда. Хлопцы маладыя, здаровыя, ім энергію сваю няма куды падзець. Асабліва зімой. Спорт у нас не прызнаюць. Я ўжо Крываносу казаў: «Арганізуй ты ім бокс. Усё ж, разумееш, занятак, ды калі і разаб’юць нос, мяне клікаць не будуць». А Крыванос кажа, што трэнераў няма. Адным словам, грамадзяначка, не бойцеся.

У мяне крыху паспакайнела на сэрцы. А потым зноў закралася трывога. Не, думаю, трэба яшчэ ў райком камсамола схадзіць.

Дні праз два ў горад ехаў Чукрай. Я папрасілася да яго ў машыну. У райкоме мяне спачатку слухалі ўважліва, нават насцярожана, потым пачалі ўсміхацца. Відаць, зразумелі мяне. Ну так, я пакахала хлопца, але я не таму паехала ў райком. Я адчувала, што ў Зарэччы наспявае злачынства, і хацела папярэдзіць яго.

Я трохі гарачылася, таму мае довады былі непераканаўчыя. I ўсё ж я прымусіла сакратара Сашу Выгадку паабяцаць, што ён паедзе ў Зарэчча і сам пераканаецца, якая там стварылася атмасфера.

Дамоў я вярнулася позна. Ужо цямнела, калі прыйшла ў бібліятэкў. Запаліла святло. Бачу — на падлозе канверт. Нехта падсунуў яго пад дзверы. У канверце лісток у клетку, а на ім некалькі паспешліва напісаных слоў:

«Прыязджаў па цябе. Сёння ў нас вечарынка. Хацелася, каб ты перад пачаткам прачытала тую лекцыю, што чытала ў Халябах. Шкада — не застаў. Будзем самадзейнічаць. Іван».

Не ведаю, чаму, але мне здалося, што няшчасце здарыцца ў гэтую ноч. Яна была цёмная, імглістая. Над вёскай вісеў густы туман.

Мне не сядзелася ў чытальні. Штосьці непакоіла. Я зачыніла бібліятэку на гадзіну раней. Але і дома не знаходзіла сабе месца.