Выбрать главу

Мне вельмі цяжка паглядзець яму ў вочы. Не разумею чаму? А вось сорамна, ды і ўсё.

— Нічога, жыве…

Ён пакідае мяне, і я спяшаюся ўцячы. Вупраж, калёсы кідаю на вуліцы, а сам вяду каня на выпас. Нейкія трывожныя думкі не пакідаюць мяне.

Платон Загурскі наш, тутэйшы чалавек. Кажуць, што да вайны ён быў закаханы ў маю маці. Платон працаваў сакратаром у сельсавеце і, калі фронт пачаў прыбліжацца, прыехаў на сельсавецкім кані па маці. Клікаў яе ў адступленне, прасіў выходзіць за яго замуж. Але маці не паехала. Яна так і сказала Платону: «Астанешся, пайду замуж». Пасля вайны Загурскі нешта на другі месяц па дарозе заехаў у Русакі, але маці там ужо не было.

Пра ўсё гэта я даведаўся ад Сцяпана Макухі. Неяк п’яны ён сустрэў мяне на вуліцы і, не ведаю чаму, расказаў пра ўсё:

— Гэта ж, слухай сюды, маёрыхай была б цяпер.

Я тады пакрыўдзіўся за свайго бацьку, які вярнуўся з вайны з асколкам у лёгкіх, а ўсё ж пабудаваў нам хату і загінуў, зваліўшыся з рыштавання. Але Загурскі быў далёка, і ўся колішняя гісторыя зусім не турбавала мяне. А сёння я ўпершыню адчуў, што быццам у чымсьці вінаваты. Быццам я лішні на свеце і замінаю камусьці жыць. Было няёмка і больш крыўдна таму, што я мала ведаў, а мне здавалася, што ўсе ведаюць штосьці большае.

3

Нешта дні праз два Загурскі паявіўся ля нашай хаты. Быў ён у цывільным, і я не адразу пазнаў яго. Убачыў толькі, як маці ўспыхнула чырванню і выпусціла з рук пілу. (Мы якраз пілавалі дровы.)

Загурскі падпёр пахілы пляцень, не спяшаючыся зайшоў на двор, павітаўся. Я заўважыў, што і ён хвалюецца. Ён то хаваў рукі за спіной, то спрабаваў засунуць іх у кішэні. Нейкі час маці і Загурскі стараліся не сустракацца позіркамі. Затое я з нецярплівай цікаўнасцю сачыў за імі. Маці адводзіла вочы, быццам баялася Загурскага. Потым яна замітусілася, завойкала, абтрэсла падол ад пілавіння і, не ведаючы, як быць, склала рукі на грудзях. Загурскі па-мужчынску трымаў раўнавагу, хоць гаварыў ён залішне гучна і нешта зусім не абавязковае, а сам стаяў, як укапаны, на адным месцы. Я не стрываў. Выцягнуў з недапілаванага палена пілу, пайшоў у сенцы.

У хаце было душна. Пахла аерам, прысакам і смажаным салам. Кот кінуўся мне пад ногі, паспрабаваў лашчыцца, але я адкінуў яго нагой. Штосьці прыгнятала мяне. Асцярожна зірнуў праз акно. Маці ўсміхалася, а Загурскі стаяў сур’ёзны і быццам троху злосны. Потым ён скупа ўсміхнуўся, а маці пазмрачнела, зірнула на вокны. Я паспешліва адскочыў.

Трэба было некуды дзяваць сябе. Я падумаў, што найлепш пайсці ў вёску, хоць бы да Данілы. Хуценька пераапрануўся і, думаючы над тым, як бы прашмыгнуць незаўважана, выглянуў на двор. Загурскага не было. Маці падбірала круглякі, складвала іх пад страху.

— Куды ты? Во ўжо гора!.. Дома яму не сядзіцца…— яна выпрастала спіну, дакорліва паківала галавой.— Такі вялікі, а з людзьмі па-людску абысціся не можаш. Хоць бы павітаўся як след.

— Чаго ён прыходзіў?

— Ішоў па дарозе — зайшоў. Чалавек шмат свету пабачыў. Дзе толькі не быў… Мабыць, навёз усяго загранічнага… Ды і пенсію вунь якую палучае… Паашалеюць цяпер дзеўкі. За такога любая пойдзе, дарма, што ўдавец.— Маці гаварыла, як звычайна, але мне здавалася, быццам яна злуецца на кагосьці: — Доўга ж не баўся. Заўтра ранічкай у лес пойдзеш. Я палянку нагледзела — травы на ёй па калена. Скосіш рана, дык да вечара і высахне…

Сонца ўжо кацілася за лес. Доўгі чорны цень сунуўся ў мяне наперадзе, пералазіў цераз узгоркі і канавы, карабаціўся, як скурат на агні. Потым прапаў, расплыўся ў шэранькім змроку.

Недзе на тым баку вёскі дзяўчаты спявалі:

Над бярозай светлы месяц,

Пад бярозаю туман.

Ой, не веру гарманісту:

Яго музыка — абман.

Па галасах чую, што тон задаюць Какосцікавы. I адразу прападае ахвота ісці на дзявочыя галасы. Але і дома сядзець няма як. Вучыць нямецкую мову агоркла, ды і вельмі цяжка аднаму, калі шмат чаго не ведаеш. Перабіраючы нагой за нагу, усё ж іду далей.

Дзяўчат сустракаю за ручаём. Яны пабраліся за рукі, занялі ўсю дарогу. Па баках, нібы вартавыя,— два хлопцы. Аднаго я пазнаю адразу. Восіпаў Хведар, саламяны ўхажор, бо летась ён пайшоў быў у прымы ў Каралішчавічы, але нешта вельмі хутка прыбег адтуль. Другі хаваецца за дзяўчат, прыгінае галаву, потым выскоквае, крычыць:

— Дзеўкі, трымай яго!..— і штурхае мяне ў гурт.

Дзяўчаты прытворна пішчаць. Стась рагоча. Толькі Данілава Шура працягвае руку, пытаецца:

— Атрымаў выклік?

— Атрымаў…

— Не шкадуеш?

— Не. Хутчэй бы паехаць…

— Сумнавата будзе. Каб бліжэй да дому…

— Янка, дурны ты,— ляпае мяне па плячы Стась.— Мой інстытут во! Горад! Трэба было і табе падаваць. Конкурсу не будзе. Я ўсё разшохаў.