Перастане пісаць — і нэндза агортвае душу. Таму, яшчэ водзячы Антося з Грышкам Верасам па Вільні, ён задумаў паказаць любімага дзядзьку не толькі ў гарадскіх, нязвыклых для яго абставінах, а павесці ў Ласток і Альбуць, каб і самому прайсціся незабыўнымі сцежкамі маленства.
Лежачы на турэмным сенніку, ён у думках пераносіўся ў далёкае мінулае, і ўсё перажытае паўставала перад яго вачыма нанова, у паэтычным святле і прыгажосці. Было тады ўсё: і голад, і холад, але цяпер успаміналіся толькі радасныя і вясёлыя падзеі. Памяць быццам адсейвала ўсё кепскае і захоўвала толькі добрае і прыемнае. Што ён даў бы, каб хоць на адзін дзянёк вырвацца з турэмнай задухі і з дзядзькам Антосем заглянуць на Нёман, пасядзець за хатнім сталом, паслухаць песні лясных жаваранкаў...
Яшчэ ў самым разгары была работа над вершаваным апавяданнем, яшчэ дзядзька Антось падыходзіў толькі к банку, а Кастусю не давалі спакою, прасіліся на паперу радкі:
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю...
Былі ў яго паасобныя сцэнкі дамашняга побыту, складзеныя ім даўно і не раз чытаныя зімовымі вечарамі яшчэ ў Альбуці:
Хадзіў па лесе зранку бацька,
У Нёмне рыбу вудзіў дзядзька,
А старшы хлопец пасвіў статка,—
Адна у хаце з дзецьмі матка...
А ззаду, узяўшысь за спадніцу,
За ёй ішоў Юзік-шаляніца,
Ахвотнік рэпай пажывіцца
Або ў садок у вішні ўбіцца...
Даўно напісаны былі і іншыя замалёўкі, асабліва шмат іх прысвячалася дзядзьку Антосю. Інакш і быць не магло: дзядзька ўмеў ладзіць з пляменнікамі, заўсёды знаходзіў для іх цікавую гульню ці забаўку.
Закончыўшы вершаванае апавяданне пра дзядзькавы прыгоды ў Вільні, Кастусь пераключыўся на альбуцкія ўспаміны. Памалу ажывалі даўно знаёмыя мясціны: ціха шумелі асіны, што разам з хвоямі абступалі леснічоўку, булькала ў алешніку крынічка, а на старых пахіленых вербах прабіваліся першыя кволыя лісточкі... Цудадзейную сілу мае паэтычнае слова! Дзякуючы яму не толькі ўзнаўляліся ў памяці мілыя сэрцу драбніцы даўняга клопату і радасці, але і лячыліся балючыя турэмныя раны.
Зноў вярнуўся колішні творчы настрой, бадзёрасць і сіла. Увесь час паміж ранішняй і вячэрняй прагулкай на астрожным двары ён сядзеў над новым творам. Былі ўжо амаль цалкам закончаны раздзелы «Раніца ў нядзельку» і «Леснікова пасада», «Смерць ляснічага», але пэўнага плана паэмы ў Кастуся яшчэ не было. Ён увесь час думаў над тым, каб неяк скампанаваць, аб’яднаць у адзінае цэлае вершаванае апавяданне пра дзядзькавы прыгоды і новыя раздзелы. Трэба было знайсці нешта такое, што звязала б разрозненыя раздзелы. Але што?
Рашэнне з’явілася нечакана. Кастусю прыйшла чарга кухарыць, у памочнікі да яго напрасіўся Цярэшка. Сядзелі яны ўдвух, абіралі бульбу, гаварылі пра волю: у ліпені 1911 года Мацей адбываў свой трохгадовы тэрмін.
— Абрыдла тут мэнчыцца,— казаў Цярэшка.— Рукі даўно сумуюць па плузе і касе... Зямля для селяніна — родная маці. Яна мілая і дарагая карміцелька...
«Зямля — вось што аснова»,— прыйшлі раптам на памяць бацькавы словы. Бедны, не дачакаўся ён свае зямлі. Праз цяжкія выпрабаванні і пакуты набылі сваю палоску маці з дзядзькам Антосем і Уладзікам. Аддалі зямлі яны многа сіл і яшчэ аддадуць, але ці знойдуць шчасце, якое шукаюць?..
Вядома, зямля — найпершая ўмова сялянскага шчасця, яна аснова яго дастатку і дабрабыту. Так думаў бацька, так думае маці, так здаецца і яму, Кастусю. Аднак маскоўскі рабочы Аляксандр Голуб, якога нядаўна пасадзілі ў іхнюю камеру, кажа, што селяніну мала свае зямлі, каб па-людску жыць на свеце. Трэба яму перш за ўсё свабода.
Як бы там ні было, а зямля ёсць зямля. Яна пакуль што аснова сялянскага жыцця. Таму хай зямля будзе ў цэнтры ўвагі паэмы. Можа, і назваць паэму «Зямля»? Бацька збіраўся на сваёй зямлі пачынаць жыццё нанова, на новы лад... Дык няхай і паэма называецца «Новая зямля». Яму яшчэ самому няясна, як выкіруецца сюжэт, але хочацца паказаць дзядзьку Антося, бацьку і маці так, каб усе пабачылі працавітага беларуса, зразумелі яго душу і сэрца. Зачын, здаецца, зроблены някепскі. Дзядзька Карусь хваліць. Дый яму і самому падабаюцца некаторыя мясціны.
Сярод лета ў камеры адбылося многа перамен. Старыя астрожнікі раз’ехаліся хто куды, на іх месца прыйшлі новыя. Студэнта Дурмашкіна яшчэ з вясны павезлі судзіць у Маскву. Дожджык неяк адамкнуў уранку камеру і гукнуў:
— Цярэшка, з вяшчой!
Радасны Мацей кінуўся развітвацца. Пацалаваўся з усімі, а з Кастуся ўзяў слова, што той прыедзе пагасцяваць у Хожава:
— I я рады буду, і яшчэ нехта цябе там чакае...
Цярэшка меў на ўвазе Лізу. Яна нядаўна зноў прыязджала адведаць Кастуся.
Праз некалькі дзён забразгаў ключамі Дожджык і ў суседзяў:
— Кастравіцкі! Збірай манаткі.
Кастусь дапамог дзядзьку Карусю сабраць начынне і фарбы, занёс яго чамаданы ў пачакальню.
— Ну, братко Якуб,— праслязіўся Каганец,— жадаю хутчэй і табе гэтага.
Яшчэ раней паехаў Ёсель на пасяленне ў Сібір, Уладзіка Сальвэсевага і Якава Бязмена перавялі на ніжні паверх. У камеры са старых знаёмых засталіся толькі Мардуховіч і Шпакоўскі. Людзей паменшала, у камеры стала цішэй, і Кастусь увесь жнівень 1911 года цэлымі днямі праседжваў над паэмай.
Акрыляла яго адчуванне набліжэння волі. Засталіся лічаныя дні, а там, браце, загуляем. Толькі б удалося ўладкавацца на настаўніцкую службу! Тады днём займаўся б з вучнямі, а вечарамі пісаў бы «Новую зямлю». Калі б удалося на вясну кончыць паэму, то ўзяўся б за другую. Планы ў Кастуся вялікія. Выспелі, вынасіліся думкі пра Сымона-музыку. Хацелася расказаць пра свае пакуты, нялёгкія жыццёвыя вандроўкі. Хутчэй бы воля, а ён яшчэ пакажа свету, што можа напісаць! Ого-го! Хіба зноў схопяць за руку ці загоняць у салдацкую казарму. Ёсць такая пагроза...
25 жніўня 1911 года нарэшце падаў пасля вялікага перапынку голас Самахвал. Сымонава пісьмо было невясёлае. Праз дзень Кастусь сеў пісаць яму адказ, як мог суцяшаў сябра: «Пасаваць перад жыццём нельга. Ты ж знаходзішся на волі, табе ёсць магчымасць адстаяць сваё права на шчасце і долю. Я яшчэ ў турме, але думкамі даўно на волі...»
— Калі сам шавец ходзіць у падраных ботах, то паўбяды,— сказаў у той дзень Мардуховіч, збіраючыся пасля абеду ў майстэрню.— Але калі ў суседа развальваюцца камашы, то гэта ўжо зусім кепска.
Кастусь абуў новыя чаравікі, купленыя перад судом, і хадзіў у іх, пакуль Мардуховіч падбіў у старых падноскі. А праз некалькі дзён глянуў пад нары — няма новых чаравікаў, адчыніў чамадан — і там няма. Што за праява?
— Хлопцы, хто прыставіў ногі маім чаравікам? — запытаўся Кастусь.
— Абрыдла тваім камашам у турме,— адказаў Шпакоўскі.— Падаліся яны на волю, не дачакаўшыся гаспадара...
Жарты жартамі, а кінуліся шукаць прапажу ўсёй камерай. Перарылі куткі і закуткі, ператрэслі ўсе куфэркі і бэбахі, але Кастусёвых чаравікаў і след прастыў. Клікнулі ў «тэлефон» Івана-верхавода камеры крымінальнікаў. 3 «палітычнымі» Іван жыў у згодзе, а Кастусь нават аднойчы пісаў па яго просьбе пісьмо. Некалькі хвілін у суседняй камеры стаяў страшэнны гармідар: Іван вёў допыт у сваёй «парафіі». Потым гукнуў Кастуся:
— Чаму ж ты, хлопча, раней не агледзеў? Свіння той Свінкін! Гэта яго работа... Я яму, сабаку, галаву адкруціў бы. Ён толькі ўчора выйшаў на волю... Цяпер лаві ветру ў полі...
Кастусь па новых чаравіках вельмі не бедаваў. Ліха іх бяры! Ці гэткае прападала. I колькі яшчэ прападзе... Вунь тры гады змарнаваліся. Радавала адно: скора на волю. Можна тыя дзянёчкі па руках палічыць. Нават цяжка даць веры...
11 верасня Кастусь прачнуўся, як заўсёды, рана, глянуў на каляндар. Заставалася яшчэ чатыры ночы перажыць, а там, там... Ён радасна ўсміхнуўся. У гэты час нехта загрукаў замком, дзверы расчыніліся, і Дожджык нечакана закрычаў:
— Міцкевіч! 3 вяшчой!
Кастусь даўно чакаў гэтай каманды, але не думаў, што пачуе яе на некалькі дзён раней. Саскочыўшы з нараў, ён у адных сподніках пайшоў упрысядкі...