Выбрать главу

У той жа дзень Уладзік падаўся ў Мікалаеўшчыну, а Кастусь позна ўвечары сеў у Мінску на віленскі цягнік. Вёз у рэдакцыю «Нашай нівы» тры сшыткі вершаў і пачатак «Новай зямлі». Была надзея, пакуль удасца выстарацца даведку ў губернатара, прыляпіцца на працу, як не ў рэдакцыі, то наогул дзе-небудзь у Вільні.

Імжыў халодны асенні дождж, калі а шостай гадзіне цягнік спыніўся на віленскім вакзале. Кастусь наставіў каўнер і тунелем выйшаў на перон. Гадзіны паўтары ён чакаў, пакуль развіднее і трохі сціхне дождж.

Перш-наперш заглянуў на Завальную вуліцу. У рэдакцыі «Нашай нівы» сядзеў толькі справавод. Ад яго Кастусь даведаўся, што наступны нумар газеты выйдзе здвоены, ажно 22 верасня, таму рэдактар паехаў у Радашковічы. Калі ён будзе, невядома...

Прыйшлося завярнуць да Зотавых. Там выпіў шклянку гарбаты і падаўся ў Ландварова — віленскую дачную мясціну, дзе жыў знаёмы настаўнік Іван Касяк.

Праз дзень з Іванам трапілі ў Вільні на настаўніцкую вечарынку. Кастусь у паношаным касцюмчыку і латаных чаравіках адчуваў сябе няёмка сярод кампаніі маладых выфранчаных людзей. Рэй на вечарынцы вяла прыгожая дзяўчына, маладая беларуская паэтэса Канстанцыя Буйлянка. Калі яна запытала, чаму ён такі сумны, а позірк яго халодны, Кастусь адказаў экспромтам:

Мой зрок, як лёд халодны,

Гарыць тады ён толькі,

Калі накормлены галодны

I гояцца людскія болькі...

Усе віленскія знаёмыя хвалілі яго вершы, спачувалі, але ніхто не мог ці не хацеў дапамагчы з уладкаваннем на працу. Прыйшлося ні з чым ехаць у вёску.

Радасна і шчыра сустрэлі яго толькі ў хаце, што стаяла непадалёку ад Нёмана. Было тут усё разам: смех, слёзы, пацалункі. Кастуся адразу ўсадзілі за стол, дзядзька прынёс бутэльку, якая даўно чакала госця. Дзяўчаты паставілі на стол марынаваных баравікоў, маласольных агуркоў, палажылі кус вяндліны. Пасля пачастунку дзядзька Антось вылез з-за стала і павёў пляменніка аглядаць сялібу.

— Во, бачыш, які маем, пане мой, палац! — паказваў задаволены дзядзька.— Тут мы жывем, а ў той палавіне Уладзік з Любаю... Каб ведаў твой бацька, як тут гаспадарым, то яму і паляжанне было б лягчэйшае...

Праз некалькі дзён Кастусь пайшоў у лес, выкапаў некалькі стройных ліпак і бярэзінак, пару груш-дзічак і пасадзіў іх у двары. Няхай растуць! Весялей будзе выглядаць увесь гэты куточак, калі тут зазелянеюць дрэўцы.

Потым схадзіў у грыбы ажно ў Паласенскі лес. Не сядзелася без работы. Перш напісаў пісьмо Русецкаму ў Пінск, пасля Гардзялкоўскаму ў Папоўку. Пінскі інспектар адказаў хутка: узяў бы з вялікаю ахвотаю, але без згоды губернатара не можа гэтага зрабіць. Гардзялкоўскі таксама баяўся, што запярэчаць улады. Адказы прыхільныя, але карысці з іх мала. Вось тут і жыві!

Пад ляжачы камень вада не цячэ. Кастусь паехаў у Мінск: трэба паспрабаваць трапіць да губернатара. А можа і пашанцуе. Але Эрдэлі быў у адпачынку недзе на водах. Прашэнне прыйшлося пакінуць у Райскага.

На душы нявесела. Што рабіць, куды падацца? Зрэдку браўся пісаць «Сымона-музыку». Але такіх дзён было мала. Часцей нападала беспрасветная туга. Лезлі ў галаву розныя недарэчныя думкі. Было страшна, ці вытрымаюць нервы.

Вось у такую хвілю нэндзы і адчаю раптам прыходзіць неспадзяванае пісьмо з Лунінца. Вікенці Філіповіч, з якім Кастусь некалі сядзеў у семінарыі на адной парце, клікаў да сябе ў госці. I не проста ў госці, а прапаноўваў вучняў. Дзеці чыгуначнікаў збіраліся паступаць у Пінскае рэальнае вучылішча, ім патрэбны настаўнік-рэпетытар. Плата не вельмі, але рублёў трыццаць збярэцца...

Аднак у Лунінцы, на ціхай невялічкай станцыі, закінутай сярод палескіх лясоў і балот, доўга пажыць не давялося. Ды Райскі ў пачатку студзеня 1912 года паведаміў, што губернатар на Кастусёвым прашэнні напісаў рэзалюцыю: «Отказать». I гэта было б яшчэ паўбяды, але праз які месяц позва павятовага воінскага начальніка знайшла яго і ў Лунінцы... Куды дзецца? Што рабіць?

Восенню споўніцца трыццаць, а ён жа яшчэ па-людску не жыў. Пайсці ў салдаты — значыцца, выкрасліць яшчэ тры гады. «Не!» — разважыў Кастусь. Кінуў рэпетытарства, сабраў лісткі з паэмай «Сымон-музыка» і апавяданнямі «Нёманаў дар» і «Недаступны», заехаў дамоў сказаць, што паспрабуе адседзецца ў Бяларучах, у Яські Базылёвага. Пісьмы каб пісалі на Астрашыцкі Гарадок, на Яськаў адрас. Па дарозе да земляка заглянуў у губеранскую канцылярыю.