Выбрать главу

Шчырая сяброўская размова зацягнулася. Кастусь з Янкам выйшлі з хаты і селі на лаўцы пад ліпамі.

На высокім небе ярка свяціліся зоры.

МАРЫЯ ДЗМІТРАЎНА

Двухпавярховая мураванка трэцяга прыходскага вучылішча ў Пінску знаходзілася недалёка ад вакзала, на Чыгуначнай вуліцы. Тут недзе паблізу трэба было шукаць і кватэру. Кастусь цэлы дзень выхадзіў, але нічога людскага не траплялася: то вельмі дорага, то кватэра кепская. Прыйшлося пераначаваць у гасцініцы. Затое назаўтра яму мясцовыя настаўнікі параілі схадзіць на Вадаправодную вуліцу, да фельчара Арсеня Балевіча. Яго прыгожы і ўтульны домік быў не так блізка, але і не так далёка ад вучылішча. Тут Кастусь і наняў невялічкі пакойчык з кухняй. Вуліца ціхая, пры доміку садок. Любата!

Навічку, як усюды і заўсёды вядзецца, выпала найцяжэйшая работа. Кастуся прызначылі працаваць са старэйшым аддзяленнем. Адных сшыткаў правяраць колькі! Уставаў раненька, гатаваў сабе сняданак, а палове дзевятай пачынаў урокі. У дзве гадзіны заняткі канчаліся, і настаўнік ішоў абедаць у сталовую. Пасля рыхтаваўся да заўтрашніх урокаў, правяраў сшыткі. Пісаць сваё садзіўся позна ўвечары і то не кожны дзень. Але ў першы ж месяц работы ў Пінску ён паслаў у «Нашу ніву» апавяданне «Дзеравеншчына».

Калісьці ў Пінкавічах Кастусь атрымліваў дваццаць рублёў у месяц — і нібыта хапала. Цяпер амаль у два разы больш — і мала.

Выдаткі ў горадзе непараўнальна большыя. А тут яшчэ трэба форменны касцюм і паліто справіць. Прыйшлося зноў ісці ў заробкі: даваць прыватныя ўрокі.

Пакуль абабегаеш усіх вучняў — ужо і вечар. Папасядзіш над урокамі, паправяраеш сшыткі, аж у вачах зелянее. Пара спаць. А здараліся дні, што так хацелася засесці за «Сымона-музыку»! У галаве самі сабой складваліся радкі, прасіліся на пяро. Эх, каб прымеў ды не пайшоў на тое рэпетытарства. Засеў і пісаў, пісаў...

Так круціўся Кастусь, як вавёрка ў коле, усю восень. Школа, прыватныя ўрокі — з дня ў дзень. Затое ехаў на каляды дамоў у новай апранасе з бліскучымі гузікамі, вёз гасцінцы сёстрам і братам, а мацеры некалькі чырвонцаў на гаспадарку.

— Як паблажэў, сынок! — паківала галавою маці.— Няма каму цябе даглядаць. Няхай бы ты жаніўся, Косцічак. Было б табе весялей і лепей жыць...

— Добра, мама! Летам прыеду з жонкай,— жартам паабяцаў Кастусь.

Ён нават каяўся, што не застаўся працаваць у Купяцічах. У вёсцы было б куды больш часу займацца любімай працай. Да паўдня ў школе, а пасля сядай за стол і пішы сабе. А тут гойсаеш ад аднаго да другога чыноўніка, вучыш іх тупаватых і гультаяватых сынкоў, а карысці з гэтага ніякай.

3 рэдакцыі «Нашай нівы» прасілі новыя вершы і апавяданні. А дзе ты іх возьмеш, калі няма часу пісаць? Трэба перш зарабіць кавалак хлеба...

Аднойчы вясною 1913 года атрымаў ён газету, а ў ёй у раздзеле «Паштовая скрынка» надрукавана:

«Тарасу Гушчу: Шмат ужо нашых чытачоў замаркоцілася па вашых вясёлых апавяданнях і пішуць да нас, даведваючыся, як вы жывы-здаровы. Адгукніцеся».

«Шаноўныя, каб вас воўк паеў! — падумаў сабе Кастусь.— Надрукуйце хаця б тыя мае вершы, што даўно адлежваюцца ў рэдакцыйнай шуфлядзе».

Доўга ў той вечар хадзіў настаўнік па пакоі, думаў, пасміхаўся сам сабе. А можа сапраўды напісаць нешта вясёлае? На памяць прыйшла па-свойму смешная гісторыя пра мікалаеўскага плытніка Лукаша, які, стоячы ў царкве, заснуў, а калі яго разбудзілі, спрасонку крыкнуў свайму памочніку: «Піліп! Кідай шырыгу!»

Вось як! I назва добрая кладзецца: «Адгукнуўся». Няхай ведаюць у рэдакцыі, што ён чытаў іхнюю «Паштовую скрынку».

Кастусь сеў за стол і пачаў пісаць: «Ноч была цёмная, ціхая, цёллая. Ні месяца, ні зорак зусім не было відаць. Праўда, у гэтую ноч месяц і не падымаўся; можа і ён пёк сабе дзе-небудзь пірагі і бабкі на вялікдзень, павярнуўшыся спіною да зямлі. А што належыць да зорак, то яны хоць і былі на небе, але пазакрываліся хмарамі. Можа, яны там мыліся ды прычэсваліся — іх дзявочая справа...» Так на адным дыханні, у жартаўліва-гумарыстычным плане за адзін вечар 13 красавіка 1913 года напісаў Кастусь апавяданне «Адгукнуўся»...

*

У канцы мая Кастусь прыслаў з Пінска пісьмо, якое дома ўзбударажыла ўсіх. У ім была нечаканая вестка: Кастусь збіраўся ажаніцца з настаўніцай Марыяй Дзмітраўнай Каменскай і прасіў матчынага благаславення.

Маці заплакала ад радасці і папрасіла дзядзьку Антося яшчэ раз прачытаць пісьмо. Сын пісаў коратка. Ён пазнаёміўся з Марыяй восенню. Яна родам з Вільні, але працуе ў Пінску, у чыгуначнай школе.