— Адпішы, Антоська,— сказала маці.— Мы вельмі рады, што нарэшце Кастусёк знайшоў сабе жонку. Няхай яна прынясе яму шчасце, няхай усё ідзе ў іх на лад і дабро!
Дзядзька Антось напісаў доўгае пасланне з благаславеннем ад імя маці і самога сябе.
Неўзабаве Кастусь паведаміў, што 3 чэрвеня 1913 года ўзяў шлюб, а праз тыдзень, у суботу, прыедзе з жонкай у вёску.
Маці з дзяўчатамі ўзяліся парадкаваць і прыбіраць у хаце, а потым завіхацца каля печы. Варылі, пяклі, смажылі. Трэба было добра сустрэць гасцей. Чым дагадзіць Кастусю, ведалі, а вось што любіць яго жонка, ніхто не знаў.
Пасля паўдня дзядзька Антось запрог маленькую, але даволі жвавую кабылку Порах і паехаў на станцыю. Маці расставіла на сталах пачастункі і задумалася, як яна сустрэне нявестку і сына.
Дзядзька Антось прыехаў позна, ужо на дварэ цямнела.
— Прыехалі! Прыехалі! — закрычала Маня.
Усе выбеглі на ганак. Побач з Кастусём сядзела прыгожая круглатварая маладзіца з вялікімі задуменнымі вачыма і русявымі валасамі. Кастусь першы саскочыў з драбінак, падаў жонцы руку. Марыя Дзмітраўна падышла да маці. Жанкі доўга цалаваліся, выціралі слёзы, радасна пазіралі адна на другую. Хвіліна была ўрачыстая і важная, у маці ад хвалявання вылецелі з галавы ўсе словы, якімі яна хацела сустрэць нявестку. Таму замест благаславення яна сказала проста і шчыра:
— Жывіце, мае дзеткі, дружна і хораша, у радасці і шчасці. Паважайце і шануйце адно аднаго...
Неўзабаве Марыя Дзмітраўна стала сваім чалавекам у Смольні: дапамагала маці ўходжвацца каля печы, даіла карову, ішла разам з усімі сушыць сена. Суседкі часам пыталіся ў маці:
— Дык як, Ганна, спадабалася нявестка?
— А мае вы даражэнькія, ні ў кога няма такой працавітай і добрай, як мая Марыля...
Калі падышло жніво, Марыя Дзмітраўна паехала жаць жыта на Русакоўскія пусткі. Нікому не прызналася, што жаць не ўмее. Узяла серп у рукі. Чах-чах! — і па руцэ. Юзя пачала яе вучыць. На трэці дзень Марыя жала не горш астатніх. А як спраўлялі дажынкі, пацягнула кроплю медавухі і сустрэла Кастуся песняй:
Ах ты, мілы мой,
Адчыні мне двор.
Ідзе твая міленькая
Ды весяленькая...
Ці рады ты ёй?!
ВАЙНА
Зіма прайшла ў штодзённых клопатах пра кавалак хлеба. Кастусь з жонкай па-ранейшаму кватаравалі ў фельчара Балевіча, займалі цяпер ужо дзве бакоўкі. Плаціць трэба было больш. Па-другое, як людзі сямейныя, яны абзаводзіліся сваёй гаспадаркай. Таму грошай, як заўсёды, не хапала, і Кастусь вымушаны быў падзарабляць рэпетытарствам. Горкі і цяжкі гэта быў хлеб! Але якую ты знойдзеш іншую раду?
Цешыла яго толькі тое, што, нягледзячы на загружанасць у школе і прыватнымі ўрокамі, ён умудраўся знаходзіць час працаваць творча. У «Нашай ніве» друкаваліся яго новыя вершы і апавяданні з задуманага цыкла «Казкі жыцця». У пачатку года выйшлі ў пецярбургскім выдавецтве Антона Грыневіча тры тоненькія кнігі: «Нёманаў дар», «Тоўстае палена» і «Прапаў чалавек». Апрача таго, была дамоўленасць, што ў наступным годзе ў Вільні выйдзе вялікі зборнік «Родныя з’явы».
Сустракаючьі 1914 год, Кастусь пісаў у вершы «На новы год»:
Атупелі мы ў нашай нягодзе,—
Холад, голад, гарэлка, суды...
Чым пацешыш ты нас, Новы годзе?
Што нясеш ты нам, год малады?
Ні паэт, які пісаў гэтыя радкі, ні вялікія палітыкі, ні нават тыя, у чыіх руках былі дзяржаўныя лейцы,— ніхто на пачатку года не ведаў, што 1914 год нясе ў дадатак да ўсіх нягод вайну — найгоршую бяду, якая бывае на свеце.
Цёмныя хмары на небасхіле збіраліся даўно, у паветры пахла порахам. А сярод лета 1914 года наспела кульмінацыя: 14 ліпеня пачалася ўсеагульная мабілізацыя, а 19 ліпеня немцы аб’явілі вайну Расіі.
Гэтая вестка як абухом па галаве стукнула Кастуся. Што яго возьмуць у армію, ён не баяўся. Бянтэжыла іншае: пойдзе ў салдаты, не развітаўшыся з жонкаю, і невядома, ці давядзецца ім больш пабачыцца. Кастусь сядзеў у Смольні і чакаў позвы, а Марыя Дзмітраўна была ў далёкай дарозе. Як настаўніца чыгуначнай школы, яна мела бясплатны білет і за некалькі дзён да мабілізацыі паехала ў Крым. Кастусь ніяк не мог дараваць сабе, што адпусціў жонку ў такое падарожжа. Намучыцца яна і накараецца ў дарозе: уся ж чыгунка забіта вайсковымі эшалонамі.
Кастусю не сядзелася дома, ён кожны дзень хадзіў у Стоўбцы. А можа, сустрэне Марыю. А яе не было і не было. 3 Масквы на Варшаву ў цяплушках ехалі салдаты, гарлапанячы п’яныя песні; на адкрытых платформах стаялі гарматы.
Аднойчы Кастусь вярнуўся са станцыі, сеў за стол і сумна апусціў галаву. Трывога і неспакой нарасталі ў яго сэрцы. Хаця б чаго не здарылася?