— А што было б, каб раптам паказалася твая Марыя? — увайшоў у хату Уладзік.— Што ты рабіў бы?
— Хоць не ўмеючы, а пусціўся б у скокі.
— То, хлопча, танцуй!
Назаўтра Кастусь з жонкай паехалі ў Пінск. Там яго неўзабаве мабілізавалі і адправілі ў Мінск, у казармы Серпухоўскага палка. Меліся залічыць у 240-ю рабочую каманду, але выратаваў цыркуляр міністра асветы. Вярнуўся ў Пінск. Афіцыйна было аб’яўлена, што заняткі ў школах пачнуцца 1 кастрычніка. Вырашылі паехаць да Марыінай маці, якая жыла ў ваколіцах Вільні. Ды доўга не пагасцявалі: Кастуся там прызвалі ў войска, але ў скорым часе зноў адпусцілі. Пашанцавала і на гэты раз: у сувязі з набліжэннем навучальнага года ваенны міністр загадаў адпусціць настаўнікаў, якія яшчэ не былі прыпісаны да палкоў дзеючай арміі.
Таму атрымалася так, што яшчэ адзін год зімавалі ў Пінску. Год быў цяжкі і трывожны. Руская армія адступала, стаўка галоўнакамандуючага з Баранавіч пераехала ў Магілёў. Кастусь адчуваў сябе няёмка: усе мужчыны цягнуць акопнае ярмо, а ён сядзіць дома.
Летам 1915 года, калі рускія войскі вымушаны былі пакінуць Варшаву, Коўна і баі разгарэліся пад самым Брэстам, пачалася эвакуацыя Пінска. Кастусь з Марусяй і маленькім Данілам рушылі ў бежанскай хвалі на ўсход і трапілі ажно ў Маскоўскую губерню. Толькі прыняў настаўнік Старыкаўскую земскую школу Дзмітраўскага павета, як зноў паклікалі ў армію. Развітаўся ён з жонкаю і сынам, узяў з сабою «Песні жальбы» і «Родныя з’явы» і трэці раз падаўся на прызыўны пункт.
Цяпер забрылі ўсур’ёз. Становішча на Заходнім фронце было цяжкае. За жнівень-верасень 1915 года руская армія адкацілася далёка на ўсход. Немцы захапілі Вільню, Ліду, Баранавічы, Пінск. Полымя вайны бушавала на беларускай зямлі, набліжалася да тых мясцін, дзе жылі блізкія Кастуся.
Радавы 55-га запаснога пяхотнага батальёна спачатку маршыраваў па Замаскварэччы, а потым трапіў на чатыры месяцы ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча. Знаходзілаея вучылішча прапаршчыкаў тут жа, у Маскве, на Хамоўніцкім пляцы. 1 мая 1916 года Кастусь атрымаў афіцэрскае абмундзіраванне, скрыпучую партупею і прызначэнне ўзводным у 162-гі запасны пяхотны полк, раскватараваны ў Пермі.
Прапаршчык Міцкевіч добра зрабіў, што ўзяў з сабою ў далёкі ўральскі горад Марусю і малога Даніка. Разам весялей і на сэрцы спакайней. Жылі недалёка ад ваеннага гарадка на Манастырскай вуліцы, у папоўскім муры. Чуць развіднее, Кастусь бяжыць у казарму, і да вечара абрыдлівыя палявыя заняткі, вучэнне штыкавому бою, поўзанне па-пластунску, капанне акопаў. Сумна і цяжка. Але такая ўжо салдацкая доля.
Лета 1916 года, калі руская армія пад камандаваннем Брусілава прарвала фронт у Галіцыі і захапіла Львоў, прайшло ў трывожным чаканні, што запасны полк вось-вось рушыць у дарогу. Але абышлося. Адправілі на фронт толькі дзве маршавыя роты.
Восенню Кастусь займаўся з салдатамі, якія прыбылі ў полк пасля шпіталя. Прыйшоў ён аднойчы ў каманду, а яму насустрач пажылы салдат:
— Ваша благароддзе!
Салдаты ў форме ўсе на адзін твар, але прапаршчык адразу пазнаў:
— Пікулік?!
Колішні турэмны наглядчык расказаў, што летам 1912 года пакінуў службу, працаваў на заводзе, а ў пачатку 1915 года трапіў у армію і перажыў пекла пры абароне крэпасці Асавец.
Дні цягнуліся марудна і сумна. Пісьмы з Мікалаеўшчыны даходзілі рэдка. Хаця б маці з дзецьмі не пагналі ў бежанцы. Кастусь усё часцей успамінаў родныя мясціны, маці, дзядзьку Антося. Як яны там гаруюць, дарагія? Чаму не пішуць?
У афіцэрскім асяроддзі прапаршчык Канстанцін Міцкевіч па-ранейшаму адчуваў сябе чужаком, мужыцкім сынам. Нездарма кажуць: «Курыца — не птушка, а прапаршчык — не афіцэр». Любіў пагаварыць з салдатамі, асабліва, калі трапляўся зямляк. Па акцэнце, прозвішчы і іншых прыкметах ён мог беспамылкова пазнаць братку-беларуса.
Армейскія будні не вельмі спрыялі творчаму настрою. Аднак у канцы 1916 года Кастусь зноў узяўся за пяро. Ён зразумеў, што не можа жыць, каб не пісаць. Пайшоў ён неяк на бераг Камы, успомніў Нёман — і растрывожылася сэрца. Усё тут інакшае, больш суровае і дзікае. На Беларусі зараз стаіць залатая восень, сама грыбная пара, а тут ужо гаспадарыць зіма, шуфлюе і сыпле снегам. На душы нявесела:
Прайшлі незваротна дзянькі залатыя,
Адспеваны песні вясны маладыя,
I краскі пажоўклі, павялі.
I толькі ўспаміны, як зоркі ў тумане,
Мігнуцца, засвецяць... I сумна так стане,—
Дзе моладасць? Мары? — Прапалі!
Надзеі на тое, што нешта зменіцца ў лепшы бок, не было. Таму так часта ў думках вяртаўся ён у далёкі і мілы край маленства.