Эх, што ёсць мілей вас, дзяціныя годы?
I чым, як не вамі, ў часіну нягоды
Ты смутак развееш, душой ажывеш!..
14 лютага 1917 года Канстанцін Міцкевіч атрымаў чын падпаручніка і прызначэнне ротным камандзірам. Не паспеў ён прыняць роту, як Расію скаланула вестка, што цар адрокся ад трона і ў Петраградзе створаны Часовы ўрад. Праз некалькі дзён прыйшлі першыя новыя загады: адмянялася тытулаванне афіцэраў, прапанавана было выбраць палкавы камітэт. Аднак усё астатняе заставалася па-ранейшаму: Часовы ўрад заклікаў працягваць вайну да пераможнага канца.
Аднойчы падпаручнік Міцкевіч бачыў на вуліцах Пермі дэманстрацыю рабочых. Яны неслі лозунгі: «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!», «Хлеба!».
Тады ўпершыню ён пачуў пра Леніна — правадыра бальшавікоў.
НА ШЫРОКІ ПРАСТОР
Кастусю давялося сербануць горкага і салёнага франтавога поту на румынскім фронце. Рускія карпусы стаялі ў гарах — румынскіх Карпатах, адрэзаныя ад рэвалюцыйнай Расіі адлегласцю, бездаражжу і намаганнямі галоўнакамандуючага фронтам. Верны царскі служака генерал Шчарбачоў баяўся, што падуладныя яму войскі набяруцца «бальшавіцкай заразы». Таму салдат трымалі ў гарах, куды газеты з Расіі амаль не траплялі. Кармілі кепска, у палках лютавала малярыя і крываўка. На ўсе нараканні і скаргі вышэйшыя афіцэры адказвалі:
— Быў цар — быў парадак; няма цара — няма і парадку.
Вось сюды, у Румынію, падпаручнік Міцкевіч вёз падмацаванне — эшалон злоўленых дэзерціраў і тых, хто адлежаў свой тэрмін у пермскіх шпіталях. 25 ліпеня 1917 года яго прызначылі начальнікам эшалона, далі ў падмогу двух прапаршчыкаў — вязі сваіх ваякаў на пазіцыю, не давязеш каго — адказваеш галавой па законах ваеннага часу.
Пакідаць Марыю Дзмітраўну з сынамі на Урале не было сэнсу. Таму Кастусь узяў іх з сабою ў эшалон і па дарозе высадзіў у павятовым гарадку Абаяні, што на Куршчыне, дзе ў гэты час жылі Марыіна маці і брат. А сам пасунуўся памалу са сваімі цяплушкамі ў напрамку румынскага горада Ваксо. Там недзе непадалёку размяшчалася 70-я дывізія.
Накараўся Кастусь у дарозе. У вагонах душна, на прадуктовых пунктах пуста, не заўсёды і хлеба дастанеш, салдатам гарачага прыварку не даюць. Ваякі крычаць, лаюцца, мяняюць салдацкае абмундзіраванне на харчы і віно. Жытка такая, што толькі глядзі, каб не разбегліся.
Не лепшае чакала яго наперадзе. Сяк-так здаў сваю каманду, аформіў усе дакументы і прыняў роту ў 282-м палку. Салдаты накінуліся з пытаннямі да новага камандзіра:
— Ці хутка канец вайне?
— Чаму кормяць толькі сачыўкай?
— Ці будуць раздаваць сялянам панскую зямлю?
— Хто такія сацыял-дэмакраты?
Жылі ў паўразбуранай немцамі вёсцы Карадул. Да лініі фронту было недалёка, снарады часам рваліся ля канцавых хат. Салдаты варылі мамалыгу, жывіліся ў мясцовых садах, але, наеўшыся сырызны, качаліся жыватамі, хварэлі на крываўку. Ідучы на абед, яны спявалі:
Если сварят чечевицу,
Отдадим и Черновицу.
Если будет каша,
Ватра-Дорне станет наша.
Кастусь адчуваў сябе кепска. У гарах часта ішлі цёплыя дажджы, ночы стаялі парныя і душныя. Днём не было ратунку ад гарачыні, таму ён не хадзіў на палявыя заняткі. Думалася, што проста арганізм не прызвычаіўся да рэзкай перамены клімату. У Пермі выкіроўвалася ўжо на восень, а тут, у Румыніі, такая спякота, у самым разгары лета...
Прайшоў адзін тыдзень, настаў другі. А ў галаве па-ранейшаму лёгкі чад, трымаецца тэмпература, слабасць ва ўсім целе, твар зрабіўся жоўты. Палкавы доктар знайшоў не адну, а некалькі хвароб: малярыю, жаўтачку і пачатак працэсу ў лёгкіх.
Афармляць адпускны білет прыйшлося ехаць у штаб дывізіі. Увайшоў Кастусь да намесніка начальніка штаба, адрапартаваў, хто ён і што яму трэба. 3-за стала падняўся падпалкоўнік. У яго твары штосьці знаёмае. Русецкі! Ён пастарэў, ссутуліўся, скроні пасівелі.
— Такой рэвалюцыі вы чакалі? — запытаўся Русецкі.— Дэмакратыі, за якой стаіць анархія? Свабоды, якая разваліла армію?
— Не, не такой! Што цара скінулі — добра! Але трэба з вайной канчаць. Народ чакае зямлі, міру, хлеба.
— Значыцца, рэвалюцыя толькі пачынаецца?
— Я не прарок!
— Не, дарагі! Кожны сапраўдны паэт заўсёды прарок. Кастамараў некалі казаў, што паэзія ідзе наперадзе жыцця, а па яе слядах — гісторыя і навука...
Франтавыя ўражанні засталіся ў памяці Кастуся, як страшны і недарэчны сон.
У канцы верасня 1917 года ён дабраўся ў маленькі і ціхі Абаянь да свае сям’і. На хатнім харчу трохі акрыяў і целам і душой і тады толькі ўзяўся парадкаваць бачанае і перажытае, пачаў пісаць франтавыя нататкі: