«На бяздонным небе мігацелі далёкія ясныя зоры, і нейкі спакой сходзіў ад іх на зямлю, на тую зямлю, каторая ўжо чацвёрты год не ведае супакою... То там, то сям з тых даляў, на каторыя апіралася гэта прыветнае і спакойнае неба, вынікалі дрыготныя бляскі ракет. Бледны іх свет дрыжаў, калыхаўся, трапятаў, бы матылёк, садзячыся на краску. I здавалася, што нейкаму богу вайны заляцела ў вока мошка, і ён моргаў сваімі агнявістымі зрэнкамі. Вось замігацела зарніца. Ноч скалыхнула сваімі чорнымі крыллямі і заспакоілася, а следам за гэтым бухнула гармата, цяжка і злосна...
Чуць толькі ўзышло сонца, пайшлі другія малюнкі, другія з’явы. Падымаем вочы ўгору — невысока ў паветры плаўна нясецца аэраплан, шыбуючы ў бок нямецкіх пазіцый. Праз некаторы час з нямецкага боку забухалі гарматы... А пазіцыі тым часам ажываюць, там пачынаецца штодзённая работа зніштажэння адных другімі. Загулі гарматы на розныя галасы...»
Перачытаў Кастусь напісанае раз, другі. Карціна атрымалася праўдзівая, але вельмі сумная. А што каб крыху ажывіць малюнак? На кожную падзею можна і трэба глянуць з гумарам... Ён зноў узяў ручку:
«Адны грукалі сярдзіта, адрывіста і глуха, бы той упарты баран у сценку загарадкі, а другія бумкалі з нейкім здушаным звонам; трэція бахалі, як у кадзь, абернутую дном у ваду, а некаторыя грымелі доўга і працяжна, як далёкі гром. Усе ж разам рабілі яны нейкае дзікае ігрышча, даўшы поўную волю сваёй прагавітасці да людской крыві».
Кастусь глянуў у акно. Злосны восеньскі вецер з дажджом злосна гаспадарыў на дварэ, зрываў апошнія лісточкі, кідаў іх у гразь і лужыны. Успомнілася яму іншае, жнівеньскія дні на фронце:
«А неба такое пагоднае, прыветнае, яснае! Сонейка шчыра залівае гарачымі стрэламі гэтыя неспакойныя далі. У паветры пыл, духата, ад каторых некуды схавацца. За горадам, у бок пазіцый, высока ў небе нерухома вісіць прывязаны шар. Здалёк ён выглядае так, як бы які-небудзь святы (даруй, божа, грэх) вывесіў сушыць на сонцы свае порткі. 3 гэтага шара наглядаюць за тым, што робіцца ў ворагаў...»
За сцяною заплакаў малы Юрка. Заплакаў і сціх. Кастусь ціхенька адчыніў дзверы. Юрка спіць. Няхай спіць, пакуль Марыя прыйдзе з рынка.
Цяжка жонцы з двума малымі. Добра, што маці памагае. Клопату прынёс і ён, Кастусь, сваёй хваробай. Лёгкі чад, які дурманіў гадаву, прайшоў ужо, але тэмпература трымаецца. Трэба яму малако, мяса, мёд. А дзе ты ўсяго гэтага накупляешся, калі на рынку такая дарагавізна.
Раз-пораз Кастусь пазірае ў акно, ці не ідзе Марыя Дзмітраўна. Ён сёння чакае яе, не дачакаецца. Яна абяцала зайсці на вакзал, каб купіць свежых газет.
У ціхі правінцыяльны гарадок навіны прыходзяць з вялікім спазненнем. Учора ў Абаяні стала вядома, што 25 кастрычніка 1917 года бальшавікі ўзялі ўладу ў свае рукі і ў Петраградзе пачаўся Другі Усерасійскі з’езд Саветаў, які прыняў дэкрэты аб зямлі і міры. Вось цяпер будуць доўгачаканыя перамены... Гэта адчувае Кастусь сэрцам.
Вунь, у канцы вуліцы, паказалася Марыя Дзмітраўна. У адной руцэ сумка, у другой — парасон. Накінуўшы наапашкі шынель, Кастусь выбег насустрач жонцы, узяў ношку:
— Газеты, Марусечка, купіла?
— Купіла... Людзі толькі і гавораць пра новую ўладу і Леніна.
— Вядома, будуць гаварыць, бо ўсе чакаюць міру.
У дзвярах бацькоў сустрэў трохгадовы Данік:
— Юрка плача... Я яго калышу, а ён усё роўна плача.
Маці карміла малога Юрку, а Кастусь узяўся за газеты. У іх былі змешчаны важнейшыя дакументы Савецкага ўрада. Газета «Известия» ў нумары ад 27 кастрычніка 1917 года друкавала «Дэкрэт аб міры», а ў наступным «Дэкрэт аб зямлі», падпісаны Старшынёй Савета Народных Камісараў Уладзімірам Ульянавым-Леніным.
— Жывем, дарагая! — радасна прамовіў Кастусь да Марусі.— Паслухай, што тут напісана: «Рабочее и крестьянское правительство, созданное революцией 24—25 октября и опирающееся на Советы Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов, предлагает всем воюющим народам и их правительствам начать немедленно переговоры о справедливом и демократическом мире...» Значыць, салдаты вернуцца з акопаў дамоў і зоймуцца мірнымі справамі...
Кастусь ужо складаў планы жыцця іхняй сямейкі ў мірны час:
— Вернемся мы настаўнічаць у Пінск ці падамося бліжай да Мікалаеўшчыны. Мая мама будзе рада, калі мы прыедзем з нашымі качанчыкамі-сыночкамі.
— А чаму не пад Вільню? Там жа ў мае мамы свая хата,— уставіла слова Марыя Дзмітраўна.
— Можна і пад Вільню ці нават у Мінск. Настаўнікі ўсюды будуць патрэбны. Беларускі народ і наш край, як і ўся краіна, выйдуць на шырокі прастор новага жыцця. Я верыў у гэта і рад, што дачакаўся вялікіх перамен. Цяпер у кожнага адукаванага чалавека будзе шмат працы. Многае нам, беларусам, трэба будзе зрабіць. Сваю школу развіваць, падручнікі складаць... Мне трэба «Новую зямлю» кончыць, «Сымона-музыку» напісаць. Можа, і раман які напішацца. Некалі я абяцаў Янку Купалу зрабіць гэта...