— А ты падумай, не спяшайся, не бойся...
У час размовы з адным вучнем Алесь не спускаў вока з астатніх: аднаму сцвярджальна кіўне галавою («Малайчына, і сёння першы рашыў задачку!»), на другога паківае пальцам:
— Сяргей, шануй вочы, а то як у зайца будуць. У цябе ёсць свой сшытак.
Асабліва спадабалася Кастусю, як Алесь правёў урок чытання. Фурсевіч стаў каля стала, узяў у руку падручнік і пачаў чытаць ціха, але з уздымам і нейкай асаблівай шчырасцю. Кастусь быў сведкам таго, як Фурсевіч чараваў, браў у палон дзіцячыя сэрцы. Спачатку ў класе не ўсе слухалі, як чытае настаўнік: хто рашаў задачкі, хто пісаў. Неўзабаве ціша запанавала ў класе, нават старэйшыя вучні, якія самі чыталі гэты твор і ведалі яго амаль на памяць, уважліва ўслухоўваліся ў кожнае слова настаўніка. I дзіўная рэч, сам Фурсевіч так захапіўся чытаннем, што на яго твары заззяла радасная ўсмешка, і сам ён нібыта папрыгажэў.
«Малайчына!» — з зайздрасцю падумаў Кастусь, любуючыся сябрам.
На развітанне Кастусь узяў з Алеся слова, што той у скорым часе наведаецца да яго ў госці, пройдзецца па знаёмых сцежках.
— Няўжо, браце, цябе не цягне глянуць на якую знаёмую? — дапытваўся Кастусь.— Паслухаеш, як я ўрокі даю. Ты ж мой самы блізкі сусед.
— Не бойся, сумаваць не будзеш, як упражэшся ў школьны хамут... Быў я люсінскім мядзведзем, цяпер ты ім станеш,— загадкава прамовіў Алесь.
*
Кастусь адпусціў сваіх вучняў у гэты вечар крыху раней. Каб нагнаць прапушчаныя дні, ён, па парадзе Фурсевіча, займаўся з дзецьмі зранку і яшчэ па абедзе. Сходзяць вучні дахаты, паабедаюць і зноў за парту. Заняткі працягваюцца, аж пакуль не змеркне. Былі дні, калі настаўнік нават прыносіў лямпу, але сёння ён не стаў гэтага рабіць. Няхай дзеці адпачнуць, ды і сабе трэба зрабіць перадышку: якраз ужо чатыры тыдні, як ён пачаў заняткі ў школе.
Здаецца, учора люсінскі дзядзька прывёз яго з раз’езда ў вёску. Было гэта перад самым вечарам, ужо сям-там у хатах паблісквалі агеньчыкі. Кастусь узіраўся ў ваколіцы. Перш за ўсё кінулася ў вока, што вёску з усіх бакоў абступаў лес. Палявая дарога вывела на шырокую і досыць роўную, але вельмі гразкую вуліцу, абапал якой без пэўнага ладу туліліся паляшуцкія хаты з буслянкамі. Месцамі калёсы па самыя калодкі правальваліся ў гразь, і тады худы нізенькі конік пяўся з усяе сілы, выцягваючы воз на грудок. Так паўтаралася некалькі разоў, пакуль настаўнік не запытаўся:
— Можа, я злезу?
— Го! Чаго злазіць? Конь пацягне,— адказаў фурман.— Дый школа вунь!
На скрыжаванні вуліцы, якой яньі ехалі, і вулачкі, што вяла ў поле, стаяў высачэзны пахілены драўляны крыж, а за ім збоку ад дарогі школьная будыніна. Кастусь крытычным вокам акінуў яе і застаўся задаволены. Школу пабудавалі, відаць, нядаўна, бо сцены, складзеныя з тоўстых бярвенняў, не паспелі яшчэ пачарнець ад дажджу і сонца. Прасторны ганак, вялікія вокны, два коміны на страсе.
На школьным падворку тузаліся хлапчукі. Убачыўшы Кастуся з самаварам у руцэ (куфэрак ззаду нёс фурман), яны кінуліся наўцёкі, а адзін крыкнуў:
— Новы вучыцель прыехаў!
На ганку настаўніка сустрэла старая, але даволі рухавая кабеціна.
— Цётка Мар’я, прымай госця! — прамовіў фурман.
— А мой паночку, а мой залаценькі! Калі ласка, калі ласка, просім! — прыветліва расчыніла старая дзверы кухні.— А вунь далей ваш пакой. Я ўжо вочы прагледзела, чакаючы вас, а яго няма і няма. Думала сабе, ці не занядужаў ён, галубок, бо прапаў недзе дый годзе!
Пакуль старожка завіхалася ля печы, збіраючы вячэру, Кастусь агледзеў школу і таксама застаўся задаволены. Большую палову памяшкання займаў класны пакой, у якім было ажно пяць вакон. Маленькай, але ўтульнай была і яго каморка: пры сцяне драўляны ложак, ля акна, стол, збоку кніжная паліца.
Праз дарогу стаяў прыгожы прасторны дом з белымі аканіцамі. Кастусь ужо ведаў ад старожкі Мар’і, што там жыве пан падлоўчы — ляснічы Ігнат Баранцэвіч. Пакуль настаўнік тупаў на школьным падворку, за ім з-за фіранкі ўважлівым вокам цікавала дзяўчо. Калі ён выйшаў на вуліцу, з хаты ляснічага выбегла чарнявая стройная дзяўчына. Схапіўшы пару паленаў на дрывотні, яна подбегам кінулася назад. На нейкую хвілю іх позіркі скрыжаваліся, і Кастусь у вялікіх прыгожых вачах суседкі прачытаў насмешлівую гарэзлівасць. «Эйш ты, якая хітрая!» — падумаў настаўнік і хацеў прывітацца, але не асмеліўся. Потым ён увесь дзень сябе ўпікаў: «Мядзведзь, форменны ты мядзведзь. Такая была магчымасць пазнаёміцца...»