А Машка ўжо заказырылася. Гэта была гнядая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць мужыцкую долю.
— Трымай, каб цябе за грудзі ўзяло, каб цябе! — крычала Стэпка, але Мікіту відаць былі толькі яе разяўлены рот і рукі, якія з адчаем учапіліся за цапкі драбінаў. Вясёлы шафёр пачаў трубіць.
— Каб табе хрыпела ў горле, каб табе! — зноў крычала Стэпка.
Машку вось-вось пасадзіў бы на хвост, ды левая ляйчына, — вядома ж, уся на вузлах, — лопнула, і Машка паляцела цераз равок направа, у жыта. Воз сцялежыўся. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Забыўшыся пра страх, Машка прагна хапала сівыя каласы красуючага жыта.
— П'яніца ты, абібок! Лейцаў людскіх няма! — барахталася з-пад воза Стэпка.
— Дай мне, дай здыхату! — схапіўся Мікіта да Машкі. Ён хвастаў яе кулакамі па храпе, а кабыла курчылася ў хамут і адварочвала галаву, зубамі і губамі трымаючы зашчэмленыя каласы з сіва-зялёнай маладой саломай.
— Мала, мала яшчэ?..
Ад удару па косці храпы зайшлася болем Мікітава рука, а з Машчыных зубоў і губы пайшла кроў.
— Мала, мала яшчэ?..
Думаў, усю сваю крыўду выб'е. Пасля заплакаў, адышоўся. А яна толькі крутнула галавой ды зноў за каласы.
— Ну, і хіба ж ты гаспадар? Хіба ж гэтак трэба па-харошаму? Эх ты!.. — казаў Сымон, звязваючы ляйчыну.
Мікіта маўчаў. Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная.
— Памажы! — загадаў Сымон, беручыся складаць сцялежаны воз. Мікіта вінавата памог яму, а пасля папрасіў:
— Я лягу, Сымон, а ты за мяне пакіруй…
…Сонца зайшло, і пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой і камарамі. Машка, ужо зусім забыўшыся пра крыўду, рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брат гаварыў сястры аб тым, як ім трэба адсудзіць Марылін пасаг, — гаварыў спакойна, «па-харошаму». Сястра падтаквала яму. А мужык яе — бедны, аброслы Мікіта — ляжаў ніцма і не чуў: спачатку ён уздрыгваў ад глыбокага, недзе з-пад самага сэрца плачу, а потым заснуў і хроп.
«Вазьмуся, нябось, за яго!» — раз-пораз думала Стэпка.
— А справа, брат, вельмі простая, — казаў старому Жуку пан Чыжэўскі, — табе, значыцца, гэтак: бабе і сыну ўдзяўбі, што нябожчыца нявестка сама захацела свой пасаг прадаць, бо зямля была вам не з рукі. Вы хацелі тыя самыя паўтары дзесяціны ля дому купіць, а яна была гуляка: абы схадзіць хораша, з'есці, выпіць, цукерак, скажам, пасмактаць. Грошы, як вада, сюды-туды і перамыкала без толку…
— Неяк, бачыце, пане Чыжэўскі…
— Што тут «пане Чыжэўскі»… Сведкі — галоўнае. Ты, брат, сам павінен ведаць, не малы: не падмазаўшы, не паедзеш!..
— Я ведаю, я толькі да таго, ці ўдасца?
— Чаму ж раптам «не ўдасца»? Прысяга будзе, праўда, але хто ж яе сёння баіцца? Ну што, падумай, сведкі знойдуцца.
Гаварылі яны ў местачковай карчме, зашчапіўшыся ў баковачцы. На століку была бутэлька і закуска. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг і, як з усякай важнай справай, прыйшоў з павесткай да Чыжэўскага. Гэта быў местачковы кулак, які нажыў на гандлі свіннямі тоўстую кішэню і яшчэ таўсцейшую морду. З кожным днём ён рабіўся ўсё больш ды больш падобным да свайго тавару і выглядам і натурай. Усякая подласць, пачаўшы ад недаважвання і недалічвання і канчаючы хоць бы на сённяшняй справе, рабілася ім спрытна і з ахвотай, абы толькі было выгадна. Жук штогод прадаваў два-тры ўкормленыя парсюкі, і паміж ім і свінабоем Чыжэўскім даўно завязалася нейкая прыязь. Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яе…
— Ну, як ты, Жук, — надумаўся, ці мне шукаць?
— Што ж, хіба Лустач ці Свісток, — адказаў стары, падумаўшы.
— Абодва пойдуць, — сказаў свінабой. — А трэці ёсць у мяне. Гаваку Антося знаеш?
— Пэўна.
— Ну, дык ты іх ідзі пакліч. Абодва сёння на рынку. Ды, зрэшты, і Гаваку сам пакліч. Скажы яму, што я прасіў. А я вас тут пачакаю. Падрыхтую тут усё як мае быць…
…На рынку, у гушчары вазоў з задзёртымі аглоблямі, стары Жук першага знайшоў Лустача. Побач з ім каля воза стаяў і Раман Чачотка, па мянушцы Свісток.
Лустачыха, уладзіўшы свае справы, ужо сядзела на возе і глядзела на каня, які хрупаў сена з пярэдняга палукашка, — глядзела злосна і сумна, нібы чакаючы, калі ж гэты конь павернецца нарэшце задам і павязе яе дахаты. «І чаго ён яшчэ ўсё ные тут? — думала яна пра свайго чалавека. — Не лізнуў яшчэ, ліха яго галаве!..»