А пасля такі нячысты паблытаў. Надумаліся сабе палёгку зрабіць і сваякоў памілаваць. У яго быў пляменнік, — от, галайстра нейкі, тут у мястэчку, — а ў яе пляменпіца — добрая дзяўчына, гаспадыня спраўная, хоць і з вёскі. Казала-такі: бог — богам, а паперка сваё, паперку трэба зрабіць. Ды Пятрусь не паслухаў. Адно за адным пайшло… Дзе ж там! — з родчым дзіцем не ўжыўся, а гэта ж чужое. Схамянуўся Пятрусь прагнаць, — ды куды там, — без кія да Ванькі ні доступу. Самой толькі Ганны было шкада. Дзеўка яна не цаца была, а Ванька — атлёт. Век бы ён Ганны не ўзяў, каб на Грыбава дабро не пагнаўся. А тут пачаў яшчэ біць яе і сварыцца: «Пакіну!»
А яшчэ ў іх дзяўчынка была, Лідачка. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з ёю разлучыцца. Але ж свая кашуля да цела бліжэй. Выжылі яны сваіх «прымакоў». Ды так-такі з нічым. Пятрусь хадовы, судзіцца ўмее. Ну і золата таксама.
I вось жывуць ізноў цэлы гадочак адны. Дом ачысцілі, падмалявалі, здалі пад кватэры панам ужэндні-кам, а самі сяк-так у баковачцы-кухні. Колькі ім трэба! Лета, таксама як і раней, управілі. Цяпер парабак пайшоў, каня прадалі, і жывецца спакойненька.
Ды вось дачуўся Пятрусь, што балоцкая бедната — зладзеі гэтыя! — лес іхні сячэ. Хоча заўтра паехаць. Каня ў Лейзара ўзяў. Хаця б не заспаць…
Так думала старая, засынаючы.
…I заспала.
Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка, хоць і не родная. Прыснілася так, як калісьці было ў сапраўднасці. Пакупала яна Лідачку, здаецца, і калыша, спявае:
— А-а-а, — цягне Лідачка з-пад хусцінкі, памагаючы сваёй бабе. А потым — і спіць жа, здаецца! — падняла лобікам хустку, сцягнула яе ручкай з галавы, смяецца, рыбка, і кажа: — Бабуля, бу-у!..
— Бу-у, бу, нягодніца, бу-у-у, — упіраецца старая маршчыністым ілбом у цёпленькі лабок унучкі. Тады Лідачка ловіць бабуліны «бусі» адчыненым ратком, як птушанё… А потым, шэльма, за бусі:
— Бабуля, — кажа, — опа-па…
— Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку перад грубкай.
— Зі-зя, зі-зя, — паказвае Лідача пальчыкам на агонь у грубцы.
— Жыжа, жыжа, каток, — адказвае старая. А сама заглядзелася, як зыбаюцца цені на моцным бярозавым жары, і думае зноў аб тым, што пайшоў з іхняй хаты спакой і лад, і толькі Лідачка, як тая божа я іскра, тлее між імі і лучыць іх у адну сям'ю. А то б і насы адно аднаму паадкусвалі…
Прачнулася старая і задумалася. Як яны цяпер — і Ванька, і Ганна, і Лідачка?.. Стары насценны гадзіннік цік-так, цік-так, а Грыбіха думае. А пасля гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам пад барадой і стукаць: цік-так, цік-так…
«Першая гадзіна, — падумала старая, — паспее яшчэ, хаця б у тры выехаць з дому. А то яшчэ і сам акалее недзе пад кустом, чакаючы злодзея».
Задумалася зноў…
Усё тое самае круціцца: то начлежнік і сын, нябожчык Міхась, то прымакі і Лідачка… Сумна стала старой на сваю адзіноту. Падумаеш, багатая, а і спамянуць ніхто не спамяне па смерці…
«А можа, ён нядобра ідзе?» — раптам падумала яна. Паднялася, абмацала на камінку запалкі і злезла з печы. Запаліла лямпу на стале і падышла з ёй да гадзінніка. Падняла агонь, зажмурылася. Праз пыл на шыбе на Грыбіху глядзелі цыфры і стрэлкі старога, як яна сама, гадзінніка. Цік-так, цік-так, цік-так…
«Ах ты! — без нечага тры, вось-вось зазвоніць. А тут яшчэ і каня не карміў, і снеданне не гатова…»
— Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны!..
Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа, і, злазячы з печы, пачаў:
— Дурніца ты, забрында! Цяпер што? — дарма я Лейзару каня накарміў, каб ты наелася чэмеру! А там увесь лес пасякуць!..
Старая зноў успомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу.
— А я што, — заскрыпела яна, — камень? Мне мора трэба? Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся. Скулу! Ступаліся ногі за ўсім… З табою ж не ўбудзе ніхто. Ганну прагнаў…
Удар кулаком у сухія, уцягнутыя пад плечы грудзі перабіў ёй гаворку. Колькі там трэба было!.. Старая так і асунулася каля стала, аберуч схапіўшыся за сэрца. Стары збянтэжыўся, што і гэтага выйшла зашмат, аднаго кулака. Ён пастаяў, пасля дзьмухнуў на лямпу, апрануўся і выйшаў. А старая адвяла дух і заплакала.