— Сэрца маё трапечацца, Алёшачка, як пачую… Сам, як той казаў, граша не варты, ды дзеці затое — слава богу, — гаварыў Лапінка. I выходзіла ў яго гэта неяк па-бабску: ня-ня-ня-ня… Маленькі каля дзядзь-кі Алеся, ледзь з-за стала відаць, і ногі не дастаюць падлогі. Ён быў гарбаты без гарба, не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў с…, не вырас. Галава — без шыі, як у вожыка, і пастрыжаны «пад ярша». — Паглядзі вось, — казаў ён, — Косцік мой — гаспадар, дзякуй богу, навабранец, дванаццаты гадок ад восені. Памагае мне: намёткі выцягвае, грэе ўцюг, гузікі прышывае. Ужо і ў лесе два разы быў. Або Шурка. Дзевяты гадок, чытае — як рэпу грызе, і гусі пасе ўсё лета…
Косцік і Шурка ласа елі, раз за разам абсмоктвалі ацякаючыя салам пальцы і маўчалі, быццтам гутарка іх не датычыла.
— А Колік яшчэ спіць, — гаварыў Лапінка, — як пшаніцу прадаўшы, ні аб чым галава не баліць… Паглядзі!
Дзядзька Алесь чуў гэты перабор сыноў яшчэ ўчора вечарам. I цяпер яму зноў успомнілася тое самае: згніўшыя пенчукі прыдарожных вербаў, абсмаленыя пастухамі, дуплаватыя, а ўсё ж жывыя, бо з-пад карэння іх ідзе падсада маладых, кучаравых лазінак, жывых і вясёлых.
— Але, братка, узбіўся ты на корань. Здароў будзь, дзяцей — нібы ў Янкеля, нашага карчмара, — сказаў ён і засмяяўся. — Ды што ж ты гэтага яшчэ не ўспамянуў, што ў калысцы. Усё роўна ўжо: «Божа васпомні…»
— Гы-гы-гы, — зарагатала Марта. — Саромеецца, дальбог! Я казала — нашто яно нам чацвёртае? Хапіла б і трох. Ды ўсё ён вінаваты, дальбог.
Лапінка збянтэжана зачырванеўся.
— Ну, нічога, Кастусь, — смяяўся госць. — Даў бог дзеці — дасць і хлеб. Свет вялікі. А што ж ён у цябе ў лес? Наймаў хіба каня?
Лапінка ажыў.
— Якое, Алёша, ён сам, як людзі.
— Саматугам?
— Якое! Не ведаеш хіба, як у нас дровы возяць па-шляхецку? На сабе. Высеча цялеж, — на плечы і панёс. Кожнай раніцы, як ваўкі, так і сунуцца з кустоў…
— Проша пана, далікатна, — засмяяўся госць. — Яшчэ б зонцікі пабралі, каб не капала з галля… А каб вас з вашым панствам. I ты ўжо, бачыш, шляхціц, пан: дровы на сыне возіш…
— Ну, убіўся ў вароны — каркай так, як і оны. Чым я не пан? — емяяўся Лапінка. — Ем ваду, п'ю ваду, умываюся і разліваю…
— Э, братка, няма лепш, як у нас лес крадуць. Пашлеш разведку, а сам — назіркам. Махнеш пень, ачок семдзесят — восемдзесят, ды справішся за дзень разоў два-тры. О, гэта хоць варта заходу. А што ж ты, як той казаў, не пад'еў, а толькі замурзаўся.
— Што ты раўняеш, Алёша. Куды я, чарвяк той няшчасны. Я рад, што хоць гэтак, як людзі. Каб гэта конь ды сам быў чалавекам. Раней наймаў, а цяпер і я, як усе.
— Па-панску, — гыкнуў госць, — пад зонцікам. Эх вы, шляхта, шляхта!..
— Не магу, Алёша, і сам ніяк прывыкнуць. Няма каб гэта проста, па-свойму, па-людску, а ўсё козырам. Бабка тая забрынданая ў хату ўвойдзе і то: «Дзень добры панам». А ёй усе з такімі важнымі відамі: «Дзень добры, пані». Няма таго, каб цётка ці бабуля. На саломе спяць, зубамі ішчуцца, а панства…
— Ты ўжо не малоў бы, дальбог, — не вытрымала Марта. — От, тушы лямпу ды еш!
— Што, не праўда? — агрызнуўся Лапінка. Аднак устаў, хукнуў на лямпу — раз і яшчз раз — і сеў.— Без агню відна, — сказаў.— Ну, дык нясі там другое, чаго ж… — I калі Марта выйшла ў кухню са скава-родкай, ён зашаптаў да госця: — Маёй пані не падабаецца, бачыш. Таксама шляхцянка.
— Будзеш малоць-малоць, — казала Марта, несучы на стол зацірку, — а зараз яшчэ тое трапло прыйдзе. Хай бы лепш Косцік ішоў хутчэй, а то зноў прычэпіцца, прапаведаваць будзе, дальбог.
— А хто гэта? — спытаўся госць, беручыся за лыжку.
— Вучань мой, брат Міша.
— Як гэта: брат? Адкуль ты ўзяў яго?
— Гэта, Алёшачка, брат ва Хрысце. З Зарэчча адзін, бапціст. Пяцідзесятнікі — так яны называюцца.
— А чаго ж вы яго баіцёся?
— От, — адказала Марта, — воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць, дальбог. А мой яму патурае…
— Няможна гэтак, Мартачка, — перабіў яе Лапінка. — Ён не сваё гаворыць. Напісана: «Не ўкрадзі». Ну, ён і стаіць за слова гасподняе. Крычыць на мяне, што Косцік ходзіць лес красці. Грэх. I кароўку на панскім папары папасвіць — таксама грэх. Вось ён які, брат Міша. Жывуць яны спраўна, на ўсё Зарэчча. Ён — старэйшы сын у бацькі, смятаннічак, дваццаты год, голас звонкі, сам без ніякага клопату, чысты, гладкі…
— Нябось, каб свайго не было, дык папасвіў бы, — умяшалася Марта.
Госць аблізаў апошні раз лыжку, палажыў яе.
— Грэх… — пачаў ён.