— Ешце яшчэ, дальбог, — перасцігнула Марта.
— Не, дзякую, — устаў дзядзька Алесь. — Грэх… — сказаў ён, вымаючы капшук з махоркай. — Грэх, як той казаў, у мех ды кіем па баку. А яны загарнулі паўсвету — і не грэх. Гэта, брат, адна крамка: папы з багатымі. А ты, наш брат, бядняк, — хоць здохні. I ты вось дзень і ноч сохнеш з іголкай, а ў хаце палена дроў няма. Не, братка, хто, як той казаў, у лесе не крадзе — той у хаце не гаспадар. Прыказка спрадвеку. Сам накраў, аблажыўся, а ты, як той казаў, голы, дык будзь яшчэ і святы.
— Яно гэтак, Алёшачка, — ажывіўся Лапінка. — Пяць з палавінай злотаў адна метра дроў, тры злоты хурманка. I едзеш вунь на той свет, у пушчу. А мне тут сохні колькі дзён за вазок. А надоўга яго хопіць? А хлеб, а адзецца, абуцца? А тут табе, і праўда, лес пад бокам, ды няможна. I сам не гам, і нікому не дам. Не, самі-то яны гамаюць, толькі ты на яго паглядай, як той цюцька… А паглядзіш ізноў, па Івангеллю… напісана ж такі…
— Напісана… — перабіў госць. — Ты скажы, чаго яшчэ не напісана дагэтуль? А ў Івангеллі хіба не сказана, што «горы і долы выраўноўвайце»? Не казаў хіба той самы Ісус: «Гора вам, багатыя»? Казаў?
— Казаў, Алёшачка…
— Ну, бачыш. У гэтым уся праграма: падзяліся, як з братам. А гэтыя што, бапцісты твае, — толькі іншых дакараць. Як збяруцца разам, дык, э-тэ-тэ, хоць ты да раны яго прылажы, аж пацее з любві, а разыдуцца — кожны святы да сябе рукой горне. Ён табе прапаведуе, мне. Пеклам нас страшыць. Дзе ты знойдзеш горшае пекла, як тут? Ты пайдзі вунь тым, што арудуюць намі, скажы, што грэх… Я іх бачыў адзін раз, ды і то сказаў, годзе. Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцену лезе народ, лямант, візг!.. Што гэта, пытаюся. Моляцца, кажа. Увайшлі мы. А каб вас з вашай малітвай. О ды о! А пасля, братка, як паднялі тарарам — хоць уцякай!..
Лапінка засмяяўся. Успомніліся яму сходы зарэцкіх баптыстаў. Вось ужо шосты гадок з той пары, як у іх там пачалося, як яго цягне туды да прыгожых песняў і мілых слоў аб пралітай госпадам крыві. Хадзіў туды часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Там вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца ў яго шыць і шые ўжо другую зіму. I ўсё намагаецца, блазен, перацягнуць яго ў сваю веру, перахрысціць у Нёмане, другі раз ад роду, цяпер ужо не голага, а ў сподніках. На сходах Лапінка чула падцягваў хору сваім бабскім голасам, слухаў пропаведзі і спадцішка глядзеў на ўсе бакі. Калі ж «веруючыя» станавіліся на калені і голасна, з прыплачам і хвараблівымі крыкамі, маліліся, па абраду заплюшчыўшы вочы, — Лапінка таксама закрываўся рукамі і ўкрадкай, праз пальцы, цікаваў на тое, як хто моліцца, асабліва калі «хрышчоныя духам» пачыналі балбатаць на «замежных мовах».
— Хай ужо госпад даруе, Алёшачка, — пачаў ён цяпер, смеючыся, — і грэх і смех! Пятруеь з Навасёлак, стары кавалер, рыжы, морду быццам куры падзюбалі, заплюшчыць вочы, закапыліцца, як табакі панюхаўшы, ды толькі адзімае: «А-фу-лэ!» Гэта ён з духам святым па-інастраннаму. А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя — шах-шалах, — халявы блішчаць, бах на калені… «Госпадзі! Ты благаваліў, о, што б я празрэў і навучаў народы, о-о, малю цібя». А гаворыць, як той прарок, зігзагамі ўсё, лукаткамі. Таксама з духам святым. А я сабе думаю: прайдзісвет, прайдзісвет! Забыўся ўжо, колькі ад цябе дзевак паплакала? А цяпер ты «празрэў і навучаеш народы». А хто ў Таццяны каноплі мочаныя ўкраў? Пагнаўся!.. А з бабамі, Алёшачка, яшчэ лепш. Марылька Гарцава — баба рабочая, што гадок, то й сынок. Эх, зажмурыцца, звядзе калені і зойдзецца: «Асаначка, Ісусічак мой, залаценькі!..»
— Ха-ха-ха, а ты, брат, той самы, цябе нішто не зменіць, — смяяўся госць. — Арціст, дальбог, арціст, шпіктакаль!..
— Смяецца, — гаварыла Марта, таксама рагочучы, — смяецца, трапло, а сам хутка будзе такі самы пярэхрыст, дальбог.
— А што ж, — згадзіўся Лапінка, — я таксама ўжо «брат прыбліжоны»… Чакаюць яны, чакаюць, пакуль я паверу ды хрысціцца пайду, а я ўжо чацвёрты гадок хаджу перадойкай. Раз, на сабранні, сяджу я ззаду, а брат Рапейка — прапаведнік, што быў у Амерыцы, — эх, толькі вочы пабліскваюць, поўны, харошы, — «брація, — кажа, — бліжэй сюды». Той брат, маленькі, з смірэнным відам, — бліжэй да сэрца гасподняга. «Прыйдзіце ка мне ўсе труждаючыяся і абрамянёныя..» Я гэта за шапку ды на самую першую лаўку. Гляджу: Настуля Кукобіна, багатырка на ўсю вёску, моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. А пасля — эх, паляцела — агы-ля!.. Ну і даваў жа ёй брат Рапейка па пер'і. Нельга, кажа, служыць адразу богу і мамоне!..
— Усім вам адна трасца, дальбог, — перапыніла Лапінку Марта, — маўчаў бы лепш.