Выбрать главу

Світала. Пад ботамі скрыпеў марозны снег. «Ух ты, якое гняздо!.. — уздыхнуў ён з палёгкай. — А мне толькі шкада было старой…»

4

«Брат Міша» адчыніў старыя, скрыпучыя дзверы і, прыгнуўшыся, увайшоў у Лапінкаву хату. Унёс з двара многа зімы: чырвоныя шчокі, і снег на ботах, і холаду — брр…

— Слава нашаму госпаду, — сказаў ён і пачаў рас-пранацца.

— Хай будзе слава яму вавекі, амін! — адказаў Лапінка і застыў, як певень пасля кукарэкаў.— Мішачка, брат ва Хрысце, якая дабрата разліваецца па душы, ажно сэрца ёкнула. Волас ад воласа аддзяляецца. А ты раней сёння, Мішачка.

— Нешта ж сёння і вы падняліся…

— Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі. Разам калісьці па гародах лазілі. Заехаў, дзякуй богу, не пагрэбаваў маім сіроцтвам, укусіць хлеба-солі!..

— Укусіць… Укусіць і пажаваць, — смяяўся госць, апранаючыся. — Смяешся толькі з усіх, а сам таксама навучыўся гаварыць няведама як, зігзагамі. Шляхціц!..

— Гэта не шляхецтва, Алёша. Тыя ўсё па-панску крывяцца, а я па святому пісанію. Гэтак, здаецца, і госпаду прыямней: соладка, мякка…

— Глынуў бы і так, па-нашаму… Ну, бывайце здаровенькі!..

Госць развітаўся і выйшаў. Хлопчыкі, Косцік і Шурка, выбеглі за ім пад'ехаць. Неўзабаве ён праехаў каля акон, скрыпучы палазамі, на вёску. Хлопчыкі, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу.

Лапінка, каб адвясці ад Косціка ўвагу «брата Мішы», запрапанаваў яму заспяваць што-колечы «на славу госпада».

— Якую? — спытаўся «брат Міша».

— Грэшнік, слушай ухом веры… — замест адказу зацягнуў Лапінка.

— А, сто дваццаць чацвёрты псалом. Ты яшчэ, бачыш, і не ведаеш. Глупства якое дык запомніў бы, нябось, — сказаў «брат Міша» і дагнаў Лапінку размашыстым скрыпучым голасам.

Лапінка спяваў, абмётваў дзірку на гузік і ўкрадкам цікаваў то на «брата Мішу», то на Косціка.

«Брат Міша» выцягаў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, спусціўшы галаву над работай. А Косцік апрануў бацькаў неданосак — куртачку, шапку, узяў з пячуркі рукавіцы і пайшоў. За ім — Шурка з сумачкай за плячыма. Лапінка цікнуў на «брата Мішу». Той не падняў галавы, спявае. Добра! Але вось Косцік вярнуўся з сяней і пацягнуў з-за печы пілу. Піла зазвінела, і… «брат Міша» падняў вочы, зморшчыўся і закруціў галавой…

Праспявалі. «Брат Міша» злосна маўчаў. Колькі надзеі паклаў ён на тое, што прывядзе нарэшце «к госпаду» гэтую «заблудшую авечку». А тут — зноў сатана не дрэмле. Косцік і ўчора і пазаўчора хадзіў у лес па чужыя дровы. Сын «прыбліжонага» чалавека, за сэрца якога кранула божае слова!.. Ён зірнуў на Лапінку. Той сядзеў чырвоны як рак. Пэўна, брыдка: каяўся і пазаўчора і ўчора. «А ўсё ж такі,— падумаў „брат Міша“, — можа, ён і раскаецца. „Не да сямі разоў дараваць брату свайму, да сяміжды сямідзесяці разоў“, — сказаў гасподзь. Вазьмуся я за яго, балазе Марты ў хаце няма…»

— Брат Канстанцін, — пачаў ён грозна, — лепш бы ты сам хадзіў красці лес, чым сына з дарогі збіваеш. Падумай, што ты адкажаш госпаду, калі станеш перад судом яго. Ці ж прыемна будзе ісці ў агонь вечны, угатаваны д'яблу і ангелам яго, падумай?..

— Ну, што ж я, бедны, зраблю? Што мс ты, Мішачка, зробіш з каханай бядою? Каб было як, не краў бы, дальбог! А так і тут гару і там агонь вечны… Дзе, кажа, варонс ні лятаць, — усюды г… дзяўбаць. Пацягаю смалы, што ты зробіш…

— Не багахульствуй, бязумец! Гасподзь не гэтае нам угатовіў. Кроў яго святая, пралітая за нас…

— Ды я ж веру, Мішачка, усім сэрцам, усім памышленнем маім…

— Мала гэтага: «вера без дел мертва». Ты паглядзі, са мною ўчора што было…

— Ну, Мішачка, ты ды не я, — перапыніў яго Лапінка. — У цябе і веры больш, і гаспадарка такая, ты і к госпаду бліжэй…

«Брат Міша» памаўчаў: дух заняло ад гордасці. Лапінка толькі з палёгкай уздыхнуў: думаў, канец. Але «брат Міша» сяк-так адглытаўся ад радасці і зноў пачаў:

— Ты павінен памятаць, што напісана «хто саблазніт едзінага ад мальгх сіл», дык яму, проста кажучы, лепш камень млынавы на шыю прывязаць ды ў бухту галавой…

Марта стаяла ў кухні за дзвярыма і прыслухоўвалася. I нарэшце яна не сцярпела. «Камень на шыю, майму Кастусю?..»

— Чаго ты прыстаў да яго як смала?! — затарахцела яна знячэўку, уваходзячы ў хату. — Добра, што сам ты жывы на неба паляціш, святы… А ён, калека, бедны чалавек. Мы дзень з алеем, а тыдзень — так галеем, а ты яму яшчэ камень на шыю, святы… За што? Я дзіця паслала, бо маё. Як захачу, так і будзе…

Яна была грозная, страшная са сваім чорным, растрэсеным чубам і вялікімі рэдкімі зубамі… Але адступаць было позна. I «брат Міша» паўстаў за «гасподняе слова».