Паілі козьліка малаком з бутэлькі, цераз соску. Угледзіць толькі — эх, бяжыць! Укленчыць і смокча, узяўшы соску на язык, толькі хвосьцікам падрыгвае. Вельмі-ж я любіў падражніцца зь ім гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной і мекае і тоўхаецца рожкамі ў калені!..
Падрос козьлік і вельмі-ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Ганяе яго цётка Марта і лаецца: «А каб цябе так ды гэтак!».
А дома ў нас панадзіўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам — раз, дзьверы таўхель, ськіне вечка з кубельца і чаў-чаў-чаў — есьць, толькі бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. «А каб цябе воўк заеў!» — лаецца мама. А ён забяжыць за вугол ды толькі бародку сваю высуне, цікуе. Век-жа ня будзеш стаяць, пойдзеш, а ён тады зноў — дэб, дэб — ідзе назад.
А хітры, хітры!
Зьбяруцца каля нас мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. А ён — тыц у тое кола із сваёй барадой, стаіць і слухае таксама. Я да яго з надворку ці з вакна:
— Эй ты, «вэтэрынар»!
А ён адвернецца — «ме-е-е!» — і слухае далей.
— Дайце вы яму, дзядзькі, закурыць! — крычу я, а мужчыны сьмяюцца. Нехта зачэпіць яго, ды ён толькі рогам штурхне і зноў слухае.
Ах ты, барадаты!
Тата паехаў да цёткі Марыі і прывёз назад нашага Жука.
Наша цётка — удава, жыве на водшыбе й вельмі-ж баіцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, і ён даў ёй Жука на ўсю зіму.
Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга ня мог супакоіцца, прызвычаіцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — «воў, воў, воў» — пачынае выць ад сумных думак.
Козьлік зь ім спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе ці лазіць па дварэ, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык і ня вылязе ніяк. Прыйдзе да Жукавай будкі, брэнькае, брэнькае па ёй рагамі, разбудзіць Жука, узлуе. Той толькі з будкі — «ррр!». Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаньнем, што Жук аднойчы ня стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Упяўся мой «вэтэрынар», аж вочы выпуліў, ды дзікім голасам — «Ме-е-е!»
— Ой, барада барада! — крычу я, бягучы ад хаты. Вызваліў яго ад Жука, а ён мне за гэта рогам ды пад бок. А пасьля разагнаўся, каб стукнуць, ды я сьхіліўся ўбок.
Біцца як навучыўся нягоднік! Мама несла ваду на каромысьле, а ён гэта ззаду падкраўся ды зьнячэўку як стукне ёй пад калені — ажно прысела і ваду разьліла. Каралі мы яго за гэта, а ўсяроўна не адвык.
Пасьля-ж яны з Жукам здружыліся так, што аж дзіва. Падыйдзе козьлік да будкі — брэн, брэн рагамі, а Жук спачатку толькі — «гррр!». А потым-такі раскатурхаецца, вылязе з будкі, панюхаюцца на прывітаньне і пайшлі гайсаць вакол двара! Палётаюць, нацешацца і да сенцаў. Стаяць абодва каля дзьвярэй, чакаюць, каб ім чаго далі. «Вэтэрынар» дык той проста прэцца ў хату ці ў кухню сам, а Жук толькі хвастом павільвае кажнаму, хто ні выйдзе. Гэты хоць трохі сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбіцца і ў будку; прынясеш есьці — твая ласка, а не — дык і так будзе спаць. А козьлік — ого!
І вось аднойчы яны раптам зьніклі абодва. Апоўдні толькі прыбягае Жук адзін. Віляе, віляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды ня можа.
— Дзе-ж ты, нягоднік стары, козьліка дзеў? — накінулася мама. — Скавычы вось цяпер, як сабака, адзін. Сорамна, цьфу!
І што-ж, Жук і праўда стуліўся, прыгорбіўся, быццам ад сораму, і моўчкі палез у будку.
Дзень няма козьліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён зьгінуў назаўсёды.
Аднак на другім ужо тыдні дачуваемся, што наш «вэтэрынар» жывы, што ён ажно ў Лядах — трэцяй вёсцы ад нас па дарозе да цёткі Марылі. Вось ліха — няўжо яны йшлі туды?..
Я гэта за кіёк і пайшоў у Ляды, кілёмэтраў зь пяць па гасьцінцы. Прышоў, іду па вёсцы. Хацеў толькі каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козьлік, ажно бачу: на нейчым дварэ, у садку, стаіць мой «вэтэрынар!» Стаіць пад яблыняй дыбка і ўсьпінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. А вокал яго дзеці.
— «Вэтэрынар!» — гукнуў я яшчэ ад варот. А ён — пазнаў, нябось, — «ме-е-е»! — і бяжыць мне насустрач.
— А што, паслухаў, схадзілі? У прочкі хацеў уцякаць!
А ён штурхель мне рагамі. Таксама хацеў-бы нешта сказаць ды ня можа.
Вышла з хаты жанчына, тая самая, мусіць, Янкава Стэпка, ды кажа:
— Гэта-ж я вось раненька вышла на вёску, а ён ляжыць на мастку і ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, відаць. Я гэта за рогі яго ды дахаты. А чорны сабака — таксама, мусіць, ваш — за мною «грр!». А я гэта хвартух расьперазала ды як махну на яго, дык ён і пабег ад мяне. Доўга круціўся каля нашай хаты, пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылі яго зь вёскі. А гэты, вось бачыш, прывык.