Выбрать главу

Я толькі хацеў спытацца ў бабы, чаму наш тата гэтак не зробіць, а тут бразь дзверы ў сенях — мачаха…

— Дзе ж гэта вы падзеліся?

— А мы, Зінка, тут, грземся з Косцікам.

— Грэ-ем-ся, — перакрывіла мачаха бабу. — Сені хаця замкнулі б, а то ўлезе хто ды абярэ. Абое рабое. Ідзеце замкнеце за мною. Не паснеце толькі, я хуценька.

I пайшла. Баба, крэхчучы, злезла, замкнула сені i зноў налезла да мяне.

— Падалася на вячэрнія памыі,— кажу я.

— A няўжо ж. Цяпер дай бог да поўначы. А той прыедзе, каб дровы скінуць памагла ці вары лыжку наліла, пагрэцца…

Баба яшчэ ўсё нешта мармытала. Мяне ж гэтак у сон кінула, гэтак змарыла… I я заснуў…

Прачнуўся я — нехта за нагу мяне тузае, будзіць: «Вячэраць ідзі!» Раскатурхаўся я трохі, паморгаў на агонь ды бачу: тата наш сядзіць за стал ом, перад ім стаіць міска капусты, толькі пара йдзе, а сам ён чырвоны, толькі вусікі тырчаць, як у прусака.

— Хадзі, Кастусь, павячэраем трохі.

Злез я з печы, за стол ды за лыжку. А баба прыгаворвае:

— На з хлебам, унучак, ды папоўніцы, каб рос хутчэй, тату на падмогу…

— А дзе ж Хіма? — пытаюся я з поўным ротам капусты.

А баба тоўх мяне: «Каб табе заняло!»

— Якая Хіма? — пытаецца тата.

— Ну наша. Тая, што, жнучы, багародзіцу сасніла.

I расказаў яму бабіну казку. Баба дык, здаецца, з'ела б мяне за гэта. А бацька рад, рагоча. Потым мачаха прыйшла з пацягушкаў, дык ён да яе:

— Ну, дзе ты, Хіма, была?

— Што за Хіма?

— Ну тая самая, што, жнучы, сасніла багародзіцу. За што ты Косціка біла? Я хадзяін свайму сыну, не смей распараджацца без мяне!

— На вось табе! Не пыталася i пытацца не буду!

— Замаўчы! Я сказаў: замаўчы!

А мачаха бац яму пад бараду. Ён, мусі, язык прыкусіў, бо аберуч хапіўся за мызу. А пасля i шчапіліся. Тузаўся, тузаўся тата, ніяк нічога не зробіць. А пасля мачаха рраз яго i верхам, i за горла! А я: «Урра!» на ўвесь свет.

Тата хрыпіць, i ўсё:

— Не, брат, не на та-го-о на-рва-ла-ся… гэта табе не з мамай, не з Ко-ось… хр… хрр…

А сам толькі ножкамі стрыжэ, адна босая, адна ў галошы.

— Каб цябе пярун! — расставіла баба рукі.— Ён дзеравякаў наварочаўся, а ты яго б'еш, каб цябе бог пабіў… Унучак, памагай!

I цягне мачаху за спадніцу. Я з ёю разам упяўся. А тая як не схопіцца ды да бабы! Тата на мачаху: «Не смей маю мамашу біць!» Мачаха бачыць, што крута — за качалку, што на палку ляжала, а я зноў: «Урра!!» Дала яна нам. Тату па мухаедах, бабе па руцэ, а мне дык па крыжы як узбабоўчыла — ледзьве хвост павалок…

Я сяк-так уступіўся, за каптаи ды ходу. Нa вуліцы зачапіўся за нешта ды аб зямлю. Гляджу — што за чорт? — адзін бот свой, a другі — татаў, вялікі. Абодва, ліха ім, левыя. «Ды не, — падумаў я, — не пайду больш у хату!..»

Вярнуўся я з вячоркаў позна. Прабую сені — замкяутыя. Я дзуб-дзуб у акно, ціхенька, раз i другі. Баба мне адамкнула. Мачаха нават дзверы лапатай падперла. Распранаюся я ды бачу: ляжыць Хіма адна на ложку, загуменнем на хату адвярнулася, а бацька на лаве прымасціўся. Абое спяць. Лёг i я.

Баба пацеры якраз гаварыла, а я ёй, стукаючы, усю музыку перабіў. Дык давай яна зноў.

Я ўжо на намяць ведаю ўсе яе гэтыя «ў агурцэ твае, госпадзі» i «часнага, жыватварашчага», толькі слухаючы, навучыўся. I тут чую, кажа яна:

«…Шастая не ўбі, сядзьмая не пралюбы сатвары, васьмая не ўкрадзі…»

Гэта як раз палавіна. Тады пойдзе «Верую», «Аччанаш», «Да васкрэсне бог» i «Настуля хрышчоная». Во, во, дайшла!..

«Я, Настуля хрышчоная, на свет божы пушчоная, лажуся спаць на гаснодніх тарах. Станавіцеся ўсе святыя па баках, матка боская ў галавах, a Ісус Хрыстос у нагах…»

«Ого, думаю, абгародзіцца, i Хіма з качалкай не далезе». А яна далей.

«…і стойце ад поўначы да свету i ад свету да веку. Ссай, ссай, ссай».

Распранулася i лезе да мяне, на «гасподнія горы».

— Баба, — шапчу я.

Маўчыць. А мяне проста пушыць ад смеху.

— Бабка! Ты гэтак хораша молішся, — навучыла б ты Хіму маліцца!

— Хай цябе, — хліпае баба, — хай цябе, унучак, сляпога водзяць, як ты мяне заўсёды падводзіш…

1942

ЦУДЫ Ў ХАЦІНЕ

Напрадвесні яшчэ ўсё то ля док, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаедца, a ступіш на зямлю — так i глядзі: зачэрпаеш лапцем гразі.

Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця i халоднае.