Выбрать главу

А мора шуміць…

Праз шум ягоны раз-пораз аднастайна лезе ў душу галашэнне сірэны — з далёкага, самотнага ў імглістай цемры маяка. Цягучы, сумны крык!.. Гэта не хоча паміраць наш порт, на які, як толькі стане днець, зноў абрынуцца бомбы. Гэта не хоча паміраць, наш акрываўлены, працярэблены смерцю гарнізон, — з усіх бакоў акружаны, яшчэ ўсё нязломны ў няроўным змаганні.

Яшчэ нядаўна рэкруты, — толькі паўгода таму назад, — цяпер, на трэцім тыдні вайны, мы ўжо салдаты, абстраляныя да той жывёльнай абыякавасці, з якой можна жаваць i спаць побач з трупам таварыша.

Час ад часу толькі ўстае перад вачыма воблік старое ў валенках i незашпіленым кажушку… Яна ўсё ідзе за саньмі, якія даўно… не паўгода, а цэлую вечнасць таму назад везлі цябе да першай чыгуначнай станцыі. Ідзе, спатыкаецца, нахілілася супраць ветру. Ужо не толькі слёз, але i твару яе не відаць. Не, ты бачыш цяпер i гэтыя слёзы, i гэты воблік — адзіны i непаўторны. Ты мацуешся, хочаш узняцца i ўздымаешся туды, дзе думкі пра фашызм, пра нашу справядлівую вайну, ды ён усё ж вяртаецца — гэты воблік… I вось ты без слоў, але з тугой, якая недаступна для гэтай самотнай сірэны ў імгле, ты крычыш, пратэстуеш усімі сіламі маладое душы. Польскі салдат, беларускі юнак, ты паўтараеш перадсмяротны крык твайго далёкага, даўняга сябра, героя гаршынаўскага апавядання, якое i ты калісьці чытаў: «Маці мая, дарагая мая! Вырвеш ты свае сівыя косы, ударышся галавой аб сцяну, праклянеш той дзень, калі нарадзіла мяне, у весь свет праклянеш, што выдумаў на пакуту людзям вайну!..»

На досвітку мы нечакана пайшлі ў наступление.

Ланцуг наш доўгі: направа — да мора, улева — да далягляду. Але ён рэдкі. Агонь лёгкіх гармат, які падтрымлівае нас, таксама рэдкі. Аднак i гэтае цёўканне падбадзёрвае. «Максім» расчлянёны: Філец нясе ствол, я згорбіўся пад станком з палазамі. Абапал — стралкі. Штыхі ix таксама не здаюцца бездапаможнымі. Нас не здзіўляе, здаецца, i тое, што вораг маўчыць. Падбадзёраны гэтым маўчаннем, наш порсткі прыгажун капрал Вайтыга крычыць, што ўвечары, псякрэў, мы будзем у Берліне!..

Ды што капрал!.. Мне ўспамінаецца міжволі каштан, камандзір нашай роты, салідны акулярысты сугней, яго прамова перад строем, напярэдадні баёў:

«Як будзем браць ix гарады — не напівацца!..»

Свае ракеты стрымліваюць наша левае крыло, выраўніваючы ўсю лінію наступлення. Тады відно, як хтосьці, стаўшы на адно калена, спешна хрысціцца, а хто, спусціўшы порткі, на кукішках, не менш нервова вызваляецца ад лішняга цяжару… Зноў ідзём. Гразнем у размоклай раллі, шалахцім бульбянікам, абарочваем мокрыя качаны капусты. Праходзім адну, другую вёску… Пустыя. За гародамі трэцяй кашубcкай вёскі — шырокі, нізкі луг. Рэдкія вербы. Тарфяныя ямы, поўныя вады. Пасвяцца каровы, — ix многа, i ходзяць вольна, без пастухоў.

Тут i канчаецца наш трыумфальны марш.

За лугам — вялікія ўзгоркі, на схіле якіх засеў у акопах вораг. Недзе адтуль на нас вось-вось абрынецца агонь артылерыі. Мы ляжым на мокрай траве. Нават лапаткі ёсць не ва ўсіх… Снарады топчуць нашу лінію некалькі доўгіх, бясконцых… мінут ці гадзін?.. Чуваць увесь ix шлях: ад гарматных ствалоў — па траекторыі — да выбуху. Адзін, другі… дваццаты… соты… Нячутна далятаюць i асабліва страшна разрываюцца «цяляты» марской артылерыі, да якой мы ніяк не прывыкнем. Раз-поразу чуваць, як урывана зараве, нібы ахне, працятая асколкам карова. Калі не ляжа адразу — зноў скубе… з нейкім жудасна мудрым, незразумелым спакоем. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву i час ад часу наслепа крычыць: «Агонь!» Я ляжу за вярбою, побач з якой — наш стары, узор 1908 года, станкач. Флегматычны Філец i цяпер, здаецца, спакойна выглядвае цэль. Зрэшты, гэта няцяжка, — у акопах немцы стаяць i ходзяць на поўны рост, што нам добра відаць i без бінокля.

На мокрым лузе побач з морам у нас няма нават i той перавагі над ворагам, якую аднойчы, — чытаў пра такое, — мелі над італа-фашыстамі абісінцы. Ветру няма, гэты луг не падпаліш, як афрыканскія джунглі, на ворага не пой дзе полымя. Толькі мы самі амаль такія ж бездапаможныя, як абісінцы…

Станкач наш дудзіць час ад часу, уздрыгвае, аддаючы апошнія патроны. Я ix таксама лічу, прапускаючы ў пальцах стужку. Капрал Вайтыга, не вымаючы носа з травы, зноў пытаецца: